І няхай памятаюць пакаленні

Лента новостей

87Самай вялікай бядой для ўсіх цывілізацый і народаў заўсёды былі войны. Наша беларуская зямля не раз станавілася арэнай крывавых канфліктаў. Незвычайная ў гісторыі па маштабах і жорсткасці, Вялікая Айчынная вайна завяршылася Вялікай Перамогай 70 гадоў таму.
Шанц дакрануцца да гісторыі, стаць сведкам ваенных падзей заўсёды маюць вучні і выхаванцы Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы. Гэтую магчымасць дае ім школьны краязнаўчы музей. Ён стаў сховішчам каштоўных прадметных і дакументальных матэрыялаў, якія адлюстроўваюць гісторыю Макаравецкага сельскага Савета. Ён носіць назву “Музей гісторыі роднай вёскі” і быў створаны ў 1986 годзе.
Адной з найбольш актуальных задач музея, як цэнтра выхаваўчай работы, з’яўляецца выхаванне грамадзяніна, патрыёта Радзімы, гаспадара сваёй зямлі, адказнага за вынікі ўласнай працы і за лёс усёй краіны. Да­дзеным мэтам найбольш адпавядае раздзел музея “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”. Гераічныя прыклады абароны сваёй Радзімы, гатоўнасці ахвяраваць дзеля яе жыццём знаходзяць школьнікі ў трох экспазіцыях: “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Германскі акупацыйны рэжым”, “Партызанскі і падпольны рух на тэрыторыі нашай мясцовасці”, “Жыхары Макаравецкага сельскага савета ў радах Чырвонай Арміі”.
Экспазіцыі дапамагаюць пра­­ана­лізаваць падзеі пачатковага перыяду вайны, якія прывялі да акупацыі тэрыторыі Бераставіцкага раёна; паказаць жорсткасць акупацыйнага рэжыму на прыкладах лёсу землякоў, якія трапілі пад акупацыю; выявіць асаблівасці партызанскага і падпольнага руху і ролю ўдзелу ў ім мясцовых жыхароў; расказаць аб земляках, якія абаранялі Радзіму.
Фляга і кацялок, артылерыйскія гільзы і мінамётныя снарады, ствол і затвор вінтоўкі, ліхтарык і пісталет, пашпарт жыхара вёскі Пяцельчыцы перыяду акупацыі (1943 г.), ксеракопія пасведчання вязня фашысцкага канцлагера Ф.А. Колас даюць навучэнцам магчымасць узнавіць карціну жыцця іх землякоў у перыяд акупацыі, усвядоміць матывы, якія падымалі ўвесь народ на барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
На базе музея рэгулярна практыкуецца правядзенне ўрокаў гісторыі, беларускай літаратуры, краязнаўства з прыцягненнем яго экспазіцый, асобных дакументаў, фотаздымкаў, экспанатаў. Выка­рыстоў­ваюцца музейныя фонды і для падрыхтоўкі дакладаў, рэфератаў, правядзення круглых сталоў, дыспутаў. У гэтым навучальным годзе матэрыялы музея былі ўдала выкарыстаны Кацярынай Болбат, вучаніцай 11 класа, для напісання даследчай працы па тэме “Вялікая Айчына вайна ў лёсе маіх землякоў”, Веранікай Аўдзей (11 клас) для напісання эсэ “Партрэт ветэрана”, Эльвірай Бандаровіч (10 клас) для напісання рэферата “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Акупацыйны рэжым”, Анастасіяй Мартыш (9 клас) для напісання сачынення “Партызанскімі тропамі сцежкамі Беларусі”. Была праве­дзена канферэнцыя “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”, якая дазволіла распрацаваць рознаўзроставыя тэматычныя экскурсіі, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі.
Мы павінны лічыцца з тымі ўрокамі, якія дае нам гісторыя. Важна, каб Вялікая Перамога лягла ў аснову выхавання маладога пакалення. Яна вартая таго, каб мы ёй ганарыліся, і аб’ядноўвае нас на шляху да лепшай будучыні. Вынікі і ўрокі Вялікай Айчыннай вайны накіраваны не толькі ў мінулае. Сучаснае палітычнае становішча ў свеце паказвае, што не ўсведамляюць нашы сучаснікі ўсіх жахаў вайны, не жадаюць вучыцца на памылках мінулых пакаленняў. Гэта знаходзіць сваё адлюстраванне ў развязванні лакальных войнаў, міжнародным тэрарызме, прапагандзе культу насілля і нажывы. Менавіта таму сёння неабходна прыкласці ўсе намаганні для абуджэння цікавасці да вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, на што і накіравана праца нашага школьнага краязнаўчага музея.
Алена Панкевіч,
дырэктар музея, настаўнік гісторыі Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *