Праз некалькі дзён мы будзем адзначаць Дзень памяці – час успаміну пра сваіх памерлых продкаў.
Традыцыя ўшанавання памерлых захоўваецца на Беларусі здаўна. У народным календары ў гэтыя дні спрадвеку святкаваліся Дзяды — урачыстасць, якая дайшла да нас яшчэ з дахрысцiянскіх часоў. Людзі верылі, што на Дзяды душы продкаў апускаюцца на зямлю, каб даведацца, як жывуць iх нашчадкі. Акрамя наведвання могілкаў, адным з абавязковых атрыбутаў гэтага дня з’яўлялася сямейная вячэра ў гонар продкаў, у час якой людзі маліліся, успаміналі дзядоў і клікалі іх да сябе на вячэру.
Цяпер у гэтым свяце аб’ядналіся праваслаўная і каталіцкая традыцыі памінання памерлых. У гэты дзень варта прыйсці ў храм, каб памянуць памерлых родных і блізкіх, пабываць на могілках, прынесці свечкі і кветкі, памаліцца за тых, хто адышоў у вечнасць.
У гэтыя дні абуджаецца не толькі наша памяць, але і аб’ядноўваецца род. Сем’і збіраюцца разам, каб наведаць могілкі і памаліцца за сваіх блізкіх. Гэта найлепшы час, каб перадаць памяць аб сваіх продках з пакалення ў пакаленне, расказаць дзецям і ўнукам, якімі былі іх дзяды і прадзеды, чым займаліся, як склаўся іх жыццёвы лёс. Памінанне продкаў з’яўляецца жывой сувяззю з імі, бо вядома, што пакуль жыве памяць аб чалавеку — чалавек таксама жыве ў нашых сэрцах.
Могілкі – гэта месца, дзе спачываюць нашы блізкія памерлыя. Часта ў штодзённых клопатах нам не хапае часу праведаць іх, памаліцца, успомніць добрым словам. Часта закінутымі і парослымі зеллем і бур’яном становяцца магілы сваякоў. У імклівым бегу часу не трэба забываць аб мімалётнасці жыцця, аб тым, што яно можа абарвацца ў любы момант і тыя, што сёння яшчэ жывуць, праз некаторы час ужо самі будуць чакаць, каб пра іх успомнілі ў малітве.
Таму наш святы абавязак у гэтыя дні – наведаць могілкі, навесці парадак на месцах пахавання сваіх блізкіх, а таксама і на тых закінутых магілках, якія знаходзяцца побач, магчыма, да іх ужо няма каму прыйсці.
Наша памяць – гэта тое, што мы можам даць нашым памерлым блізкім як удзячнасць за сваё жыццё, за любоў да нас, за ўсё добрае, што яны зрабілі на гэтай зямлі, гэта жывая сувязь пакаленняў на парозе вечнасці.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара