На камунальным вытворчым унітарным прадпрыемстве “Бераставіцкая сельгастэхніка” аб’ём вытворчасці, работ і паслуг з пачатку года ў грашовым эквіваленце склаў 6 мільярдаў 998 мільёнаў рублёў. План выкананы поўнасцю. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года добра папрацавала рамонтная майстэрня – рост работ дасягнуў 119,4 працэнта. На ўчастку станцыі дыягностыкі такі паказчык – 118 працэнтаў, на ўчастку аўтатранспарту – 110,9. З пачатку года на станцыі дыягностыкі праверана 4200 адзінак транспартных сродкаў. Сельгаскааператывам кожны год аказваюцца транспартныя паслугі ў час уборкі. Зараз вадзіцелі дапамагаюць адвозіць цукровыя буракі.
У “Бераставіцкай сельгастэхніцы” выконваецца немалы спектр работ. Тут аказваюцца паслугі па выгрузцы мінеральных угнаенняў, на складах захоўваецца рапс. У гаспадарках правапнавалі 1000 гектараў кіслай глебы. Нядаўна ўкаранілі яшчэ адзін новы від работ – прамыўку і даследаванне сістэм унутранага і вонкавага цеплазабеспячэння.
Прыбытак ад вытворчай дзейнасці з пачатку года дасягнуў 252 мільёнаў рублёў. Сярэднямесячны заробак у працаўнікоў зараз прыкладна 4 мільёны рублёў.
Мне давялося пагутарыць з некаторымі працаўнікамі. Слесары Анатолій Ульянаў і Сяргей Шкіруць (на здымку) лінейна-мантажнага ўчастка заслужылі шчырую павагу ў калектыве, гэта “моцнае звяно” калектыву. Яны займаюцца манціраваннем стойлавага абсталявання на малочнатаварных комплексах і фермах. Зараз “Бераставіцкая сельгастэхніка” выконвае такія работы ў СВК імя Варанецкага.
— З металам працаваць няпроста, — расказалі слесары пра сваю паўсядзённую работу. – Тут патрэбны ўмелыя рукі, увішнасць.
— А ці шмат часу трэба, каб зманціраваць такое абсталяванне на ферме?
— Наша праца залежыць не толькі ад нас, але і ад шэрагу іншых людзей. У нас як канвеер. Калі людзі своечасова выканалі сваю справу, напрыклад, забетанавалі патрэбную пляцоўку, дык мантаж зойме месяца паўтара – два.
У полі зроку заўсёды якасць работ. На зманціраванае абсталяванне люба глянуць. І метал любіць клапатлівыя рукі.
Ніна Наддэ,
фота аўтара