Ігнацій Якуб Масальскі – біскуп Віленскі

Из истории земли Берестовицкой Культура

Ігнацій Масальскі нарадзіўся 22 ліпеня 1727 г. як чацвёрты сын князя Міхала Юзафа і Францішкі з Агінскіх. Выхоўваўся ў алекшыцкім маёнтку пад апекай святара каноніка Яна Дамініка Лапацінскага, які з малых год рыхтаваў яго да духоўнай кар’еры. Потым вучоба ў езуіцкім каледжы ў Гродне, у Віленскім Collegium Nobillium, у Варшаўскай Семінарыі Святога Крыжа, у адным са старэйшых і славутых універсітэтаў свету – Ля Сапіенца пры Ватыкане.
У 1752 годзе Ігнацій Масальскі вяртаецца на Літву доктарам тэалогіі і філасофіі, прымае святарскі сан, працуе пробашчам у Воўпе, Ружанах. Праз 10 гадоў становіцца біскупам віленскай дыяцэзіі, і на гэтай пасадзе яму давядзецца быць рэкордны для біскупаў тэрмін – 32 гады.
Сваю працу новы біскуп распачаў аднаўленнем сістэмы кіравання і адміністрацыі курыі. Цікавасць уяўляе яго пастырская спадчына. Значная частка яго пасланняў датычыцца пытанняў епархіяльнай адміністрацыі, касцельнай дысцыпліны, літургіі, іншыя накіраваны на тлумачэнне і папулярызацыю рашэнняў Ватыкана. Асобную групу складаюць лісты сацыяльна-эканамічнай тэматыкі.Біскуп Масальскі дамагаўся таго, каб сельскае найніжэйшае духавенства ў сваёй дзейнасці карысталася мовамі, зразумелымі для парафіянаў. Імкнуўся да лібералізацыі рэлігійнага жыцця ў Вялікім Княстве Літоўскім. Па яго ініцыятыве рэарганізавалі Віленскую каталіцкую семінарыю і абнавілі змест навучання ў ёй (1763 г.): у праграму ўвайшла гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, польская літаратура, француская мова.
Заклапочаны неабходнасцю правядзення рэформ на радзіме, Ігнацій Якуб Масальскі жыва цікавіўся перадавой еўрапейскай думкай у галіне палітыкі, эканомікі і філасофіі. Захапіўшыся поглядамі фізіякратаў, ён стаў актыўным прапагандыстам іх ідэй на радзіме і ўсяляк садзейнічаў іх ажыццяўленню. Ён выступаў за прадастаўленне сялянам поўнай свабоды і надзяленне іх усімі правамі грамадзян. У 1774 г. выступіў на сейме за вызваленне сялян ад прыгону і надзяленне іх зямлёй, у тым самым годзе перавёў частку сялян свайго маёнтка каля Ігумена з паншчыны на чынш.
У Рэчы Паспалітай патрабавалася рэформа сістэмы адукацыі. Ігнацій Масальскі становіцца адным з ініцыятараў стварэння Эдукацыйнай камісіі, да якой пераходзіць уся маёмасць забароненага ордэна езуітаў. Загадам караля Масальскі прызначаны на пасаду першага старшыні камісіі (1773-1776 гг.). Ён арганізоўвае фонд падтрымкі публічнай асветы і становіцца яго распарадчыкам. Абвінавачаны ў злоўжываннях, у 1777 г. пакінуў пасаду старшыні, але сябрам камісіі працягваў заставацца да смерці. Галоўнай заслугай Эдукацыйнай камісіі было стварэнне зусім новай сістэмы народнай асветы — дзяржаўнай і свецкай. Эдукацыйная камісія ў 1783 г. зацвердзіла адзіны статут навучання. Былі напісаны новыя праграмы. У змест адукацыі ўключалася навучанне чытанню, пісьму, лічэнню, пачаткам практычнай геаметрыі, знаёмства з сістэмай мер, вагі і  грошай, садаводствам, агародніцтвам і наогул сельскай гаспадаркай. Латынь заменена польскай мовай. Адукацыя стала свецкай, дэмакратычнай, структурна шматузроўневай, таленавітым выхадцам з народа адкрыўся шлях у навуку.
 Шматгранныя інтарэсы біскупа Масальскага прасціраліся не толькі на палітыку і эканоміку, але і на мастацтва. Яшчэ падчас навучання ў Рыме ён быў актыўным удзельнікам гуртка аматараў паэзіі, так называемай Аркадскай Акадэміі (Аркадзіі).
Усебакова адукаваны, выхаваны ў Еўропе, ён увайшоў у гісторыю і як мецэнат. Ён дапамагаў архітэктарам Лаўрыну Гуцэвічу і Марціну Кнакфусу, пачынальнікам віленскага класіцызму. Сын прыгоннага селяніна Лаўрын Гуцэвіч падарожнічаў па Еўропе разам з біскупам Масальскім на сродкі апошняга, а пасля ў Парыжы паўтара года слухаў лекцыі па архітэктуры. Пасля чатырох гадоў падарожжаў па вяртанні ў Літву не без дапамогі свайго заступніка атрымлівае дваранскі тытул. Масальскі дорыць яму ў пажыццёвае карыстанне землеўладанні ў Браслаўскім павеце і дом у Вільні. Перабудаваны па ініцыятыве і стараннямі Масальскага пад кіраўніцтвам Лаўрына Гуцэвіча епіскапскі палац у Вільні сёння з’яўляецца галоўнай рэзідэнцыяй Прэзідэнта Літвы, а выкуплены Масальскім і капітальна перабудаваны на яго сродкі палац у Вярках доўгі час займала Акадэмія навук Літвы. Сёння праслаўлены мастакамі і паэтамі палацава-паркавы комплекс Вяркай уваходзіць у лік 100 самых прыгожых палацаў свету і ахоўваецца дзяржавай.
Пры Масальскім актыўна будаваліся і адчыняліся новыя касцёлы. Галоўная каталіцкая святыня сучаснай Літвы, кафедральны касцёл Святога Станіслава і Святога Уладзіслава пабудаваны на ўласныя сродкі біскупа Масальскага. У 1775 г. ён падарыў Віленскаму ўніверсітэту будынак, які складаўся з трох дамоў.
Сёння адна з вуліц старой Вільні носіць імя біскупа Ігнація Якуба Масальскага. А пабудаваныя па яго ініцыятыве і пры яго фінансавай падтрымцы палацы і будынкі паклалі пачатак віленскай школе класіцызму і сёння з’яўляюцца помнікамі архітэктуры сусветнага значэння.
Чалавек вялікай культуры і невычарпальнай энергіі, добры арганізатар, шчодры мецэнат, асветнік, з аднаго боку, біскуп І.Я. Масальскі, з другога боку, не цураўся і зямных радасцей. Выхаваны ў магнацкім асяроддзі, ён меў тыповыя для свайго часу заганы: гуляка, карцёжнік і казнакрад, які бессаромна прысвойваў спадчыну езуітаў. Гэтыя рысы ўжываліся ў ім з сапраўдным шчырым патрыятызмам і гуманізмам. Ён непакоіўся за будучае краіны, хацеў аднаўлення Рэчы Паспалітай, імкнуўся палепшыць жыццё народа шляхам асветы і мірных рэформ. Будучы чалавекам дальнабачным, ён разумеў, што прагнілая сістэма ўлады ў дзяржаве не ў стане супрацьстаяць магутнаму ўсходняму суседу. Маючы шырокія сувязі ў палітычных колах, падтрымліваючы асабістую перапіску з Кацярынай ІІ, у тагачасных абставінах ён не мог быць вольным у сваіх рашэннях: парадкі ў другой палове ХVIII ст. на тэрыторыі Рэчы Паспалітай наводзіла расійская армія, да таго ж Папа Рымскі актыўна падтрымліваў палітыку Кацярыны ІІ. Таму ў 1789 годзе біскуп Масальскі прымае ўдзел у Чатырохгадовым Сейме, радуецца прыняццю Канстытуцыі, нават дае ўрачысты абед на пяцьдзясят персон, а ўжо назаўтра выступае супраць Канстытуцыі; паўстае супраць падзелу Рэчы Паспалітай на меншыя часткі, але вымушаны падпісаць Таргавіцкую канфедэрацыю, каб захаваць мір і пазбегнуць кровапраліцця.
Калі пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, біскупа І. Я. Масальскага разам з іншымі таргавічанамі прызналі здраднікам, арыштавалі і пасадзілі ў варшаўскую турму. 28 чэрвеня 1794 г. падчас сляпога народнага бунту ў Варшаве якабінцы выцягнулі Масальскага з турмы і павесілі на плошчы перад касцёлам св. Ганны на Кракаўскім Прадмесці. Праз некалькі гадзін пасля павешання прыйшоў ліст ад Тадэвуша Касцюшкі аб вызваленні біскупа з турмы. Акт самасуду асобы такой значнасці і аўтарытэту выклікаў пратэст папскага нунцыя і шырокі негатыўны рэзананс грамадскасці. Па загадзе Касцюшкі ўсе ўдзельнікі гэтага злачынства былі асуджаны і пакараныя.
Прах віленскага епіскапа Масальскага перавезены ў Вільню і пахаваны ў пабудаваным ім Кафедральным Саборы. Сёння там, справа ад алтара, у капліцы Біскупа, знаходзіцца яго мемарыяльнае надмагілле.
Галіна Румак, настаўнік Алекшыцкай сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *