18 мая — Міжнародны дзень музеяў

Лента новостей

Міжнародны дзень музеяў адзначаецца 18 мая больш чым у 150 краінах, пачынаючы з 1978 года. Прынята лічыць, што праз музеі грамадства выказвае сваё стаўленне да гісторыка-культурнай спадчыны, і з гэтым цяжка не пагадзіцца. Збіраючы і захоўваючы помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры, музеі вядуць вялікую навукова-асветніцкую і адукацыйна-выхаваўчую работу. Кожны год свята мае сваю пэўную тэму, прысвечаную пытанням музейнай дзейнасці. 2013 год пазначаны тэмай «Музеі (Памяць+Крэатыўнасць) = Сацыяльныя змены». Традыцыйнай таксама стала і акцыя “Ноч музеяў”, асноўная мэта якой – паказаць рэсурс, магчымасці, патэнцыял сучасных музеяў, прывабіць у іх моладзь. Як правіла, падчас правядзення гэтай акцыі, большасць музейных устаноў адкрыта для бясплатнага наведвання, у іх праходзяць розныя тэматычныя мерапрыемствы, рэалізуюцца цікавыя праекты і праграмы.
Для музейных работнікаў – гэта своеасаблівае прафесійнае свята. І сённяшняя мая гутарка з дырэктарам дзяржаўнай установы культуры «Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы» Аляксандрам ГАЛАВАЧОМ:
– Аляксандр Мікалаевіч, му­зей Вавёркі як самастой­ная ўстанова існуе са жніўня мінулага года. На якіх накі­рунках сканцэнтравана сёння дзейнасць калектыву? Якія задачы першачарговыя?
– Галоўная задача, якая стаіць сёння перад намі, гэта актыўная падрыхтоўка да адкрыцця музея для шырокага наведвання, якая запланавана на канец года. Завяршаецца работа па стварэнні праекта экспазіцыі музея, згодна з абранай канцэпцыяй. Займаюцца гэтай справай спецыялісты Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Вядзецца збор экспанатаў, апісанне прадметаў музейнага значэння і занясенне іх у асноўны або дапаможны фонды.
– Цікава, адкуль экспанаты трапляюць у музей?
– Большасць прадметаў па­ступіла ў наш збор у выніку музейных экспедыцый супрацоўнікаў па раёне, вобласці, рэспубліцы. Частка прадметаў набываецца ў калекцыянераў праз інтэрнэт-аукцыёны, а частка перадаецца жыхарамі раёна. У выніку экспедыцый толькі за апошнія некалькі месяцаў прыдбаны такія каштоўныя музейныя прадметы, як дываны падвоенага ткацтва – вельмі рэдкія для нашага раёна і вобласці. Іх перадала нашаму музею жыхарка вёскі Кудрычы Вікторыя Бажко.
Наладжана супрацоўніцтва з інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Па дамоўленасці з музеем археалогіі Акадэміі навук будуць дадаткова перададзены некаторыя археалагічныя экспанаты, знойдзеныя ў час раскопак у нашым раёне.
Паспяховым для музея стала супрацоўніцтва з консулам Манголіі і аташэ па культуры пасольства Кітая ў Беларусі. У мінулым годзе консулам Манголіі былі перададзены прадметы музейнага значэння, а ў красавіку, падчас творчай паездкі супрацоўнікаў музея ў г.Мінск, аташэ па культуры Кітая таксама перадала прадметы даўняга і сучаснага кітайскага побыту. Усе гэтыя рэчы будуць выкарыстаны пры стварэнні экспазіцыі, прысвечанай перыяду навуковай работы акадэміка Пецярбургскай Імператарскай акадэміі навук Восіпа Кавалеўскага ў Кітаі і Манголіі.
– Вядома, што галоўнай “гаспадыняй” музея будзе вавёрка? Раскрыйце, калі ласка, нашым чытачам сакрэт, як плануецца аформіць яе куток?
– Для лясной прыгажуні, сімвалічнай для нашай мясцовасці, будзе адведзены асобны музейны пакой. І ў ім “паселіцца” жывая вавёрка! Размесціцца тут і шэраг экспазіцыйных біягруп, дзе галоўнай зноў-такі будзе вавёрка. Наведвальнікі змогуць убачыць тут каля дваццаці чучал звяроў, птушак і яшчэ столькі ж – вавёркі. Акрамя гэтага ў экспазіцыі будуць прадстаўлены фотаздымкі, кнігі, маркі, паштоўкі, статуэткі, сувеніры, мяккія цацкі і шэраг іншых прадметаў, звязаных з гэтым звярком. А музейны падворак будзе ўпрыгожваць дэкаратыўная скульптура вавёркі з дрэва, якая цяпер вырабляецца.
– Добраўпарадкаваная, ужо ў кветках, тэрыторыя музея адпавядае прыгожаму будынку ўстановы. А чым яшчэ збіраецеся здзіўляць наведвальнікаў, акрамя статуі вавёркі?
– На газоне неўзабаве з’явіцца выява герба Бераставіцы, створаная ў дэкаратыўна-фларыстычным стылі. А на пляцоўцы музейнага падворка побач са скульптурай вавёркі будуць размешчаны экзатычныя расліны ў … сялянскіх чыгунках.
– Аляксандр Мікалаевіч, прадстаўце, калі ласка, сваіх калег.
– Другі год у музейнай справе Наталія Лапінская. Яна – галоўны захавальнік фондаў. Займаецца ўлікам экспанатаў, іх навуковым апісаннем, захаваннем і даследаваннем. Навуковы супрацоўнік Яўген Волкаў працуе нядаўна. У яго абавязкі ўваходзіць навукова-даследчая работа па гісторыі, культуры, прыродзе роднага краю, дзейнасць па зборы прадметаў музейнага значэння, а з адкрыццём музея – і правядзенне тэматычных экскурсій і іншых выхаваўча-асветніцкіх мерапрыемстваў. Маладыя людзі працуюць з энтузіязмам і адказнасцю. Значны ўклад у фарміраванне музейных фондаў унеслі ў свой час члены рабочай групы па стварэнні раённага краязнаўчага музея Мікалай Пацэнка, Іван Руткоўскі, Валянціна Лойка і Ганна Кажанеўская. Галоўнае ж, лічу, што нас усіх аб’ядноўвае, – гэта любоў да краязнаўства і гісторыі ўвогуле, жаданне захаваць для нашчадкаў нашу спадчыну, выхаваць у маладога пакалення гонар за сваю малую радзіму.
– Дзякуй, Аляксандр Мі­ка­лаевіч, за размову. З прафесійным святам вас і вашых калег.
– А я, у сваю чаргу, хачу па­віншаваць усіх жыхароў нашага раёна, неабыякавых да гісторыі роднага краю, з Міжнародным днём музеяў. Любіце і шануйце сваю гісторыю!
Гутарыла
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *