“Беларуснафта” заўсёды дбае пра сваіх кліентаў

Актуально

Яшчэ не так далёкія ў памяці часы, калі шчаслівы ўладальнік асабістага легкавога аўтамабіля, якіх, дарэчы, тады было зусім нямнога, мог заправіць свайго “стальнога каня” толькі ў райцэнтры або ў бліжэйшых гарадах. Сёння карціна карэнным чынам змянілася. Адных толькі аўтазаправачных станцый, якія належаць вытворчаму аб’яднанню “Беларуснафта”, у нас у раёне налічваецца тры: у Вялікай Бераставіцы, Пагранічным і Алекшыцах.
Найбольшы аб’ём гаручага рэалізуецца на МАЗС №61, што непадалёку ад пасёлка Пагранічны. Яно і зразумела, бо станцыя гэта знаходзіцца на міжнароднай трасе, якая вядзе ў бок граніцы.
— За суткі мы прадаём тут у сярэднім каля 20 кубаметраў дызельнага паліва і бянзіну,- гаворыць майстар Ваўкавыскага філіяла РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Віктар Кулісевіч. – Лічба не малая,- працягвае ён, — але некалькі гадоў назад яна была значна большая. Адкрылася АЗС, якая належыць кампаніі “Лукойл”, хутка пачне працаваць побач з граніцай яшчэ адна заправачная станцыя. У кліентаў з’явілася больш выбару, і кожны з іх імкнецца заняць сваю нішу. Ёсць і ў нас нямала сталых кліентаў, нашых верных сяброў, не пабаюся гэтага слова, якія з першых дзён работы АЗС застаюцца з намі. Сярод іх – і нашы айчынныя перавозчыкі, і — некаторыя замежныя, як, напрыклад, вадзіцелі аўстрыйскай транспартнай фірмы “Schick”. І мы вельмі ўдзячны ім за гэта. Каб яшчэ больш заахвоціць кліентаў, наша вытворчае аб’яднанне “Беларуснафта” ў перыяд з 20 ліпеня па 31 жніўня праводзіла акцыю “Гарачае лета”, у ходзе якой пры запраўцы 30 літраў і болей саляркі або бянзіну давалася скідка на ўвесь аб’ём купленага паліва. Хачу таксама адзначыць, што і нашы работнікі прыкладваюць нямала намаганняў, каб задаволіць патрэбы кліентаў.
Разам з асноўным відам дзейнасці, як адзначыў Віктар Станіслававіч, у цэнтры ўвагі кіраўніцтва прадпрыемства і пытанні пашырэння спектра дадатковых паслуг. Добра зарэкамендаваў сябе гандаль спадарожнымі таварамі.
— І людзям зручна, і нам – даходы,- дадаў ён.- Так, на МАЗС №24 у Вялікай Бераставіцы ад рэалізацыі спадарожных тавараў атрымліваюць за месяц у сярэднім 100 мільёнаў рублёў. 15-17 мільёнаў складаюць даходы ад гэтага віду дзейнасці ў Пагранічным і амаль столькі ж у Алекшыцах.
Вельмі добра, што аўтамабілісты сёння на кожнай АЗС могуць набыць самыя неабходныя рэчы, такія як машыннае масла, антыфрыз, вадкасць для абмывання вокнаў, шыны і многае іншае. Дарэчы, цэны на тыя ж шыны або масла тут часта значна ніжэйшыя, чым недзе на рынку, ды і ў плане якасці, думаю, больш гарантыі. Наведаўшы бераставіцкую заправачную станцыю, можна вельмі зручна вырашыць яшчэ адну праблему. З дапамогай спецыяльнага абсталявання, якое размешчана побач на пляцоўцы, ёсць магчымасць праверыць ціск у шынах, а пры неабходнасці – падкачаць іх, прычым, бясплатна. Гэта паслуга карыстаецца вялікім попытам у кліентаў.
І яшчэ, што заўсёды заўважаеш, наведваючы нашы заправачныя станцыі, дык гэта чысціня і парадак на іх тэрыторыі. У летні перыяд рэгулярна падкошваецца трава, падфарбоўваюцца бардзюры, агароджы, і нават мінулай снежнай зімой ніколі не было праблем з пад’ездамі, снег аператыўна расчышчаўся.
Усё большую папулярнасць набывае такі від гаручага як звадкаваны газ. Ён мае нямала пераваг у параў-нанні з традыцыйнымі саляркай і бянзінам, у першую чаргу, дзякуючы значна ніжэйшай цане на яго. А за-правіцца гэтым відам паліва можна ў Пагранічным і ў Вялікай Бераста-віцы. У сярэднім яго рэалізуюць за суткі на гэтых МАЗС па аднаму кубаметру.
На ўсіх трох аўтазаправачных станцыях у Бераставіцкім раёне заняты больш за 30 чалавек. Усе яны, як адзначыў Віктар Кулісевіч, старанныя, добрасумленныя працаўнікі, таму кожны напярэдадні прафесійнага свята атрымае прэмію ў залежнасці ад стажу працы, а Марына Шэмет, аператар МАЗС №24, узнагароджана Граматай райвыканкама, Аляксандр Вайцешчык, (МАЗС №61) і Наталля Сямёнава (АЗС №28) атрымалі падзячныя пісьмы райвыканкама. Цёплыя словы ад кіраўніцтва давялося пачуць і ў адрас ветэрана бераставіцкай заправачнай станцыі Тамары Вялічка, аператара са шматгадовым стажам Наталлі Лазко. Застаецца толькі пажадаць людзям гэтай вельмі патрэбнай прафесіі ўсяго самага найлепшага, і, каб яны надалей сваёй працай прыносілі карысць і задавальненне сваім кліентам.
Сяргей ХІЛЮТА
На здымках: майстар АЗС Віктар Кулісевіч; аператары МАЗС №61 Аляксандр Вайцешчык і Таццяна Мамроўская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *