18 мая – Міжнародны дзень музеяў

Лента новостей

77Штогод тэма Дня музеяў выпрацоўваецца экспертнай сеткай Міжнароднага савета музеяў (ІКОМ). У гэтым годзе яна гучыць наступным чынам: «Музеі і ўстойлівае развіццё грамадства». Адным з галоўных выклікаў сучаснасці, з якім сутыкаецца грамадства ва ўсіх краінах свету, гэта неабходнасць спалучаць новыя спосабы жыцця і развіцця з інтарэсамі прыроды. Акрамя выканання сваіх непасрэдных задач сучасныя музеі павінны далучыцца да місіі распаўсюджвання дасведчанасці наведвальнікаў пра спосабы задавальнення патрэб грамадства, якія былі б больш эканомныя і менш шкодныя для навакольнага асяроддзя, больш адпавядалі духу супольнасці і выкарыстоўвалі рэсурсы з павагай ў адносінах да прыродных сістэм. Дзяржаўная установа культуры “Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы”, які быў адкрыты для наведвання 7 кастрычніка 2014 года, сваёй прыродазнаўчай дзейнасцю і адметнай, нават адзінай у сваім родзе, навуковай канцэпцыяй экспазіцыі адпавядае галоўнай ідэі Міжнароднага дня музеяў – вывучаць гісторыю роднага краю, берагчы яго непаўторную прыроду.

Музей Вавёркі прызваны выконваць сёння адразу некалькі задач. Гэта і выхаванне ў насельніцтва патрыятычных адносін да гістарычнага мінулага роднага краю, і імкненне зацікавіць наведвальнікаў пытаннямі геральдыкі, прадметамі даўніны, знойдзенымі на тэрыторыі раёна, і, што немалаважна, садзейнічанне экалагічнай граматнасці насельніцтва, развіццё гуманнага стаўлення чалавека да прыроды.
Экспазіцыя музея размешчана ў чатырох залах. Два з іх прысвечаны вавёрцы. Тут можна ўбачыць і жывога звярка – сімвала нашага мястэчка. Электрыфікаваная карта знаёміць з арыяламі пражывання разнастайных відаў вавёрак. У экспазіцыйных вітрынах, у прыватнасці, у дыяраме “Лес”, размешчаны чучалы птушак і звяроў. Ёсць і вітрыны з шуфлядамі, якія дазваляюць максімальна выкарыстоўваць экспазіцыйную плошчу і дэманстраваць кнігі, паштоўкі, маркі, манеты, цацкі і іншыя рэчы ў выглядзе вавёркі ці пра вавёрак. Другі пакой, дарэчы, можна выкарыстоўваць і ў якасці дэманстрацыйнай залы, паколькі ў ім устаноўлены плазменны экран. А трэці і чацвёрты пакоі прысвечаны непасрэдна гісторыі роднага краю, уладальнікам мястэчка Вялікая Бераставіца, знакамітым асобам, якія былі звязаны з Бераставіччынай. Асобныя стэнды прысвечаны Першай і Другой сусветным войнам. Акрамя гэтага, музейная экспазіцыя мае тэхнічную падтрымку для дэманстрацыі гукаў і галасоў, музыкі, лакальнага падсвятлення экспанатаў.
– За перыяд з часу адкрыцця музей наведалі каля 400 чалавек, – расказвае дырэктар “Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы” Аляксандр Галавач. – Праведзена ўжо звыш 20 экскурсій. Актыўна супрацоўнічаюць з музеем установы адукацыі. Пазнаёміць сваіх вучняў з гісторыяй роднага краю да нас прывозілі гімназія аг.Пагранічны, Масалянская СШ, Вялікаэйсмантаўская СШ, Пархімаўская БШ і іншыя. Нашы частыя госці – вучні Вялікабераставіцкай СШ. А зусім нядаўна ў музей завіталі кіяўляне. Яны прыехалі да сяброў у Гродна, а тыя, вырашыўшы здзівіць іх чым-небудзь незвычайным, прывезлі гасцей у Бераставіцу. І ніколькі не пашкадавалі. І сам музей, і праведзеная для іх экскурсія прыемна ўразілі ўкраінцаў. А самым шматлікім было наведванне музея гродзенскімі школьнікамі: 80 дзяцей з абласнога цэнтра прыязджалі да нас.
Акрамя аглядных экскурсій музейныя работнікі праводзяць тэматычныя заняткі, падчас якіх выкарыстоўваюць не толькі прадметы, прадстаўленыя на экспазіцыі, але і з музейных фондаў. Напрыклад, старшакласнікам прапаноўваюцца тэматычныя заняткі пад назвамі “Касакоўскія – апошнія ўладальнікі Вялікай Бераставіцы” і “Фатаграфічная спадчына Рамана Салаўя”. А малодшым школьнікам – “Бераставіччына літаратурная” і шэраг заняткаў прыродазнаўчага характару. Падчас семінара-практыкума для членаў абласной творчай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ў Музеі Вавёркі правялі тэматычныя заняткі на тэму “Развіццё кніжнасці на Бераставіччыне”. Дарэчы, “Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы” і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама распрацавалі і рэалізоўваюць сумесны праект пад назвай “Любі і знай радзімы край!”, у рамках якога на працягу 2015 года школьнікам раёна будуць прапанаваны разнастайныя аглядныя экскурсіі, тэматычныя заняткі, конкурсы, віктарыны, майстар-класы.
Сярод накірункаў дзейнасці музея асобна можна вылучыць выставачную дзейнасць. Супрацоўнікі Музея Вавёркі ўжо арганізавалі шэраг выстаў: дэманстравалі калядныя і навагоднія паштоўкі даўніх часоў, фотаздымкі выпускаў розных гадоў са школ раёна, велікодную інсталяцыю. На святкаванні 70-годдзя Вялікай Перамогі ў райцэнтры музейныя работнікі наладзілі перасоўную выязную выставу, прысвечаную перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якая, дарэчы, выклікала непадробны інтарэс у гасцей свята. Дапоўненая экспанатамі з фондаў выстава будзе дзейнічаць у музеі на працягу мая-чэрвеня.
Трэба адзначыць, што музей – гэта не толькі экскурсіі. Гэта яшчэ збор і апрацоўка экспанатаў. І ў Музеі Вавёркі ён вядзецца пастаянна. Музейных работнікаў цікавіць усё, што так ці інакш датычыцца нашага раёна. На самой справе, гістарычных упамінаў пра Бераставіччыну ці пра падзеі, якія адбываліся на нашай зямлі ў даўнія часы, вельмі мала. Таму працэс даследавання нашага рэгіёна і асвятлення невядомых старонак гісторыі роднага краю працягваецца.

Святлана Ганчарова,
фота аўтара

 

На здымку: (злева направа) старшы навуковы супрацоўнік Яўген Волкаў, захавальнік фондаў Анастасія Весялуха-Волкава, дырэктар музея Аляксандр Галавач, навуковы супрацоўнік Мікалай Пацэнка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *