Трэці аўторак верасня традыцыйна адзначаецца ў нашай краіне як Дзень міру. Мір – гэта важнейшая каштоўнасць для чалавецтва, якая дае магчымасць кожнаму спакойна жыць, працаваць, развіваць свае здольнасці, рэалізоўваць мары і імкненні.
У сённяшнім свеце то тут, то там успыхваюць лакальныя канфлікты, гінуць людзі, парушаецца мірнае і спакойнае жыццё. Тэракт 11 красавіка ў мінскім метро паказаў, што бяда і трагедыя можа здарыцца ў любы момант і ў любой краіне. Таму задача кожнага з нас – паклапаціцца пра тое, каб не дапусціць праяўлення экстрэмізму ў грамадстве, не даваць зараджацца ваенным канфліктам і захаваць мірнае жыццё для сябе і будучых пакаленняў.
Напярэдадні Дня міру я сустрэлася з А.У.Ігнатовіч, старшынёй Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага фонду міру – арганізацыі, якая мае непасрэднае дачыненне да захавання міру, узаемаразумення і згоды паміж людзьмі, прапагандуе і ператварае ў жыццё ідэі гуманізму, міласэрнасці і спачування.
Фонд не займаецца камерцыйнай дзейнасцю, а функцыянуе толькі за кошт добраахвотных ахвяраванняў.
Як паведаміла Алена Уладзіміраўна, за 8 месяцаў гэтага года сабрана звыш 14 мільёнаў рублёў. І гэтыя сродкі не залежваюцца на рахунку фонду, а накіроўваюцца на аказанне дапамогі тым людзям, якім яна неабходна. Ужо больш за 10 мільёнаў рублёў добраахвотных ахвяраванняў затрачана на аказанне матэрыяльнай дапамогі інвалідам, ветэранам, дзецям з малазабяспечаных сем’яў, на падтрымку адоранай моладзі і другія дабрачынныя праекты. З апошніх добрых спраў раённай арганізацыі Фонду міру яе старшыня называе набыццё люстэркаў для дзіцячага сацыяльнага прытулку, электрасокавыціскалкі для аддзялення дзённага прабывання інвалідаў у Цэнтры тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва, удзел у акцыі “Збяром школьны партфель” і іншыя.
Алена Ігнатовіч расказала, што з нагоды Дня міру ў навучальных установах раёна праходзіў Тыдзень міру “Нам гэты мір завешчана зберагчы”, у рамках якога праводзіліся інфармацыйныя гадзіны “Наш выбар – мірнае дзяцінства”, конкурсы дзіцячых малюнкаў на асфальце, выпускаліся тэматычныя школьныя газеты.
А для дарослых людзей Фонд міру праводзіць акцыю “Твары дабро!” па прыцягненню добраахвотных ахвяраванняў і спонсарскай дапамогі. Праўленне Фонду ўдзячна ўсім, каму не абыякава чужая бяда і хто гатовы прыйсці на дапамогу. А.У.Ігнатовіч просіць пералічваць добраахвотныя ахвяраванні на дабрачынны рахунак №3015204430053 у галаўным філіяле Белінвестбанка па Гродзенскай вобласці (код 705), УНП атрымальніка 500039510. Матэрыяльная падтрымка фонду будзе праяўленнем клопату кожнага з нас аб міры, пойдзе на рэалізацыю дабрачынных і міратворчых праектаў і праграмаў.
Ірына МІКЛАШ