Іх імёнамі названы вуліцы Вялікай Бераставіцы: Вольга Соламава

80 лет Великой Победы Лента новостей

Працягваем цыкл публікацый, прысвечаных героям Вялікай Айчыннай вайны, чые імёны носяць вуліцы нашага пасёлка. Сёння аповед пойдзе пра Вольгу Соламаву, нашу зямлячку, партызанку, якая мужна змагалася з фашысцкімі акупантамі і аддала сваё жыццё за свабоду і незалежнасць роднага краю. Яе імем называецца невялічкая вуліца, якая вядзе да стадыёна ў раёне Вялікабераставіцкай сярэдняй школы.

Вольга нарадзілася 18 мая 1920 года ў вёсцы Лаша, што знаходзіцца недалёка з аднаго боку ад Індуры і Луцкаўлян, з другога боку – ад Свіслачы, Сухой Даліны і Квасоўкі. У сям’і было шасцёра дзяцей, Вольга сярод іх была старэйшай і ёй прыходзілася глядзець за брацікамі і сястрычкамі, адначасова спалучаць гэта з вучобай у польскай школе. У бацькі было толькі 3,5 гектара зямлі, таму старэйшай дачцы прыйшлося ў раннім узросце дапамагаць не толькі на бацькоўскім палетку, але наймацца на працу да мясцовых памешчыкаў і асаднікаў.
У верасні 1939 года Заходняя Беларусь была далучана да БССР. На Гродзеншчыну прыйшло новае жыццё: пачынаецца калектывізацыя, арганізоўваюцца першыя калгасы, адчыняюцца школы, клубы, хаты-чытальні. У грамадска-палітычным жыцці прымае актыўны ўдзел і Вольга. Яна арганізоўвае ў Лашы гурток мастацкай самадзейнасці. Першы канцэрт самадзейных артыстаў адбыўся ў студзені 1940 года ў памяшканні мясцовай школы. А потым было выступленне на раённым аглядзе (тады называлася «алімпіяда») мастацкай самадзейнасці, а потым і на абласным – у Беластоку (у 1939-1941 гг. Гродзеншчына ўваходзіла ў склад Беластоцкай вобласці з цэнтрам у Беластоку). Гродзенская гарадская газета дала высокую ацэнку выступленням лашанскіх артыстаў, асобна была адзначана Вольга Соламава. Добра адазвалася аб самадзейных артыстах і беластоцкая абласная газета «Вольная праца». Словам, арганізацыйныя здольнасці Вольгі былі заўважаны і высока ацэнены ўжо тады. 24 сакавіка 1940 года ў Заходняй Беларусі праводзіліся выбары ў Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР. Таму, напэўна, невыпадкова Вольга была ўключана ў склад участковай камісіі.
Пасля выбараў ёй прапанавалі вучыцца на шасцімесячных настаўніцкіх курсах, якія дзейнічалі пры нядаўна створаным Гродзенскім педагагічным вучылішчы. 7 мая 1940 года яшчэ адна значная падзея здарылася ў жыцці: яе прынялі ў камсамол. Пасля заканчэння курсаў Вользе прапанавалі застацца ў Гродне, але яна хацела паспрабаваць сябе ў сельскай школе. Яе накіравалі на працу ў пачатковую школу ў вёску Іванаўцы Падліпскага сельсавета Гродзенскага раёна.
Аўтарытэт настаўніцы ў вяс­коўцаў, асабліва ў моладзі, быў вялікі. Яна была не толькі настаўніцай, але і спявачкай, і танцоркай, і дэкламатарам, і завадзілай, словам, тым, каго любяць і паважаюць маладыя. Было складана, але яна стварыла камсамольскую арганізацыю ў вёсцы і ўзначаліла яе. Раённыя ўлады рэкамендавалі маладую настаўніцу ў дэпутаты Беластоцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных. Восенню 1940 года яе выбіраюць дэпутатам абласнога Савета.
У першыя дні вайны Вольга Соламава паспела разам з некаторымі настаўнікамі эвакуіравацца. Трапіла ў Мар­довію, працавала ў школе. І ўжо ў 1942 годзе ў Беларускі штаб партызанскага руху, у Цэнтральны Камітэт камсамола неаднаразова паступалі просьбы накіраваць яе на фронт або ў тыл ворага. У адным са сваіх пісьмаў яна пісала: «Я не могу быть в стороне от той борьбы, какую ведут наши доблестные солдаты и героические белорусские партизаны с врагом…».
У другім пісьме гаварылася: «Моя родная Беларусь, мой родной край, где остались мои родители, мои братья и сёстры, горит в огне, заливается кровью… Может быть уже нет их в живых… Ведь фашисты не щадят семьи, в которых были депутаты, комсомольцы… Я должна быть вместе со своим народом…».
Нарэшце яе настойлівасць перамагла. Спачатку яе выклікалі на гутарку ў раённы цэнтр у ваенкамат і райком камсамола, а потым у Маскву, у ЦК камсамола, затым у Беларускі штаб партызанскага руху. Тут яна сустрэлася з земляком Сяргеем Восіпавічам Прытыцкім, які доўга гутарыў з ёю. Было вырашана накіраваць Вольгу ў спецшколу для падрыхтоўкі яе для работы ў тыле ворага.
* * *
Безумоўна, спецшкола нічым не была падобна на школу ў звычайным разуменні цывільных людзей. Тут вучылі многаму, што магло спатрэбіцца за лініяй фронту: канспірацыі і падрыўной справе, агітацыйнай рабоце і рукапашнаму бою, уменню метка страляць, скакаць з парашутам і, калі таго запатрабуюць абставіны, уменню мужна … ўміраць.
Спецшкола знаходзілася недалёка ад Мурама, у Арэхаўцы. Тут і сустрэў Вольгу Соламаву Аляксандр Шварцман, з якім яны былі знаёмы па дэпутацкай дзейнасці ў Беластоцкім абласным Савеце дэпутатаў. Тут жа быў Міхаіл Казакоў, былы старшыня гарадскога камітэта фізкультуры ў Беластоку, а цяпер камандзір спецгрупы. «Вольга Соламава, па ўспамінах таго ж Аляксандра Шварцмана, вельмі блізка здружылася з былой студэнткай Маскоўскага інстытута аўтамабільнай прамысловасці Янінай Брун, са студэнтам з Гомельшчыны, радыстам Раманам Ярыга, шахцёрам з Урала, снайперам Пятром Ануфрыевым, якія таксама рыхтаваліся для партызанскай барацьбы ў Беларусі. Тады яшчэ ніхто не ведаў, што яны сустрэнуцца ў Ліпічанскай пушчы, толькі будуць у розных атрадах».
Увосень 1942 года спецшколу перабазіравалі на станцыю Сходня пад Масквой. І зноў вучоба, пастаянныя трэніроўкі з поўнай выкладкай: гэта значыць з аўтаматам, гранатамі, толам і г.д.
Сяргей Восіпавіч Прытыцкі пасля вайны гаварыў: «…гэта была школа для сапраўдных мужчын, але і яны не ўсе яе вытрымлівалі… У гэтай школе праходзілі спецпадрыхтоўку жанчыны, якія мужна вытрымлівалі ўсё… І марш з поўнай выкладкай на 15-20 кіламетраў, і скачкі з парашутам, і многае іншае…».

У ТЫЛЕ ВОРАГА
Былы сакратар Беластоцкага падпольнага абкома камсамола Трафім Мікалаевіч Стрыжак успамінаў, што яшчэ да прыбыцця Вольгі Соламавай у Ліпічанскую пушчу ён атрымаў радыёграму з Беларускага штаба партызанскага руху за подпісам начальніка штаба П.З. Калініна і першага сакратара ЦК ЛКСМБ М.В. Зімяніна. У ёй гаварылася, што ў Ліпічанскую пушчу «командирована боевая комсомолка Ольга Соломова, родом из-под Гродно, которая хорошо знает местность, традиции и обычаи местного населения. Она утверждена помощником уполномоченного ЦК комсомола по Белостокской области…».
Пасля прыбыцця на месца прызначэння ў Ліпічанскую пушчу, у месцараспалажэнне брыгады Аляксандра Неўскага, дзе знаходзіўся і падпольны абком партыі і абком камсамола, Вольга праз некалькі дзён дабілася, каб яе ўзялі на баявое заданне. Яна ў складзе партызанскіх груп некалькі разоў хадзіла на чыгунку Ліда — Баранавічы, Масты — Ваўкавыск, Масты – Ліда, дзе прымала ўдзел у падрыве варожых эшалонаў.
Былы камандзір роты партызанскага атрада «Звязда», баявыя групы якога дзейнічалі і на Бераставіччыне, сакратар падпольнага Крынкаўскага райкома камсамола М.В. Шышкін успамінаў:
— Першая мая сустрэча з Вольгай Соламавай адбылася ў лістападзе 1943 года ў Ліпічанскай пушчы, дзе базіраваўся падпольны абком камсамола. Выклікаў мяне сакратар абкома Т.М. Стрыжак. Акрамя яго ў зямлянцы былі рэдактар маладзёжнай газеты «Малады партызан» Якаў Качан і чарнавокая дзяўчына сярэдняга росту у салдацкай гімнасцёрцы, туга перацягнутай партупеяй, і ў кірзавых ботах. Гэта і была Вольга Соламава. Энергічная, жыццярадасная, яна хутка збліжалася з людзьмі, і яны хіліліся да яе… Вольга разам з партызанамі хадзіла на баявыя заданні на чыгунку, прымала ўдзел у баях з фашысцкімі гарнізонамі. Асабліва вызначылася яна ў прапагандысцкай рабоце сярод насельніцтва. Не зважаючы на небяспеку, яна з іншымі партызанамі і ў адзіночку хадзіла ад вёскі да вёскі, ад хутара да хутара, распаўсюджвала лістоўкі, падымала моладзь на барацьбу, расказвала пра навіны з фронту.
Як успамінаў рэдактар падпольнай партызанскай газеты «Молодой партизан», член падпольнага Беластоцкага абкома камсамола Якаў Качан, кіраўніцтва абкома і партызанскай брыгады, карыстаючыся тым, што Вольга добра ведала польскую мову і сама была мясцовая, пасылала яе для правядзення разведвальнай і агітацыйнай работы, арганізацыі падпольных камса­мольскіх і анты­фашысцкіх груп у раёны вакол Гродна: Сапоцкінскі, Гродзенскі, Крын­каўскі, Дамб­роўскі, Аўгу­стоўскі…
1 лістапада 1943 года Вольгу зац­вердзілі «секретарем Гродненского подпольного горкома комсомола и за ней закрепили Гродненский, Скидельский, Сапоцкинский, Домбровский и Августовский районы для проведения подпольной работы среди молодёжи и оказания практической помощи подпольным райкомам».
У адным з данясенняў на імя Т.М. Стрыжака яна паведамляе, што «установила связь с членами ВЛКСМ в 5 районах, организовала 6 подпольных комсомольских организаций, 2 антифашистских комитета, создала диверсионную группу из местного актива… ».
У аналагічным данясенні ад 5 студзеня 1944 года – за месяц да гібелі — Вольга паведамляе: «Немцы засылают под видом партизан банды. Они грабят население, а потом ещё доносят немцам на преданных советской власти людей… В районе Гродно дополнительно организовано 4 подпольных комсомольских организации в следующих населенных пунктах: в деревне Казённая Жорновка из 3 человек, в деревне Конюхи из 4 человек…».
У наступным данясенні паведамляецца: «… Первичная подпольная комсомольская организация из д. Жорновка порезала связь на шоссе Белосток-Гродно… Комсомольцы установили связь с комсомольским и советским активом в районе Домброво… Туда была доставлена подпольная литература…».
Прыводзіцца спіс падпольных камсамольскіх груп, арганізаваных у час апошняга паходу, і іх кіраўнікоў. Побач з іншымі называюцца групы: у вёсцы Казлы з 3-х чалавек на чале з Міхаілам Аўдзіевічам, у Магілянах з 3-х чалавек на чале з Паўлам Дзейкалам, у Жорнаўцы з 3-х чалавек на чале з Міхаілам Кандрусевічам.
Звернемся зноў да ўспамінаў тых, хто быў побач з Вольгай у той цяжкі час. Той самы Якаў Качан, рэдактар падпольнай партызанскай газеты «Молодой партизан», у ваенных публікацыях пісаў: «У той час суровых выпрабаванняў, калі штодзённа, штогадзінна, штохвілінна смерць хадзіла за кожным па пятах, людзі аставаліся людзьмі. Яны любілі і ненавідзелі, плакалі ад гора і шчыра радаваліся маленькім радасцям, кахалі, жаніліся і нават у партызанскім лагеры нараджалі дзяцей. З таварышамі, сябрамі, каханымі і на смяротна небяспечныя заданні хадзілі больш упэўненымі ў вернасці адзін аднаму. Мы неяк са Стрыжаком заўважылі, што там, куды ішла Вольга, стараўся быць побач з ёю Васілій Бібіч, член Гродзенскага падпольнага райкома партыі, прыгожы, статны хлопец з далёкага Урала, дужы і мужны партызан. І ў гэтым ні камандаванне партызанскай брыгады, ні партыйныя, ні камсамольскія органы не бачылі крыміналу: Вользе ўжо было 24 гады, а Васіль нават крыху быў старэйшы за яе. Партызаны па-добраму зайздросцілі ім і пасля вызвалення збіраліся ўсе разам справіць партызанскае вяселле. Але не суджана было гэтаму здзейсніцца…».
…У канцы студзеня 1944 года Вольга Соламава з групай партызан, сярод якіх быў і М.В. Шышкін, які пасля вайны жыў у Вялікай Бераставіцы, выйшлі з Ліпічанскай пушчы ў напрамку Масты-Воўпа-Луна-Індура. У Жорнаўку партызаны прыйшлі ноччу другога лютага. Спыніліся ў хаце сувязнога Антона Антонавіча Мілашэўскага. Крыху адпачыўшы, М.В. Шышкін са сваёй групай накіраваўся на Крынкі, група В.П. Сахарава пайшла на Сакулку, а Соламава разам з Бібічам пакуль засталіся. Яны планавалі яшчэ сустрэцца з моладдзю вёскі, пагутарыць, наладзіць новыя сувязі, а потым – так было загадана камандаваннем — трэба было дабірацца да Сапоцкіна, Дамброва і да самога Аўгустова.
Успамінаў жыхар вёскі Жор­наўка Фама Іванавіч Жук:
— Я раніцай малаціў у гумне збожжа. Раптам пачуў стрэлы і аўтаматныя чэргі. Выглянуў і ўбачыў, што дзве постаці пабеглі да лесу, а ў вёску з розных бакоў едуць на санях немцы…
Партызаны, адбегшы крокаў пяцьсот ад вёскі, заляглі ў лагчыне, каля асушальнай канавы, і пачалі адстрэльвацца: нямецкія кулі не давалі магчымасці ім дабрацца да лесу, які ўжо быў недалёка. Першым загінуў Бібіч, а Вольга Соламава, параненая, адстрэльвалася. Каб не трапіць ворагу жывой, апошнюю кулю яна выпусціла сабе ў сэрца…
Ёй было тады 24 гады … Вечна маладой, адсюль, ад Жорнаўкі, яна ўвайшла ў бессмяротнасць.
Мікалай Пацэнка,
навуковы супрацоўнік
Музея Вавёркі

Старонку падрыхтаваў
Сяргей Хілюта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *