Інспектар па кадрах СВК “Пархімаўцы” і абаяльная жанчына Святлана Македон нарадзілася далёка ад гэтых маляўнічых мясцін, у Расійскай Федэрацыі. Там прайшло яе дзяцінства, там дзяўчынка пайшла ў пачатковую школу. Жыла сям’я ў сельскай мясцовасці. Ранейшыя “традыцыйныя” калгасы з распадам Савецкага Саюза там спынілі ўжо сваё існаванне.
Бацька Светы працаваў на заводзе, мама ўладкавалася выхавальнікам у дзіцячы сад. У той час дзяўчынка зусім і не думала, што хутка зменіць месца свайго жыхарства. Але бацька Святланы памёр, мама потым зноў выйшла замуж, і айчым прапанаваў пераехаць у Беларусь, дзе ў яго былі карані. Народы нашы вельмі блізкія па культуры і па духу, адзначае мая субяседніца, таму дыскамфорту ад пераезду ў іншую краіну яна зусім не адчувала. Вучыцца ў школе ў аграгарадку Пархімаўцы ёй было няцяжка, а беларуская мова адразу спадабалася сваёй трапнасцю і мілагучнасцю. Пазнаёмілася дзяўчына ў школе і з творамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Яны здолелі закрануць яе сэрца. А мясцовыя жыхары, асабліва старэйшага ўзросту, з багатым жыццёвым вопытам, уразілі Святлану сваёй гасціннасцю і добразычлівасцю, уласцівымі беларусам. Вяскоўцы дапамагаюць адзін аднаму, яны больш простыя і шчырыя, чым гараджане.
Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Бераставіцы Святлана паступіла ў каледж у Гродне, атрымала папулярную для дзяўчат спецыяльнасць “сакратар-машыніст”.
— Вам не хацелася застацца ў абласным цэнтры? – цікаўлюся. – Там шмат буйных прадпрыемстваў, устаноў, лягчэй знайсці работу.
— Горад – гэта не па мне, мне больш падабаецца вёска, — шчыра прызнаецца Святлана. — Вёска мне – па душы. Я жыла ў Гродне, пакуль вучылася. Гарадскі шум, мнагалюднасць мне не да спадобы. Я больш люблю цішыню, спакой, прыроду…
Пасля заканчэння каледжа дзяўчына вярнулася ў гаспадарку, якая ўжо стала для яе роднай. Спачатку Святлана працавала дыспетчарам, а зараз працуе інспектарам па кадрах. Дыспетчар – гэта, вобразна кажучы, пільныя “вочы і вушы” сельгаскааператыва, чалавек на такой пасадзе павінен кожны дзень быць у курсе, чым “жыве і дыхае” гаспадарка. Не менш адказнасці і ў інспектара па кадрах. Святлана вядзе ўсю адпаведную дакументацыю, працуе з людзьмі, службовыя абавязкі свае выконвае старанна. Яна заслужыла павагу ў калектыве. У полі яе зроку таксама наяўнасць вакансій у сельгаскааператыве, інспектар можа паведаміць, падказаць чалавеку, напрыклад, што патрабуюцца вадзіцелі. Дарэчы, такіх вакансій у СВК “Пархімаўцы” зараз нават дзве, работа тут пастаянная. Належная забяспечанасць кадрамі аграрнага сектара краіны і гаспадарак вельмі важная, таму што аграрыям неабходна выконваць дзяржаўную харчовую праграму, забяспечваць уласнае насельніцтва якаснымі прадуктамі харчавання і ўмацоўваць айчынны экспарт. Перад імі ставяцца ўсё больш напружаныя задачы, вытворчасць павінна ісці наперад і дынамічна развівацца. Калі недзе не хапае працаўнікоў, вытворчы працэс не можа быць зладжаным. Нездарма кажуць, што “кадры вырашаюць усё”. Кожны чалавек на сваім месцы павінен старацца, каб выйгравалі ўсе – і гаспадарка, і краіна.
Пра людзей у СВК “Пархімаўцы” клапоцяцца. Такі клопат Святлана адчувае на сябе, ёй з мужам і дзецьмі далі камфортны дом на зямлі. Безумоўна, выдатныя жыллёвыя ўмовы – яшчэ адна з важкіх пераваг сучаснай вёскі перад горадам. Дом у “гарадской рысе” каштуе вельмі дорага, а ў гаспадарках рады заахвоціць людзей, каб жылі тут і працавалі, гадавалі дзяцей, сваю сапраўдную будучую змену. Аграгарадкі ўдала спалучаюць плюсы вясковага і гарадскога жыцця. Для сям’і гэта вельмі добра.
Гаспадыні любяць ствараць утульнасць у доме, добраўпарадкаваць і ўпрыгожваць свой прысядзібны ўчастак.
У Святланы дзве дачушкі, ім дзевяць і тры гадкі.
— Радасць мацярынства кожнай жанчыне асвятляе будні, — расказвае гэтая шчаслівая мама. – Мае дзеці пачалі мне ўсміхацца ўжо з першых сваіх дзён. Самае маленькае падабенства ўсмешкі на мілым тварыку кожны раз сагравала сэрца. А зараз мае дзяўчынкі растуць і ўжо стараюцца ва ўсім мне дапамагаць. Старэйшая дачка Ксенія добра вучыцца ў школе, разам з ёй чытаем цікавыя кніжкі…
Выхоўваць на ўласным прыкладзе – лепшы метад. Святлана авалодала ім інтуітыўна.
Пасля гутаркі з гэтай сціплай і прыемнай вясковай жанчынай у мяне засталося самае цёплае ўражанне. Любімая работа, цяпло дамашняга ачага, святло сям’і – у Святланы ёсць усё, што трэба для шчасця…
Ніна Наддэ, фота аўтара