Наступае лістапад, калі католікі асаблівым чынам успамінаюць памерлых: выпамінкі ў касцёле, працэсія на могілкі. Самі таксама часцей наведваем могілкі, каб памаліцца за памерлых, паставіць свечку ці зніч.
Вельмі прыгожа і цудоўна маліцца за памерлых – гэта наш абавязак (і не толькі ў лістападзе, але круглы год!) і заданне! Праз малітву мы скарачаем час знаходжання ў чысцу для душ, якія там знаходзяцца. А яны потым на небе моляцца за нас. І гэта еднасць святых.
Але гэты час напружанай малітвы за памерлых таксама з’яўляецца для нас напамінам аб тым, што кожны з нас калі-небудзь памрэ — хоча ён гэтага ці не, мае шмат грошай ці мала. Ніхто з нас не можа сказаць: «Я яшчэ занадта малады, каб думаць аб смерці і да яе рыхтавацца!» А хто так думае, няхай пойдзе на могілкі і паглядзіць, колькі маладых там ляжыць – здавалася, што жыццё было перад імі, а так хутка яно абарвалася. Ці былі яны гатовыя да смерці? Я не ведаю. Я ведаю адно: кожны жывы чалавек павінен быць гатовы да смерці, а тым больш пажылыя і цяжка хворыя людзі. Вы спытаеце: «Як гэта зрабіць?»
Па-першае, трэба жыць у стане асвячаючай ласкі, гэта значыць, прымаць удзел у святой Імшы, асабліва па нядзелях, сістэматычна быць у споведзі (пажадана адзін раз у месяц, перад першай пятніцай!) і часта прымаць святую Камунію.
Як часта для нас, святароў, прыходзяць людзі ў справе пахавання каго-небудзь з блізкіх, хто ўжо даўно не быў у споведзі (а ўжо даволі доўга хварэў!), і кажуць: «Мы не думалі, што ён так хутка памрэ.» Альбо нас клічуць у дом да хворага ці ў бальніцу, калі ён ужо без прытомнасці. Але ж вельмі важна, каб перад смерцю чалавек быў у споведзі і прыняў святую Камунію.
Яшчэ адным пытаннем з’яўляецца малітва аб добрай смерці. У літургічнай песні, якую спяваюць у касцёле, ёсць такія словы: «Ад раптоўнай і нечаканай смерці збаў нас, Пане…» Так, трэба маліцца аб добрай, шчаслівай смерці, каб быць прыгатаваным і не памерці з цяжкім грахом на сумленні. А мы часта баімся такой малітвы, таму што не разумеем да канца яе важнасці, мы ўцякаем ад гэтага. Часам нават крыўдзімся, калі нехта кажа: «Маліся аб шчаслівай смерці». Але ж ад смерці мы не ўцячэм. Езус Хрыстос кажа: „…Я іду падрыхтаваць вам месца. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і вазьму вас да сябе, каб і вы былі, дзе Я. …Я ёсць шлях, ісціна і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца іначай, як толькі праз Мяне» (Ян 14, 1-6). Пан Езус хоча бачыць у небе кожнага чалавека, для ўсіх рыхтуе месца. Але чалавек у сваёй свабодзе выбірае: жыць з Богам ці без Яго. Пасля смерці чалавек паўстане перад Богам і сам сябе будзе судзіць: калі ў жыцці жыў з Богам, то і пасля смерці асудзіць сябе на неба; калі ў жыцці адкідваў Бога, то і пасля смерці асудзіць сябе на пекла!
Што ты выбераш: неба ці пекла? Гэта залежыць ад цябе! Толькі б ты добра падрыхтаваўся да смерці!
а.Анджэй Іадкоўскі, місіянер,
вікарый касцёла
Перамянення Пана г.п.В.Бераставіца