Шчодрая беларуская зямля на таленты. Інакш як можна патлумачыць той феномен, што менавіта тут, на гэтай зямлі, на пачатку мінулага стагоддзя з’явіліся і адразу ярка заззялі на паэтычным небасхіле дзве зоркі вялікіх паэтаў Беларусі – Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яны засеялі зерне праўды, любові, праніклі ў таямніцы народнай душы. Іх творчасць абуджае пачуццё нацыянальнай годнасці.
У Канюхоўскім яслях-садзе – сярэдняй школе праводзіўся шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 135-годдзя з дня нараджэння выдатных песняроў.
Вучнямі старэйшых класаў была наладжана выстава кніг “Жывая класіка”, аформлены стэнд “І сёння з намі Колас і Купала…”.
Для вучняў 3-5 класаў быў праведзены вусны часопіс “Колас і Купала – гонар і сумленне нацыі”. “Гартаючы” старонкі вуснага часопіса (“Жыццёвыя пуцявіны”, “Родныя вобразы ў творчасці паэтаў”, “Літаратурныя гульні”), вучні пашырылі свае веды пра жыццёвы і творчы шлях паэтаў. Апынуцца ў атмасферы пачатку ХХ стагоддзя дапамаглі інсцэніроўкі эпізодаў з жыцця класікаў.
Вучні 5-8 класаў з задавальненнем прынялі ўдзел у фестывалі дзіцячых малюнкаў “Мой родны кут, як ты мне мілы…” па творах паэтаў. На конкурс было прадстаўлена 18 работ. Перамогу атрымала вучаніца 8 класа Аляксандра Прохар, якая стварыла серыю малюнкаў да верша Янкі Купалы “Спадчына”. ІІ месца было прысуджана вучню 6 класа Арсенію Юрасіку за ілюстрацыю да байкі Якуба Коласа “Конь і сабака” і ІІІ – вучаніцы 6 класа Віялеце Дзямідзік (ілюстрацыя да паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”).
Вучні 9-11 класаў прынялі ўдзел у конкурсе прэзентацый “Купала і Колас”. І месца заняла Анжэліка Панасевіч, ІІ – Ілья Цяляхавец, ІІІ – Уладзіслаў Капіца.
Дзеці мелі магчымасць здзейсніць віртуальнае падарожжа ў “Музей Якуба Коласа” і завочную экскурсію “Янка Купала і Мінск”. Святочны настрой мерапрыемствам прыдалі песні на словы Коласа і Купалы.
Беларусы берагуць і шануюць спадчыну народных паэтаў Беларусі. Сакрэт іх неўміручасці заключаецца ў незвычайнай, шчырай адданасці роднай зямлі, вялікай пранікнёнай любові да матчынага слова, глыбокай веры ў магутныя духоўныя сілы свайго народа.
Вучні нашай школы з гонарам могуць сказаць: “І сёння з намі Колас і Купала”.
Алена Кажанеўская, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Канюхоўскага ясляў-сада – сярэдняй школы