1 лістапада — Усіх Святых

Лента новостей

1 лістапада Касцёл урачыста ўспамінае Усіх Святых — вядомых і ананімных, старажытных і сучасных. У гэты дзень Касцёл радуецца таму, што многія з нашых памерлых атрымалі ўжо выратаванне і жыццё з Богам на нябёсах. І мы павінны памятаць, што ўрачыстасць Усіх Святых не з’яўляецца «святам мёртвых». Яна мае характар вельмі радасны, дарэчы, як і любое свята ў Касцёле.
Некаторыя імёны і біяграфіі святых добра вядомы, так як яны былі афіцыйна абвешчаныя такімі Касцёлам. Але колькасць святых настолькі вялікая, што немагчыма ведаць іх усіх. І калі на працягу года мы ўслаўляем асобных святых і благаславёных, такіх як Святыя апосталы Пётр і Павел, Святы Антоній, Святая Агата, дык у гэты дзень мы пакланяемся ўсім, хто ўжо дасягнуў вечнага шчасця быць з Богам на нябёсах. Касцёл успамінае не толькі тых, каго ведаем па імёнах, але і ўсіх памерлых вернікаў, якія дасягнулі ўжо збаўлення і знаходзяцца на нябёсах. Мы ўспамінаем іх, бо верым, што яны з’яўляюцца нашымі заступнікамі ў Бога і хочам браць з іх прыклад.
Дзень Усіх Святых нагадвае праўду аб усеагульным пакліканні да святасці. Кожны хрысціянін, незалежна ад канкрэтнай жыццёвай дарогі — будзь гэта святар, урач, вадзіцель, прадавец, цырульнік, чалавек, які жыве ў сям’і або адзін — пакліканы да святасці. Але мы павінны памятаць, што гэтага нельга дасягнуць толькі ўласнымі сіламі. Неабходна дапамога Божай ласкі, ці дар Божы. Таму што Бог заклікае да святасці ўсіх, кожнаму чалавеку дапамагае сваёй ласкай. Кожны з нас атрымаў дар выратавання, таму што Ісус Хрыстос прынёс ахвяру за ўсіх людзей. Але ад кожнага залежыць, у якой ступені ён прыме Божы дар святасці. Ці я, свабодны чалавек, хачу зрабіць гэта, ці прыму гэты дар ад Бога? Гэта залежыць канкрэтна ад мяне!
Як пачыналі ўспамінаць святых? Культ Усіх Святых пачаўся з ушанавання пакутнікаў. У гадавіны смерці, якія для хрысціян з’яўляюцца днём нара-джэння для неба, на магілах пакутнікаў адпраўлялі Эўхарыстыю і чыталі апісанне пакутніцтва. Памяць пра тых, хто крывёю пацвердзіў сваю веру, на пачатку хрысціянства вельмі беражліва захоўвалася. Кожная абшчына мела спіс сваіх пакутнікаў, якія праз факт пакутніцтва станавіліся блізкімі да Хрыста, таму іх заступніцтва набірала асаблівую моц. З часам у гэтыя лісты сталі дадаваць імёны не толькі пакутнікаў, але і іншых людзей, якія вызначыліся асаблівай святасцю. Першым святым, хто не быў пакутнікам, стаў памерлы ў 397 годзе біскуп Марцін Турскі. Першапачаткова свята адзначалася 13 мая. Пазней, у 731 годзе, Папа Рыгор III перанёс святкаванне на 1 лістапада.
У дзень Усіх Святых на могілках адбываецца жалобная працэсія. З другой паловы дня Усіх Святых і цэлы Дзень успаміну памерлых у касцёлах і кап-ліцах можна адзін раз атрымаць поўнае адпушчэнне грахоў. Яго можна атрымаць? Для сябе або за кагосьці з памерлых. Умовамі атрымання поўнага адпушчэння грахоў з’яўляюцца:
— набожнае наведванне касцёла або капліцы,
— споведзь і прыняцце Святой Камуніі,
— малітва за Святога Айца: «Ойча наш» і «Веру ў Бога». Таксама з 1 па 8 лістапада вы можаце атрымаць поўнае адпушчэнне грахоў за наведванне могілак. Гэта цудоўны дар Божы, і не трэба яго прапусціць.
Трэба таксама помніць аб так званым набажэнстве памінання памерлых, якое адбываецца на працягу лістапада ў касцёлах. Людзі пішуць імёны памерлых і падчас набажэнства святар з вернікамі моліцца за гэтых памерлых. У касцёле Перамянення Гасподняга г.п. Вялікая Бераставіца набажэнства памінання памерлых будзе праходзіць у 18.30 на працягу ўсяго лістапада.
а.Анджэй Іадкоўскі, вікарый, памочнік
настаяцеля касцёла Перамянення
Гасподняга г.п.В.Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *