Ёсць людзі, для якіх выбар прафесіі не з’яўляецца нечым незвычайным і турботным, не выклікае шмат роздуму і сумненняў. Ён арганічна спалучаецца са светапоглядам і характарам чалавека, яго імкненнямі, тым, чым ён хоча займацца ўсё жыццё, да чаго “ляжыць душа”, і тады застаецца толькі пастарацца назапасіць грунтоўных ведаў, якія потым умацуюцца прафесійным і жыццёвым вопытам. І калі так здараецца, значыць, чалавек гэты ў сваёй справе не выпадковы.
Менавіта так можна сказаць пра агранома-насеннявода СВК “Пархімаўцы” Вольгу Гурскую. Ужо з першых хвілін гутаркі з ёю я адчула, што перада мной чалавек з моцным характарам, самадастатковы і ўпэўнены, нягледзячы на маладосць. А гэта так важна ў наш няпросты час, таму што ад сур’ёзных адносін да справы залежыць не толькі яе ўласнае самаадчуванне, але і вынікі працы ўсей гаспадаркі. Агеньчык зацікаўленасці ў вачах – верная прыкмета самадастатковасці чалавека.
— Са школьных гадоў я нічога іншага для сябе не ўяўляла, офісным работнікам сябе не бачу, — гаворыць Вольга і ўсміхаецца.
Яна наша зямлячка, закончыла Вялікабераставіцкую сярэднюю школу. Абітурыентка свядома і абдумана выбрала Гро-дзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Гэта сапраўдная кузня аграрных кадраў не толькі вобласці, але і цэлай рэспублікі. Вольгу цікавіла прафесія агранома, яна разумела яе значнасць. Таму што спрадвеку хлеб – усяму галава, гэта тая першааснова, на якой грунтуецца ўсё іншае. Хлебаробы заўсёды былі ў пашане. Для чалавека, у якога сялянскія карані, занятак такі вельмі важны. А спецыялісты рыхтуюцца ў Гродне моцныя. Вышэйшая навучальная ўстанова супрацоўнічае з айчыннымі і замежнымі вучонымі. Да таго ж, для зацікаўленага ў павышэнні свайго ўзроўню чалавека зараз адкрыты ўсе шляхі – у краіне выдаецца шмат кніг па сельскай гаспадарцы, пра многае можна даведацца з інтэрнэту. Са студэнцкіх гадоў моцныя тэарэтычныя веды застаюцца для яе той грунтоўнай базай, якая дапамагае і зараз. Памножаныя на вопыт, яны прыносяць і маральнае задавальненне, і поспехі для гаспадаркі.
У працоўнай кніжцы Вольгі – адзін запіс. Яна задаволена, што трапіла менавіта ў СВК “Пархімаўцы”. Працуе тут ужо шэсць гадоў. У тым, што не здрадзіла любімай прафесіі, не шукала сабе іншага месца, вялікая заслуга больш старэйшых і вопытных работнікаў.
— Мой настаўнік, — так называе і з вялікай павагай гаворыць Вольга пра галоўнага агранома гаспадаркі Яўгена Сухоцкага. – Гэта ўсё дзякуючы яму, а таксама дружнаму калектыву я тут. Яўген Яўгенавіч многаму мяне навучыў, таму што тэорыя і практыка – зусім розныя рэчы.
— А ці былі якія — небудзь цяжкасці, няўдачы ў рабоце, калі хацелася пакінуць гэтае месца? Не расчараваліся ў прафесіі?
— Не, такога не было. Не расчаравалася. Пастаянна адчувала, што побач людзі, якія мяне падтрымліваюць, з якімі мы робім адну важную справу. Іншага лёсу для сябе не бачу.
Добрых слоў заслугоўваюць таксама загадчык склада Віктар Міхальскі і кладаўшчык Аліна Бычкоўская. Клопатаў ў іх і агранома -насеннявода шмат, хутка пачнецца жніво. Кожны год загадзя да гэтага рыхтуюцца памяшканні, праводзіцца дэзыінфекцыя, наводзіцца парадак. Насенне збожжавых у СВК “Пархімаўцы” добрае, раянаванае, беларускай селекцыі. Напрыклад, азімая пшаніца “Акцёр” можа даць ураджайнасць каля 80 цэнтнераў з гектара, азімае трэцікале “Дзінара” – 60, яравы ячмень “Стратус” і “Бровар” — па 50. У такіх гатункаў выдатны патэнцыял. Рэпрадукцыйнае насенне ёсць сваё, купляць не трэба. У невялікай колькасці нават можна і прадаваць жадаючым.
— А якія віды на ўраджай у гэтым годзе з такім надвор’ем? Ці добра, што ішлі дажджы?– па-цікавілася я.
— Канешне. Пакуль што ўсё ідзе добра, — адказала аграном-насеннявод.
— А чым любіце займацца ў вольны час? Якія ў Вас захапленні? Магчыма, любіце вырошчваць якія–небудзь расліны, кветкі, як іншыя жанчыны-аграномы?
— Свой участак зямлі, дача ў нас з мамай ёсць, — адказала Вольга. – Але там звычайны агарод, як у іншых. Нічога асаблівага пакуль не вырошчваем. Калі ёсць час, люблю сустракацца з сябрамі, чытаць кнігі.
Вольга ва ўсіх адносінах цікавы чалавек.
А вось што гаворыць пра яе намеснік начальніка раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Таццяна Жыўлюк:
— Вольга яшчэ малады работнік, але вельмі адказны. У СВК “Пархімаўцы” ніколі няма праблем з падрыхтоўкай насення. Добра праводзіцца відавая праполка. Правільна вя-дзецца дакументацыя. На складзе падтрымліваецца чысціня і парадак. Партыі ачышчанага насення абазначаны этыкеткамі з указаннем усіх параметраў – вільготнасці, усходжасці і іншых. Падрыхтоўка кожны год вядзецца своечасова і якасна.
Прыемна, што выбіраюць вёску маладыя людзі. Яны – яе будучае.
Ніна Наддэ