25 сакавіка, у Вербную нядзелю, па ўжо добрай традыцыі, вернікі парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы прайшлі інсцэніраваным Крыжовым шляхам вуліцамі раённага цэнтра.
Сцэны мукі і смерці Хрыста былі інсцэніраваны на 14 прыпынках, якія далі магчымасць прысутным глыбей зразумець сэнс цярпення Езуса, якое Ён ахвяраваў за грахі чалавецтва.
Удзел у набажэнстве прынялі не толькі шматлікія жыхары гарадскога пасёлка, на яго былі запрошаны святары і вернікі з суседніх парафій. З крыжамі і запаленымі свечкамі людзі выйшлі на гэты пакутны шлях, каб прайсці яго разам з Езусам, аддаючы Яму свае праблемы і адкрываючы сэрцы на Яго міласэрнасць.
Дзякуючы прысутнасці святароў, кожны жадаючы падчас Крыжовага шляху мог прыняць сакрамэнт пакаяння.
Вядома, кожны з нас ведае, пра крыжовую смерць Езуса Хрыста, але гэта падзея ўспрымаецца зусім па-іншаму, калі мы самі прымаем удзел у гэтай, няхай нават і тэатралізаванай, містэрыі. Проста быць хрысціянінам у касцёле, калі побач з табою такія ж вернікі, як і ты. І зусім іншая справа сведчыць аб сваёй веры на вуліцы, у асяроддзі, дзе цябе могуць і не зразумець, і высмеяць, і асудзіць. Таму і ўдзел у Крыжовым шляху з’яўляецца своеасаблівым сведчаннем нашай веры і прыналежнасці да Хрыста, сведчаннем таго, што мы не баімся ўзяць нашы штодзённыя крыжы і пайсці разам з імі за Езусам.
Сын Божы даказаў, што Яго бязмежная любоў да чалавека мацнейшая за смерць, нянавісць і злосць. Ён прыняў смерць на крыжы, каб даць нам збаўленне і вечнае жыццё.
І Хрыстос чакае ад нас, што мы па Яго прыкладу будзем любіць іншых людзей і несці ім святло сваёй веры. Веры, якая не баіцца крыжа, не баіцца здзекаў, асуджэння, супрацьстаіць несправядлівасці і сведчыць пра тое, што адзінае наша выратаванне – у Езусе Хрысце і Яго бязмежнай любові.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара