І тэхніка падрыхтавана, і людзі настроены працаваць

Лента новостей

Вясна – вельмі напружаная пара для аграрыяў раёна. Кожны дзень зараз дарагі. Да сяўбы ў гаспадарках рыхтуюцца загадзя. Захаванне сучасных тэхналогій – гэта той жа спрадвечны клопат пра зямлю. Калі ўсё рабіць па навуцы, можна спадзявацца на добрую аддачу. Працаваць на зямлі могуць людзі толькі добрасумленныя, іншых адносін да сябе яна проста “не церпіць”.
У СВК “Малабераставіцкі элітгас” у гэтым годзе пад яравую пшаніцу адведзена 200 гектараў, пад ячмень – 390, авёс – 60, грэчку – 50, кукурузу на зерне – 350. Больш, чым у мінулым годзе, пасеюць грэчкі і кукурузы.
На ўнясенні мінеральных угнаенняў у СВК “Малабераставіцкі элітгас” з самага лепшага боку паказвае сябе вопытны механізатар Валянцін Цяслоўскі – стаж яго работы ўжо каля 30 гадоў. Чалавек ён мясцовы, нарадзіўся ў вёсцы Вайцехаўшчына, застаўся на роднай зямлі, і да даручанай справы заўсёды ставіцца з душой. Прафесійную адукацыю атрымаў у тэхнікуме ў Навагрудку, таму ў сельскагаспадарчай працы добра разбіраецца, а веды яго ўзбагачаюцца трывалым вопытам. Работа гэтага чалавека заўсёды якасная. Норму на ўнясенні мінеральных угнаенняў механізатар кожны дзень перавыконвае. А уносіць іх на трактары МТЗ -1523 і агрэгаце РМУ – 8000. Дозы ўгнаенняў вызначаюцца камп’ютэрам. Гэта айчынная тэхніка. Чалавек ёю задаволены.
У той дзень, калі я прыехала ў гаспадарку, механізатары Алег Садаўнічы і Васіль Леська рыхтавалі да сяўбы энерганасычаны трактар Джон Дзір. Яны таксама людзі вопытныя, заўсёды стараюцца якасна зрабіць рамонт, каб тэхніка не падвяла ў гарачы час на полі. На сяўбе будуць задзейнічаны два трактары «Джон Дзір».
Азімыя культуры ў гэтым годзе добра перанеслі “капрызы надвор’я”, перасяваць іх не трэба. Для сяўбы ў СВК “Малабераставіцкі элітгас”, якая будзе весціся ў дзве змены, падрыхтавана выдатная імпартная тэхніка. Гэта два пасяўныя агрэгаты для збожжавых “Амазонэ” з захопам па 6 метраў, працаваць на якіх будуць адказныя механізатары Алег Садаўнічы і Валянцін Цяслоўскі, Васіль Леська і Павел Рабалюк.
Для перспектыўнай культуры – кукурузы і запатрабаванай – цукровых буракоў у СВК “Малабера-ставіцкі элітгас” падрыхтавалі імпартныя сеялкі “Монасем”. Захопліваюць яны таксама па 6 метраў і сяўбу можна правесці ў аптымальны тэрмін. Працаваць на іх будуць Валянцін Цяслоўскі і Анатоль Рабалюк.
Мікалай Шчарбінін у СВК “Малабераставіцкі элітгас” на пасадзе галоўнага інжынера ўжо 11 гадоў. Прыехаў на Бераставіччыну з Гомельшчыны пасля Чарнобыльскай аварыі, спачатку працаваў загадчыкам склада, затым загадчыкам машыннага двара. Адзначае, што за гэтыя гады працаваць стала значна лепш – гаспадарка набыла шмат сучаснай тэхнікі. Задаволены ён і калектывам – людзі стараюцца.
На здымках: Валянцін Цяслоўскі, Алег Садаўнічы і Васіль Леська, Мікалай Шчарбінін.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *