І вырашылі пабудаваць новы храм…

Из истории земли Берестовицкой Культура

Праз некалькі месяцаў, а, менавіта, у лістападзе, споўніцца 140 гадоў Алекшыцкай царкве. Аб гісторыі пабудовы гэтага праваслаўнага храма ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы, аб людзях, якіх ужо даўно няма ў жывых, а справа іх рук, душы і сэрца радуе і будзе радаваць многія пакаленні іх нашчадкаў, і будзе наш аповед.

А пачыналася ўсё вясной 1864 года. 22 мая ў будынку Губернскага Праўлення адбылося першае пасяджэнне Часовага Губернскага Камітэта па будаўніцтве праваслаўных цэркваў у Гродзенскай губерні. Было вырашана стварыць у кожным павеце павятовыя Камітэты па будаўніцтве праваслаўных цэркваў і абавязаць іх на працягу 1864 года правесці абследаванне ўсіх праваслаўных храмаў і распрацаваць праекты на іх рамонт ці на пабудову новых храмаў, калі існуючыя знаходзяцца ў непрыгодным стане.
28 верасня губернская камісія ў складзе Старшыні павятовага Камітэта па будаўніцтве праваслаўных храмаў генерал-маёра Прасолава, Пратаірэя Гродзенскага сабора Антонія Шамеціла, губернскага архітэктара І.Міхаэліса, павятовага спраўніка і ўчастковага чыноўніка наведалі Алекшыцы і абследавалі мясцовую царкву і парафіяльныя будынкі, якія адносяцца да яе. Камісія ўстанавіла (на мове дакумента):
“…Деревянная церковь совершенно ветхая, находится в поле в 1 1/2 верстах за селением и в 2-ух верстах от почтового тракта…
…Иконостас оказался ветхий, простой работы, … старинной формы, почему и следует сделать новый…
…Прихожан считается мужского пола 555 и женского 578, а всего 1133 душ…
…По освидетельствовании приходских строений, где проживает священник и церковный причт, оказалось: в доме священника надо нижние ветхие венцы заменить новыми и полы сделать новые. В доме для дьячка, просфирни нижние венцы ветхие также заменить новыми; полы, 3-ое дверей, 4-е окна новые сделать. Для пономаря новый дом построить, для дьячка новые скотный и хлебный сараи и усадьбу отгородить…”
Члены камісіі сустрэліся з парафіянамі, якія выказалі пажаданне, каб царква была каменная і пабудавана бліжэй да вёскі. Яны, у сваю чаргу, абяцалі прымаць актыўны ўдзел у падвозе будаўнічых матэрыялаў (камення, пяску, жвіру, вады), выдзяляць на будаўніцтва неабходную колькасць чорнарабочых і фурманак.
Павятовы Камітэт па будаўніцтве цэркваў прыняў рэкамендацыю будаваць “новый храм при самом почтовом тракте на виду проезжающих близ почтовой станции”. Камітэт даручыў архітэктару І.Міхаэлісу распрацаваць праект і скласці каштарыс выдаткаў на будаўніцтва каменнай царквы і асобна – на рамонт дома для свяшчэнніка, рамонт і будаўніцтва жылых і гаспадарчых пабудоў для іншых служыцеляў царквы.
На будаўніцтва храма было прадугледжана выкарыстаць 17 519 штук цэглы, 143 квадратных сажні “листового железа на покрытие шпиля, главы и 4 крестов” і гэтак далей.
Зазначым яшчэ раз, што ў Алекшыцах быў храм, пабудаваны з дрэва, які знаходзіўся, па некаторых звестках, за в. Жукевічы, па іншых – недалёка ад панскага маёнтка. Гісторыя папярэдняга Алекшыцкага храма звязана з імем Ганны Міхайлаўны Масальскай, якая ў 1620 годзе завяшчала яму “сумы пенезен на церковь заложения Илии Пророка в ымении Олексичах у повете Городенском лежачее, где их милость панове родичи мои в церкови лежат”.
20 студзеня 1865 года ў Алекшыцы выязджала яшчэ раз камісія на чале з архітэктарам І.Міхаэлісам для выбару канкрэтнага месца пад будаўніцтва новай царквы. “Место избрано в самом углу, где соединились дороги из Волковыска на Гродно и на местечко Великая Берестовица. Требуется земли под церковь и погост 30 саженей направления к востоку и шириною 20 сажней. Этот участок состоит частью из помещичьей, частью из крестьянской земли. Но сколько чьей вычислить невозможно, так как все земли покрыты снегом… ”. План участка на размяшчэнне царквы вырашана ўзгадніць з Гродзенскім Губернатарам і Епіскапам Ігнаціем.
Здавалася б, месца выбрана для пабудовы храма ля скрыжавання дарог вельмі ўдала, але гэта з пазіцый сённяшняга дня. А ў той час рашэнне Гродзенскай камісіі не задаволіла некаторых мясцовых жыхароў.
27 студзеня на імя Гродзенскага Губернатара паступіла прашэнне ад членаў царкоўнага Камітэта Алекшыцкай царквы Якава Кажухоўскага, Івана Радзевіча і Мікалая Бароўскага, якія, па даручэнні парафіян, хадайнічалі аб іншым месцы для пабудовы царквы: “… там, где лет восемьдесят, а может и больше тому существовала древняя православная церковь. Но время стёрло на земле её след … , а только предание ещё живёт в народе … Местность, которую указывают люди, самая великолепная … Это для наших прихожан будет бесценная память и утешение, что столько лет почти забытая старина …, как бы в награду достанется им, которую они и их дети сумеют оценить …”
Месца, аб якім ідзе гаворка ў дакуменце, нам не ўдалося ўстанавіць. Але само прашэнне ў тым, цяпер далёкім 1865 годзе, не было пакінута без увагі.
Тэрмінова збіраецца Гродзенскі павятовы Камітэт, каб разгледзець абгрунтаванне алекшыцкіх парафіян. Тлумачэнні даваў Стацкі Саветнік, Губернскі архітэктар І.Міхаэліс. Архітэктар у сваім выступленні адзначыў, што на ўчастку, які прапануюць пад храм члены царкоўнага Савета, балоцісты грунт, а, значыцца, пад фундамент каменнага будынка царквы прыйдзецца забіваць слупы, а гэта абыдзецца больш за тысячу рублёў.
Па-другое, будынак царквы будзе засланяцца будынкам паме-шчыцкага маёнтка і дрэвамі, якія растуць навокал яго. А пры пабудове цэркваў, асабліва за казённы кошт, рэкамендавана іх будаваць на відным месцы, ды і самі прыхаджане падчас паездкі камісіі 20 студзеня ў Алекшыцы адобрылі месца, абранае пад царкву.
Па-трэцяе, паколькі той участак балоцісты, таму ўвосень і вясной, а таксама і летам пасля дажджу дабрацца парафіянам да царквы будзе складана, асабліва ў сялянскім абутку…
Камітэт прыняў рашэнне: першапачатковае месца выбрана камісіяй правільна, з улікам асаблівасцей грунту, кліматычных умоў і навакольнага асяроддзя.
* * *
У той час, калі не было будаўнічай тэхнікі, ды што там будаўнічай – з Алекшыц да Гродна на казённай паштовай фурманцы прыходзілася ехаць добрага паўдня, а калі на мужыцкай калымазе – так і цэлы дзень – будаваць такія вялікія каменныя храмы было вельмі няпроста. Уся работа па арганізацыі будоўлі, нарыхтоўцы і дастаўцы матэрыялаў, пошуку спецыялістаў, арганізацыя работы чорнарабочых, якія па чарзе па некалькі дзён выходзілі на працу, словам, уся арганізацыйная работа па матэрыяльным забеспячэнні і своечасовым фінансаванні ўскладвалася на царкоўны Савет і ў першую чаргу — на свяшчэнніка. Зазначым, што ў царкоўным Савеце Алекшыцкай царквы, па ўсім відаць, людзі сабраліся з добрай хваткай, энергічныя і вопытныя. І са свяшчэннікам пашанцавала алекшыцкім парафіянам. Ім быў Антоній Кавалеўскі – чалавек мудры і настойлівы, які служыў свя-шчэннікам у мясцовай царкве больш за 40 гадоў, з 1824 года.

(Працяг. Пачатак у №65)
Нягледзячы на спрэчкі наконт месца для пабудовы царквы ўжо 29 студзеня 1865 года дэлегацыя царкоўнага Савета ў складзе Івана Сямёнавіча Радзевіча, Івана Фёдаравіча Улейчыка і свяшчэнніка Антонія Кавалеўскага была ў Гродна.
Царкоўны Савет Алекшыцкай праваслаўнай царквы і свяшчэннік Антоній Кавалеўскі звярнуліся з прашэннем да “Его Превосходительства господина Председателя Гродненского Уездного Комитета по сооружению православных церквей генерал-майора Просолова:
— Мы считаем выгодным в настоящее время свезти известь и строевое дерево, на что имеем честь просить ассигновать две тысячи рублей серебром…”.
А 30 студзеня свяшчэннік Алекшыцкай царквы Антоній Кавалеўскі атрымаў на будаўніцтва царквы “1000 рублей серебром и тетрадь приходов и расходов, шнурованную, за печатью казначейства…”
17 лютага старшыня Павятовага Камітэта па будаўніцтву цэркваў генерал-маёр Прасолаў даў пісьмовае распараджэнне Гро-дзенскаму павятоваму спраўніку падключыцца да пошуку лесаматэрыялаў на будаўніцтва Алекшыцкай царквы, з якімі на Бераставіччыне заўсёды была праблема. А лясы, як вядома, тады былі ўласнасцю памешчыкаў, а больш буйныя – уласнасцю дзяржавы.
24 лютага спраўнік ужо дакладваў у павятовы Камітэт, што пасля доўгіх пошукаў і перамоваў абавязаўся адпусціць сто дрэў з невялікага свайго лесу ўладальнік Алекшыцкага маёнтка Завістоўскі па даволі-такі сходнай цане.
* * *
Справа, здаецца, зрушылася з месца: участак для будаўніцтва вызначаны і ўзгоднены па інстанцыях, праект і каштарыс таксама, дасягнута дамоўленасць аб пастаўках драўніны… Ды раптам у Губернскім Праўленні спахапіліся: а каму ж усё-такі належыць зямля на тым участку, дзе плануецца будаваць Алекшыцкую царкву?
10 сакавіка ўсе непаразуменні з зямлёй развеяў павятовы спраўнік. Ён рапартаваў у павятовы Камітэт:
“… Честь имею сообщить, что часть земли, избранной под постройку Олекшицкой Православной Церкви, принадлежит помещику Завистовскому, и он отдаёт её под церковь без вознаграждения…”
Да рапарта была прыкладзена ўласнаручная распіска памешчыка Завістоўскага.
— Имею честь уведомить, что сколько потребуется земли под постройку Олекшицкой церкви в имении Игнатия Завистовского, столько жертвую без всякой претензии и вознаграждения.
И.Завистовский
З сялянскай зямлёй пытанне таксама было вырашана памяркоўна. І вось 15 сакавіка Губернскі Камітэт па будаўніцтву праваслаўных цэркваў аддаў распараджэнне Гродзенскаму павятоваму Камітэту “приступить к постройке Олекшицкой каменной церкви … на избранном месте…”
* * *
Значная падзея адбылася ў Алекшыцах 2-га сакавіка. Ва ўрачыстых абставінах у будынку старога храма члены царкоўнага Савета Алекшыцкай царквы над Святым Евангеллем пакляліся, што падчас будаўніцтва храма яны будуць аберагаць казённыя і грамадскія грошы, выкарыстоўваць іх толькі на патрэбы царквы. У падпісанай імі “Присяге (клятвенном обещании)” пазначаецца: “Я, нижеподписанный, обещаю и клянусь Всемогущим Богом, пред Святым Его Евангелием в том, что я … по чистой моей совести и чести, без пристрастия и собственной корысти тщательно буду стараться и усердствовать ко благу церкви… Если я иначе поступлю, как нерадеющий о благе Церкви и общественности, в коем моё собственное заключается, пусть подвергнут меня нареканию собратия мои, и в будущем отвечу пред Богом и Страшным Судом Его…”
Присягу выполнили: Иван Фёдоров Улейчик, Николай Базылёв Боровский, Семён Адамов Микитин, Адам Яковлев Левончук, Григорий Астапов Масловский, Иван Михайлов Довгель, Иван Семёнов Радзевич, Яков Иванов Кожухов-ский.
К присяге приводил Олекшицкой церкви священник Антоний Ковалевский.
При присяге присутствовал Становой пристав 2-го стана” (подпіс неразборлівы – Аўтар. )
Нам давялося пазнаёміцца з дакументамі аб будаўніцтве многіх цэркваў Бераставіччыны, Ваўкавышчыны, Свіслаччыны і іншых рэгіёнаў. І толькі пры будаўніцтве Алекшыцкай царквы царкоўны Савет даваў клятву на Евангеллі аб эканомным і, галоўнае, сумленным выкарыстанні як дзяржаўных, так і парафіяльных грошай. Хто быў ініцыятарам яе прыняцця – ці сам свяшчэннік Антоній Кавалеўскі, ці члены царкоўнага Савета, ці парафіяне – ужо, напэўна, нам высветліць не ўдасца ніколі. Адно можна сказаць, што ініцыятарам былі не ўлады, бо каб гэта зыходзіла ад іх, то яны рабілі б гэта паўсюдна. Але больш, як гаварылася вышэй, нідзе такога не было.
Разам з тым хочацца адзначыць, што клятва на Евангеллі – гэта ў маральным і псіхалагічным плане вельмі значная падзея і сумнявацца ў сумленнасці тых, хто яе даваў, ужо нікому не прыходзілася.
* * *
18 красавіка ў старой Алекшыцкай царкве народу было многа. Пасля заканчэння службы свяшчэннік Антоній Кавалеўскі аб’явіў, што 23 красавіка будзе ўрачыстае набажэнства, прысвечанае асвячэнню першага каменя ў фундаменце новай царквы.
23 красавіка ў Алекшыцах пры вялікай колькасці прыхаджан прайшло ўрачыстае набажэнства, прысвечанае закладцы фундамента новай царквы. У набажэнстве прымалі ўдзел свяшчэннікі суседніх прыходаў і Благачынны Лашанскай акругі.
Як ужо адзначалася, будавацца ва ўсе часы было няпроста, тым больш у той далёкі час. І не дзіўна, што 10 чэрвеня свяшчэннік Алекшыцкай царквы Антоній Кавалеўскі звярнуўся з пісьмом-скаргай у павятовы Камітэт па будаўніцтву цэркваў. У ёй гаварылася, што ўладальнік маёнтка Алекшыцы памешчык Ігнацій Завістоўскі абяцаў адпусціць на будаўніцтва царквы 100 штук сосен, а адпусціў толькі 97, хаця грошы спагнаў за ўсе 100 штук. Дроў на абпальванне вапны няма. З дзяржаўнага лесу на будаўніцтва царквы казна нічога не выдзеліла, а памешчыкі прадаваць драўніну не хочуць. Прыха-джанне сабралі 150 рублёў і купілі 50 бочак гатовай вапны ў Крынках, бо меркавалася, што фундамент удасца зрабіць да канца, а тут мясцовыя ўлады сталі забіраць мужыкоў з коньмі і валамі на іншыя работы: вазіць лес на будаўніцтва канцылярыі ў Масалянах і школы ў Лашы. А тут яшчэ падатак за зямлю з прыхода сталі патрабаваць. Словам, праблемы, праблемы…
На чарговым пасяджэнні Гро-дзенскага павятовага Камітэта па будаўніцтву цэркваў аналізавалася гэтая работа на многіх царкоўных аб’ектах Гродзенскага павета. Было дадзена даручэнне члену Камітэта, Стацкаму Саветніку І.Міхаэлісу пабываць на ўсіх будоўлях і праверыць ход работ на іх.
30 чэрвеня І.Міхаэліс з Лашанскім Благачынным Ануфрыем Шамеціла пабывалі ў Алекшыцах і адзначылі, што “…фундамент под всю церковь и её цоколь окончены, имеется заготовленного материала: кирпича 20000, извести четыре кубических саженей и лесного материала в третьей части противу сметного исчисления и всего произведено и заготовлено на тысячу пятьсот рублей… ”
* * *
Атрымаўшы высокую ацэнку сваёй дзейнасці ад прадстаўнікоў павятовага Камітэта, царкоўны Савет праз дзень ужо адправіў сваіх прадстаўнікоў у Гродна за чарговай фінансавай падтрымкай. Пакуль яшчэ было гарачае лета, можна было пачынаць работы па ўзвя-дзенню сцен. А яны былі дарагімі. І гэта добра разумеў царкоўны актыў, таму спяшаўся заручыцца фінансавай падтрымкай.
І ўсё тыя ж праблемы з лесаматэрыяламі… І зноў просьбы ў павятовы Камітэт… Што і казаць, настойлівасці членаў царкоўнага Савета і свяшчэнніка Антонія Кавалеўскага можна па-добраму пазайздросціць: яна дае вынікі. Губернскі Камітэт па ўзвядзенні цэркваў вы-дзеліў лес на дровы для абпальвання вапны ў Клышаўскім казённым участку Саколкаўскага павета. А вось “строевого леса” на будаўніцтва Алекшыцкай царквы з гэтага казённага ўчастка адпусціць немагчыма… Таму што значная колькасць лесу запланавана на будаўніцтва Галынкаўскага, Малабераставіцкага, Алекшыцкага і Крынкаўскага народных вучылішч, а таксама будаўніцтва жылых і гаспадарчых пабудоў для трох парафій. Алекшыцкая парафія чамусьці не ўвайшла ў іх лік.
Але, як кажуць у народзе, свет не без добрых людзей. З Гродна паведамілі: памешчык Эйсмант ахвяраваў бескарысна на будаўніцтва царквы 200 штук будаўнічага лесу. (Прадбачу кпіны з боку некаторых лю-дзей: падумаеш, ахвяраваў 200 штук… Напэўна, меў многія гектары лесу… Колькі было гэтага лесу ў Эйсманта, сёння ніхто не ведае… Але ж памешчык І. Завістоўскі не ахвяраваў лес, а прадаў яго. Мелі лес графы Біспінг (Масаляны) і Ельскі (Гольні), памешчык Дзяконскі (Краснікі) і іншыя.
1866 год
Народная мудрасць гаворыць: рыхтуй летам сані, а зімой – воз. Мы прыгадалі яе таму, што менавіта так і паступаў свяшчэннік Алекшыцкай царквы Антоній Кавалеўскі. Ён ужо зімой думаў аб працягу будаўніцтва царквы. 28 студзеня ён звярнуўся з просьбай у павятовы Камітэт па будаўніцтву цэркваў. Справа ў тым, што Алекшыцкая парафія нешматлюдная і парафіяне пры ўсім сваім жаданні не змогуць аказаць патрэбную дапамогу на пабудову царквы, бо ў іх проста не хапае для гэтага магчымасцей. “…На вывозку только лесного материала, который нужно вывезти в феврале, требуется в двое больше подвод, чем численность дворов прихода, не считая камня, извести и дерева для выжигания извести. По сему прошу сделать предложение, чтобы в сооружении Олекшицкой церкви приняли участие волостные управления, к которым принадлежат прихожане сей церкви…”
25 красавіка на будаўніцтве храма зноў закіпела работа. 8 каменшчыкаў і 12 чорнарабочых прыступілі да ўзвядзення сцен царквы. Бацюшка клапоціцца, каб набыць ліставое жалеза (прасцей кажучы – бляху для даха), кованыя жалезныя дэталі, якія будуць выкарыстаны для звязкі пры ўстаноўцы крокваў і гэтак далей.
* * *
15 жніўня прыхаджане Алекшыцкай парафіі сабраліся на сход, на якім вырашалася, колькі ахвяраваць з кожнага двара на пабудову храма ў гэтым годзе. Улічваючы, што ў мінулым годзе яны ахвяравалі па 1 рублю серабром з кожнага двара і тое, што сёлета прыйдзецца ахвяраваць і на будаўніцтва Алекшыцкага вучылішча, сход “прыгаварыў” ахвяраваць з кожнага двара на будаўніцтва царквы па 1 рублю серабром і “просить уездный Комитет по строительству церквей на выдачу остальной суммы для продолжения постройки церкви, так как мы в настоящем году больше означенного пожертвования принять на себя не можем…”
У верасні 1866 года ўзвядзенне сцен амаль было завершана. Набліжаўся час дажджоў. Парафіяне разумелі, што патрэбна прыкласці ўсе намаганні, каб над будынкам зрабіць дах. Патрэбны былі грошы. Па ўсім відаць, у казне іх таксама не хапала. З выдзеленых на будаўніцтва царквы пяці тысяч рублёў, згодна праекта будаўніцтва храма і каштарысу расходаў на яго, расходавана было 3 тысячы рублёў, а астатнія казна выдзяляць не спяшалася. Мала дапамагалі прашэнні і свяшчэнніка, і царкоўнага Савета. І тут умяшаўся і аказаў падтрымку аўтар праекта, губернскі архітэктар І.Міхаэліс. 16 верасня ён адправіў на імя павятовага Камітэта па будаўніцтву цэркваў сваё заключэнне, у якім адзначаецца, “что Олекшицкая церковь находится ныне в таком положении, что для защищения стен от порчи нужно на оной сделать кровельную связь и покрыть железом. Поэтому полагаю: дабы предложить Церковному Совету как можно скорее сделать на Церкви кровельную связь за отпущенные уже деньги и отпустить оному остальные деньги на листовое железо, на которое потребно будет 864 рубля…”
* * *
…Грошай на будаўніцтва царквы не хапала… І тут старажылы ўспомнілі, што гадоў 45 назад, калі ўладальніцай Алекшыцкага маёнтка была графіня Вікторыя Юндзіл, яны звозілі з навакольных зямель каменне для пабудовы новай царквы. Але потым планы памяняліся, была адрамантавана драўляная царква, а каменне так і засталося ляжаць нявыкарыстаным. А неўзабаве памяняліся ўладальнікі маёнтка Алекшыцы: яго купіў у Вікторыі Юндзіл Ігнацій Завістоўскі. Новы гаспадар хутка знайшоў прымяненне добраму будаўнічаму матэрыялу і выкарыстаў яго па свайму разуменню на свае патрэбы. Па даручэнні царкоўнага Савета і парафіян з просьбай да Гродзенскага Губернатара “…дапамагчы спагнаць з памешчыка І.Завістоўскага кошт выкарыстаных для сваіх мэтаў камянёў” звярнуўся член царкоўнага Савета (і, напэўна, найбольш мужны чалавек, які не баяўся панскай помсты) Іван Радзевіч. У прашэнні адзначалася, што 45 гадоў назад і пазней, калі выкарыстоўваліся тыя камяні, якія былі звезены сялянамі, “в тогдашнее время никто из живущих не осмелился сказать слова против помещика, потому что были его крепостными… Теперь же крестьяне деревень Алексич и Жукевич совместно с церковным Советом возложили на меня обязанность просить Ваше Высокопревосходительство дабы благоволено было взыскать с помещика Игнатия Завистовского законную сумму за сто кубов камня в пользу Новостроящейся в Алексичском приходе церкви…”
Губернатор даручыў губернскаму Камітэту па будаўніцтву цэркваў сумесна з павятовым Камітэтам разабрацца з атрыманай скаргай. Праз некаторы час створаная камісія інфармавала Губернатара, што “…через опрос крестьян и сторожилов выяснено, сколько свезено камня, крестьяне положительно не знают, а полагают, что около ста сажней. Священник Олекшицкой церкви А. Ковалевский, состоящий при оной с 1824 года … поясняет, что камня заготовлено было сто сажень… в настоящее же время кубический сажень камня с подвозкой стоит 10 рублей…”
У лістападзе 1871 года будаўніцтва Алекшыцкага праваслаўнага храма было завершана. Ён быў асвечаны ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. З тых часоў верна служыць гэтая духоўная абіцель маральнаму выхаванню паствы, радуецца з’яўленню на свет немаўлят, праводзіць на вечны спакой памёршых: і тых, хто знаходзіў успакаенне душы пад яе купалам, і тых, хто ў сваім жыцці абмінаў яе.
Мікалай ПАЦЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *