13 верасня Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя адзначае свой дзень нараджэння. Менавіта ў гэты дзень у 1990 годзе на X злёце піянераў Беларусі было заяўлена аб самастойнай дзейнасці піянерскай арганізацыі Беларусі, быў прыняты Статут, дэвіз і законы беларускіх піянераў. Ужо 22 гады БРПА працягвае лепшыя традыцыі савецкіх піянераў і развівае новыя праекты і ініцыятывы.
— На працягу 11-18 верасня, — расказвае старшыня раённага савета БРПА Таццяна Таберка, — у піянерскіх дружынах раёна праходзіць тэматычны Тыдзень пад дэвізам “Мы разам!”,
прысвечаны дню нараджэння Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. У яго рамках будзе праведзены шэраг мерапрыемстваў, якія накіраваны на тое, каб зацікавіць дзяцей і падлеткаў дзейнасцю піянерскай арганізацыі, прыцягнуць іх да актыўнага ўдзелу ў цікавых і патрэбных справах на карысць Айчыне і грамадству.
Свой дзень нараджэння піянеры Бераставіччыны адзначаць урачыстымі лінейкамі, тэматычнымі піянерскімі зборамі і класнымі гадзінамі, прысвечанымі гісторыі піянерскага руху. Пройдуць працоўныя акцыі, дэсанты па навядзенні парадку каля помнікаў і месцаў воінскіх пахаванняў, конкурсна — гульнявыя праграмы. Сярод найбольш цікавых мерапрыемстваў назаву гульню — падарожжа “Салют, Піянерыя!” (Вялікабераставіцкая СШ), конкурсна – гульнявую праграму “Стань, піянер, побач з сябрамі” (Старадварэцкі яслі-сад – БШ), піянерскі касцёр (гімназія аг.Пагранічны).
Ад імя раённага савета БРПА хачу павіншаваць з днём нараджэння Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі усіх сённяшніх піянераў, а таксама ветэранаў піянерскага руху і пажадаць ім заўсёды заставацца актыўнымі, ініцыятыўнымі, умець арганізоўваць і весці за сабой, быць першым ва ўсіх карысных пачынаннях.
Ірына МІКЛАШ