“Душа народа – у родным слове”
Гэта свята праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Яго канцэпцыя прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным горадзе Полацку. Потым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы.
XIX Дзень беларускага пісьменства праходзіць ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці.
У рамках свята ўдзельнікі і госці могуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама па традыцыі на Дні беларускага пісьменства праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.
У нашым раёне гэтая дата па традыцыі адзначаецца ў школах у Дзень ведаў. У бібліятэках наладжваюцца адпаведныя кніжныя выставы, праходзяць сумесныя мерапрыемствы для школьнікаў, падчас якіх абавязкова ўзгадваецца гісторыя друкаванага слова і яго роля ў развіцці грамадства і беларускай культуры. У раённай цэнтральнай бібліятэцы, напрыклад, бу-дзе аб’яўлены Тыдзень беларускага пісьменства пад назвай “Душа народа– у родным слове”, які прадугледжвае правядзенне разнастайных па форме мера-прыемстваў, такіх як вусны каляндар “Светачы зямлі беларускай”, літаратурная лекцыя “Спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа – нацыянальны скарб”, мастацкае рандэву “ Мастацтва беларускай кнігі” і шэраг іншых.
Святлана Ганчарова