І тут, у глыбінцы, віруе жыццё

Лента новостей

Кожны чалавек—гэта цэлы сусвет, са сваімі законамі і правіламі, загадкамі і таямніцамі, спасцігаць якія так складана і, адначасова, так цікава. Мы, журналісты, у сілу сваёй прафесіі, шматлікіх сустрэч з людзьмі, мабыць, як ніхто іншы, можам гэта сцвярджаць. Кожнае знаёмства—адметнае, яно пакідае ў душы і ў памяці свой след. Асабліва яркі ён, гэты след, застаецца ад сустрэч з людзьмі творчымі, неардынарнымі, якія, нібы сонейка, выпраменьваюць святло, зараджаюць энергіяй. Якраз з такой кагорты людзей—загадчыца Пыхоўчыцкага Дома сацыяльна-культурных паслуг Рамуальда Іванаўна Пальяноўская. Прызнаюся, з гэтай абаяльнай, энергічнай жанчынай я хацела сустрэцца даўно. Сярод работнікаў культуры раёна, яна, нягледзячы на паважаны ўзрост, вызначаецца сваёй ініцыятыўнасцю, жаданнем тварыць, спасцігаць нешта новае для сябе і, як гэта не здасца дзіўным, вучыцца.

І вось я ў Пыхоўчыцах. Дарэчы, і нагода з’явілася: у пачатку новага года, а дакладней 5 студзеня, жанчына адзначыла свой юбілей. Хоць і са спазненнем, віншую Рамуальду Іванаўну з прайшоўшым днём нараджэння і за кубкам кавы са смачным хатнім пірагом, гасцінна прапанаванымі гаспадыняй, спяшаюся задаць пытанне, якое даўно цікавіць мяне:
— Як жа Вы, медыцынскі работнік, трапілі ў сферу культуры?
— Сапраўды, у кагосьці такая карэнная змена роду дзейнасці можа выклікаць здзіўленне. Усё ж такі ў сістэме аховы здароўя я адпрацавала 40 гадоў. Звыш 30 гадоў, да выхаду на пенсію, працавала старэйшай медсястрой Эйсмантаўскай участковай бальніцы. Аднак з творчасцю ва ўсіх яе праявах сябрую і крочу па жыцці з дзяцінства. Мясцовыя жыхары ведаюць мяне не толькі як медыцынскага работніка, але і як актыўнага ўдзельніка культурнага жыцця нашай акругі. Тым не менш, я доўга вагалася, калі мне прапанавалі ўзначаліць Дом сацыяльна-культурных паслуг (ДСКП) у Пыхоўчыцах. Але, падумаўшы, я знайшла шмат агульнага ў прафесіях медыка і культработніка. Лічу, галоўнае, што аб’ядноўвае іх, гэта адзіная сутнасць—прыносіць людзям дабро і радасць. Калі ў бальніцы я садзейнічала лячэнню захворванняў цялесных, то тут, наколькі магу, садзейнічаю “аздараўленню” душы. Сённяшняя мая работа, якой займаюся вось ужо тры гады, блізкая мне па сэрцы.
— Рамуальда Іванаўна, чым Вы захапляецеся? Да чаго найбольш  ляжыць душа?
— Мне падабаецца маляваць, займацца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, складаць вершы, байкі. Увогуле, мне здаецца, што вершаваным радком многае перадаецца больш ярка, эмацыянальна, шчыра. Пісала вершы яшчэ з дзяцінства, а цяпер, улічваючы напрамак дзейнасці, мая цяга да вершаскладання рэалізуецца ў поўнай меры—падчас падрыхтоўкі сцэнарыяў розных мерапрыемстваў, святаў абавязкова народзіцца нешта рыфмаванае. Вельмі люблю спяваць, ёсць у мяне і песні ўласнага сачынення. Увогуле, мне цікава ўсё, што звязана з творчасцю, са стварэннем прыгажосці. І кветкамі люблю займацца, і гатаваць нешта адметнае. А яшчэ—вельмі люблю людзей, люблю жывыя шчырыя зносіны і лічу, што мне па жыцці шчасціць на добрых сяброў і знаёмых, аднадумцаў.
— Ці не пра ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Прамень”, што дзейнічае пры Пыхоўчыцкім ДСКП, гаворыце?
— Безумоўна, у тым ліку і пра іх. Гэта людзі энергічныя, маладыя душой, аб’яднаныя агульным захапленнем—любоўю да народнай песні. Усе яны—таленавітыя, вясёлыя, арганізаваныя. З імі лёгка працаваць, наладжваць мерапрыемствы, таму што ім самім усё гэта падабаецца. І я вельмі б хацела назваць іх прозвішчы. Гэта Вацлава Вітольдаўна Пятэльчыц, Ганна Вітольдаўна Рожка, Рэгіна Браніславаўна Пальяноўская, Рамуальда Сцяпанаўна Глябовіч, Аляксандра Міхайлаўна Рабых, Лілія Аляксандраўна Рабава, Леанарда Людвікаўна Белаблоцкая і Станіслава Іванаўна Белаблоцкая, Генуэфа Антонаўна Заміроўская, Ванда Антонаўна Эйсмант, Вікторыя Лёнгінаўна Ігнатовіч, Любоў Уладзіміраўна Цярэшчанка, муж і жонка Тадэвуш Міхайлавіч і Алена Антонаўна Валіцкія, якія нядаўна прывезлі дыплом трэцяй ступені з абласнога агляду-конкурсу выканаўцаў размоўнага жанру, Ганна Іосіфаўна Міхаленка. Ганна Іосіфаўна, дарэчы, як намеснік старшыні СВК “Алекшыцы” па ідэалагічнай рабоце, трымае з намі цесную сувязь. І гаспадарка заўсёды дапамагае нам у рашэнні многіх пытанняў, пры арганізацыі розных мерапрыемстваў. Увогуле работа Пыхоўчыцкага ДСКП будуецца ў цесным узаемадзеянні з усімі зацікаўленымі мясцовымі структурамі і службамі.
— Сёння без такога ўзаемадзеяння немагчыма ўявіць сацыяльна-грамадскае жыццё на вёсцы. Аднак Ваша ўстанова культуры мае сваю спецыфіку.
— Так. Насельніцтва вёсак Пыхоўчыцы, Калеснікі, Муравана, М.Эйсманты, якія ўваходзяць у зону абслугоўвання Пыхоўчыцкага ДСКП,— гэта ў большасці сваёй людзі пенсійнага ўзросту, адзінокія, хворыя… І з гадамі праблем, звазаных са здароўем, бытавым і сацыяльным абслугоўваннем пажылых людзей, становіцца ўсё больш. Дык вось, стварэнне тут ў свой час Дома сацыяльна-культурных паслуг стала адной з найбольш зручных форм аказання дапамогі састарэлым вяскоўцам. Пры ДСКП створаны савет, членамі якога праводзяцца падворныя абходы з мэтай высвятлення патрэб вяскоўцаў. Падчас такіх абходаў, дарэчы, я прыношу і кнігі ўсім жадаючым пажылым чытачам. У нас нямала тых, хто любіць чытаць. Кожную апошнюю пятніцу месяца сюды прыязджаюць прадстаўнікі сацыяльных службаў з райцэнтра для вырашэння ўсіх узнікаючых пытанняў. Вельмі важна, што людзі не застаюцца без увагі. Дарэчы, у гэты дзень па традыцыі адбываецца і віншаванне імяніннікаў месяца з уручэннем ім паштовак і арганізацыяй “салодкага стала”. І кожнаму, безумоўна, вельмі прыемна, што пра яго памятаюць.
— Што новае ў сваю работу плануеце ўвесці сёлета?
— Хацелася б зрабіць акцэнт на сямейную творчасць, сямейнае майстэрства ў той ці іншай дзейнасці, каб “зварухнуць” да ўдзелу ў культурным жыцці сямейныя пары. І, канешне, буду працягваць работу з дзецьмі. Колькі ўнукаў і ўнучак прыязджае да бабуль і дзядуль падчас канікулаў, асабліва ўлетку! Ім не даводзіцца сумаваць. Дзеці з задавальненнем прыходзяць у ДСКП. Разам мы займаемся маляваннем, лепкай з пластыліну па шкле, саломкапляценнем, робім розныя “цуды” з паперы. Усё гэта можна ўбачыць на выставе дзіцячых вырабаў.
— Бачу, што творчых ідэй і задумак у Вас, Рамуальда Іванаўна, шмат. Жадаю, каб усе яны былі паспяхова рэалізаваны. І ўсё ж напрыканцы нашай размовы не магу не спытаць: у чым сакрэт Вашай энергічнасці, душэўнай маладосці?
— Я не ведаю. Магчыма, цяга да творчасці ў мяне—ад бацькоў. Мама хораша спявала, была выдатнай швачкай, прайшла яшчэ да замужжа школу “кройки и шитья” і шыла, перашывала для мяне і сясцёр цудоўныя сукенкі, шляпкі. Бацька па-майстэрску іграў на гармоніку. Усім нам, дзецям,— а нас было пяцёра—у рознай ступені перадалося штосьці ад бацькоў. І вось яшчэ што заўважыла па жыцці: вельмі важна не сядзець без справы, займацца тым, да чаго імкнецца душа, быць запатрабаваным людзьмі і адчуваць сябе карысным для іх.
— Дзякуй, Рамуальда Іванаўна, за гутарку. Моцнага здароўя Вам і рэалізацыі ўсіх задумак.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *