І ўсё ж такі, нягледзячы на тое, што ў апошнія гады вялікую папулярнасць набываюць супер- і гіпермаркеты, вядома ў буйных гарадах, а за пакупкамі туды імкнуцца і некаторыя нашы правінцыяльныя жыхары, роля малых магазінаў у нашым жыцці па-ранейшаму застаецца значнай. Па-першае, яны заўсёды, як кажуць, “пад рукамі”, а па-другое, прадаўцы там, калі яны па-сапраўднаму любяць сваю справу, добра ведаюць густы і попыт сталых кліентаў. Прыемна пачуць, калі ты ў разгубленасці разважаеш, якую каўбасу лепш купіць, параду накшталт: “А вось вазьміце гэту, бо Ваша гаспадыня нядаўна купляла і хваліла яе”.
Вядома, пасля такіх слоў, наступным разам зрабіць пакупку захочацца менавіта ў такога прадаўца. А гэта ўжо сапраўдны прафесіяналізм з яго боку – заваяваць давер у пакупніка. Усё сказанае вышэй я адношу ў дадзеным выпадку да аднаго канкрэтнага чалавека. А каб маё меркаванне не аказалася занадта суб’-ектыўным, перш чым узяцца за пяро, я правёў міні-апытанне некаторых сваіх знаёмых. І ўсе яны выключна станоўча выказаліся пра стыль работы Жанны Трэйга (на здымку), прадаўца магазіна “Лакомка” ў райцэнтры. Удакладню, так называецца цяпер былы “Гарачы хлеб”.
Магазін “Лакомка” знаходзіцца ў вельмі зручным месцы. Паколькі большасць насельніцтва Вялікай Бераставіцы жыве ў паўночнай яе частцы, вяртаючыся з працы дамоў, многія па дарозе заходзяць сюды. Не гаворачы ўжо пра багаты асартымент хлебабулачных вырабаў, тут ёсць і іншыя самыя неабходныя харчовыя тавары. А галоўнае, як мне здаецца, тут ёсць заўсёды жаданне абслужыць як мага лепш свайго пакупніка. Найбольш напружаныя гадзіны – менавіта, калі людзі ідуць на абед або вечарам, пасля работы. Калі я запытаў загадчыцу магазіна Людмілу Марцішэвіч, колькі прыкладна за дзень кліентаў наведвае магазін, спачатку яна разгубілася, але тут жа знайшлася і па колькасці прабітых чэкаў падлічыла – атрымалася больш за 300. Мне здалося, што гэта не так і многа. Аднак, калі на кожнага пакупніка затраціць у сярэднім тры хвіліны, атрымаецца цэлых 900 хвілін ці 15 гадзін працы нон-стоп. Праўда, звычайна абслугоўваюць тут два прадаўцы, але ўлічваючы, што магазін адчынены толькі на працягу 11-ці гадзін, дык і на дваіх работы хапае.
Вяртаючыся зноў да “гераіні” здымка, хочацца адзначыць, што добрыя словы ў яе адрас я пачуў і ад некаторых кіруючых работнікаў райспажыўтаварыства, ад загадчыцы магазіна. Жанна прыйшла ў сферу гандлю яшчэ ў канцы 90-х ужо мінулага стагоддзя. І, мабыць, зусім не выпадкова. Прадаўцом была тады яе мама, Л.З.Мароз, і цяпер працягвае працаваць загадчыцай магазіна ў Пархімаўцах. А дзеці, як паказвае практыка, часта выбіраюць прафесіі сваіх бацькоў.
Хочацца пажадаць і надалей Жанне, а таксама ўсім яе калегам па працы, каб, карыстаючыся гульнёй слоў у рускай мове, самы “лакомый кусок” і ў прамым, і ў пераносным сэнсе пакупнікі заўсёды знаходзілі ў магазіне “Лакомка”.
Сяргей ХІЛЮТА,
фота аўтара