2 лістапада ў Беларусі адзначаюць Дзень памяці – дзень успаміну памерлых продкаў

Лента новостей

Без мінулага няма будучыні

Першыя дні лістапада запрашаюць нас да рэфлексіі аб непасбежнасці пераходу з жыцця зямнога да вечнасці. Як аблятаюць у гэты час з дрэў апошнія лісткі, так і кожны чалавек, які прыйшоў у гэты свет, у сваю пару мусіць яго пакінуць. Кожнага з нас хвалюе непазбежнасць смерці, а таксама пытанне: што нас чакае з “другога боку”? Мы, хрысціяне, верым ва ўваскрэшанне памерлых і бачым у смерці  ўваход у жыццё вечнае. Менавіта гэта вера патрабуе ад нас з пашанай пахаваць памерлых і маліцца за тых, хто сышоў у іншы свет. І Дзень памяці, які адзначаецца 2 лістапада, – найлепшая нагода ўспомніць у малітве ўсіх тых, хто ўжо перакрочыў парог жыцця…

Традыцыя ўшанавання памерлых захоўваецца на Беларусі здаўна. У народным календары ў гэтыя дні спрадвеку святкаваліся Дзяды — урачыстасць, якая дайшла да нас яшчэ з дахрысцiянскіх часоў. Людзі верылі, што душы продкаў апускаюцца на зямлю, каб даведацца, як жывуць iх нашчадкі. Акрамя наведвання могілак, адным з абавязковых атрыбутаў з’яўлялася сямейная вячэра ў гонар продкаў, у час якой людзі маліліся, успаміналі дзядоў і клікалі іх да сябе на вячэру.

Цяпер у гэтым свяце аб’ядналіся праваслаўная і каталіцкая традыцыі памінання памерлых.

У каталіцкім Касцёле 1 лістапада адзначаецца ўрачыстасць Усіх Святых – у гэты дзень дзякуюць Богу за дар святасці і аддаюць пашану ўсім святым — як вядомым, так і невядомым. А ўжо 2 лістапада ўспамінаюць усіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, у гэты дзень прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.

Праваслаўная Царква ўшаноўвае памяць продкаў некалькі разоў у год, вясной і ўвосень. Аднак адной з галоўных урачыстасцей з’яўляецца Дзмітрыеўская бацькоўская субота. Праваслаўныя хрысціяне адзначаюць яе ў першую суботу перад 8 лістапада.

Згодна з устаноўленым звычаем, у гэтыя дні  прынята наведваць могілкі, у храмах і на месцах пахаванняў адбываюцца памінальныя службы і малітвы за памерлых.

Вядома, трэба абавязкова паклапаціцца аб тым, каб   перад днямі ўспаміну могілкі былі прыбраныя, прычым, навесці  парадак пажадана не толькі на месцах пахаванняў родных, але і на суседніх магілах, на якія ніхто ўжо не прыязджае. На могілках традыцыйна запальваюць свечкі і ставяць кветкі, але галоўны дар для тых, хто адышоў з гэтага свету, – малітва за супакой іх душ і памяць, якую мы захаваем аб іх у сваіх сэрцах, а затым перададзім дзецям і ўнукам. Нашы малітвы і памяць — тое, што мы можам даць памерлым блізкім як удзячнасць за сваё жыццё, за любоў да нас, за ўсё добрае, што яны зрабілі на зямлі, гэта жывая сувязь пакаленняў на парозе вечнасці. Уявіце толькі, колькі людзей дачыніліся да нашага з’яўлення на свет! Нашы бацькі, дзяды, прадзеды і прапрапрадзеды павінны былі нарадзіцца, сустрэцца, пакахаць, стварыць сем’і, даць жыццё сваім нашчадкам і адысці, саступіўшы месца новым пакаленням. Іх жыццё і смерць – мосцік  ад мінулага да будучыні і наш білет у гэты свет. Таму сёння святы абавязак кожнага з нас – аддаць даніну памяці памерлым продкам. І ў гэты дзень абавязкова трэба  прывесці на могілкі дзяцей і паказаць, дзе знаходзяцца карані роду і дрэва таксама  і  іхняга жыцця, каб і яны потым не забывалі пра нашы магілы.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *