2 лістапада — Дзень памяці

Лента новостей

Другога лістапада — дзень, прысвечаны памерлым, якіх мы ў гэты дзень асабліва ўшаноўваем.
Гэта дзень, які заахвочвае жывых людзей да духоўнага кантакту з іншымі людзьмі – з жывымі або памерлымі.
Кветкі, лампадкі, свечкі ці вянкі важныя, але гэта толькі знешнія фактары, якія з’яўляюцца дапаможнымі. Найважнейшае — духоўны настрой, які дапамагае нам адпаведна перажыць гэты дзень. Менавіта ён дапаможа вам у гэтыя дні быць блізка духоўна нават да даўно памерлай асобы, чые астанкі ляжаць недзе далёка.
Гэта дзень памяці пра тых, хто адышоў, каго ўжо няма сярод нас. Наведваючы месцы апошняга спачынку, прыносячы лампадкі і свечкі, мы павінны задумацца аб мімалётнасці жыцця, успомніць пра тых, каго ўжо няма побач.. Могілкі з’яўляюцца месцам, дзе спачываюць нашы блізкія: бабулі і дзядулі, браты і сёстры, нашы бацькі, а таксама блізкія нашых сяброў. Іх мы таксама павінны ўшанаваць.
Дзень успаміну памерлых – гэта добры час для разважанняў над уласным жыццём, над мінулым, сучаснасцю і будучыняй. Гэта магчымасць успомніць былое, падзяліцца з блізкімі сваімі клопатамі, праблемамі і радасцю.
Кім быў блізкі нам чалавек? Ці дастаткова купіць кветкі, запаліць свечку і памаліцца, каб аддаць яму належную павагу? Можа, настаў час прысвяціць яму трохі больш часу? Дзень успаміну памерлых з’яўляецца запрашэннем да разважання, ён будзіць думкі аб тым, што гісторыя мінае, а яе трэба захаваць для нашчадкаў. Культ памяці памерлых членаў сям’і з’яўляецца добрым урокам для нашых дзяцей. Мы робім гэта для таго, каб і над нашай магілай некалі сустрэліся нашы дзеці, унукі, праўнукі, бо чалавек жыве да таго часу, пакуль жыве памяць аб ім.
Урачыстасць Усіх Святых адрозніваецца ад Дня ўспаміну памерлых. Але разам гэтыя дні нагадваюць нам праўду аб супольнасці Касцёла, якая аб’ядноўвае святых у небе, тых, хто пакутуе ў чыстцу, і тых, хто яшчэ жыве на зямлі. Сярод гэтых трох станаў Касцёла праз малітву, памяць або ахвяру ажыццяўляецца пастаянны абмен духоўных дабротаў, у якім і выражаецца еднасць святых.

а.Анджэй Іадкоўскі, вікарый, памочнік
настаяцеля касцёла Перамянення
Гасподняга г.п.В.Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *