1 верасня ўстановы адукацыі раёна распачалі новы навучальны год. Сёлета за школьныя парты селі больш за 1500 юных бераставічан, з іх 141 першакласнік упершыню пераступіў школьны парог.
Першы ўрок, на які сабраліся ўсе школьнікі ў Дзень ведаў, у гэтым годзе прайшоў пад назвай «Я вырас тут, і край мне гэты дарагі» і быў прысвечаны малой радзіме і яе значэнні ў жыцці кожнага чалавека.
Аб тым, што трэба любіць родны край, сваёй вучобай і працай праслаўляць родныя мясціны, расказала сваім вучням-трэцякласнікам і Юлія Найда, настаўніца пачатковых класаў Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы.
Для маладога спецыяліста, якая прыехала ў Вялікія Эйсманты пасля заканчэння Ваўкавыскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, гэта першы ўрок, які яна правяла ў статусе паўнапраўнай настаўніцы.
-Вядома, я вельмі хвалявалася перад першай сустрэчай са сваімі вучнямі, — прызнаецца Юлія Валер’еўна. – Бо адна справа – даваць урокі ў час педагагічнай практыкі, а зусім іншая – самастойна працаваць з класам. Але я вельмі люблю дзяцей і спадзяюся, што мы хутка знойдзем агульную мову з маімі трэцякласнікамі і будзем паспяхова крочыць па лесвіцы ведаў.
Дарэчы, Юлія Найда – ураджэнка нашага раёна, у 2016 годзе яна закончыла Вялікабераставіцкую сярэднюю школу. І тое, што яна была размеркавана на працу на Бераставіччыну, дзяўчына ўспрыняла з радасцю. Тым больш, што ў Вялікіх Эйсмантах маладому спецыялісту выдзелілі службовую кватэру, тым самым вырашыўшы праблему з жыллём, з якой найбольш часта сутыкаюцца маладыя людзі, якія прыбываюць па размеркаванню на першае месца працы.
-Я нарадзілася і вырасла на Бераставіччыне, тут я распачынаю свой працоўны шлях, – гаворыць маладая настаўніца. – Любові да роднага краю я буду вучыць дзяцей не толькі сёння, у Дзень ведаў, але і ў кожны дзень маёй працы. Бо гэта галоўнае, што павінна быць у сэрцы кожнага беларуса.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара