Яўгену Савелю справа па душы

Лента новостей

Наш зямляк, малады жыхар г.п. В. Бераставіца Яўген Савель яшчэ нядаўна вучыўся ў школе, а затым у тэхнічнай “кузні кадраў” аграрыяў — Жыровіцкім каледжы, а зараз у полі яго зроку ўся вытворчая тэхніка ў КСУП “Малабераставіцкі элітгас”. Як і многія юнакі, тэхніку ён палюбіў з дзяцінства, і праблема выбару будучай прафесіі ў яго ніколі не была вострай, пайшоў хлопец менавіта туды, куды клікала душа. У каледжы многаму навучыўся, выкладчыкі там вопытныя і дасведчаныя. Яўген літаральна ўпітваў тэорыю, а практыка яму таксама вельмі падабалася, бо нават дакрануцца да магутных трактароў і камбайнаў, сучасных сельскагаспадарчых агрэгатаў вельмі цікава.
У КСУП “Малабераставіцкі элітгас” Яўген пайшоў працаваць ахвотна, бо ведаў пра добрую рэпутацыю гэтай гаспадаркі са стабільным развіццём. Пачынаў там інжынерам-механікам, а зараз ён загадчык машыннага двара. Пасада гэтая адказная, і калі даверылі такі няпросты занятак маладому чалавеку, значыць, паспеў праявіць сябе з самага лепшага боку. Разнастайнай вытворчай тэхнікі ў элітгасе хапае, яе добра даглядаюць, берагуць. А зараз прадстаіць аграрыям сур’ёзны экзамен – інтэнсіўныя палявыя работы, сяўба яравых, пасадка бульбы. Усе яны павінны выконвацца ў самы сціслы тэрмін, таму трэба, каб тэхніка не падводзіла. Любая паломка або нечаканасць у гарачую пару – сапраўдны стрэс для механізатараў і інжынернага звяна. Таму вялікая ўвага надаецца своечасовай прафілактыцы. Да раённага агляду гатоўнасці тэхнікі да вясенніх палявых работ тут рыхтаваліся загадзя. З запчасткамі асаблівых праблем не было.
Мне спадабалася, што мой субяседнік вылучаецца немалой сціпласцю і не любіць многа гаварыць пра сябе. Аднак калі ён някідка расказвае пра тэхніку і сваю любімую справу – у яго літаральна загараюцца вочы, а гэта верная прыкмета зацікаўленага і нераўнадушнага чалавека.
А ў вольны час Яўген захапляецца музыкай. У яго прыгожы голас, ён любіць спяваць. На канцэртах у райцэнтры можна ўбачыць гэтага энергічнага творчага чалавека і парадавацца, як удала ён сябе рэалізуе. А з песняй па жыцці ісці лепш, бо калі душа спявае, настрой бадзёры, дык усё нам удаецца.

Арыентуемся на якасць
З пачаткам вясны на базарах гандляры актыўна прадаюць са­джанцы пладова-ягадных культур.
— Кантроль за якасцю такога запатрабаванага тавару ажыццяўляе інспекцыя па насенняводству, каранціну і ахове раслін, — гаворыць галоўны аграном Бераставіцкай раённай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Таццяна Жыўлюк. — На саджанцы, чаранкі і расаду павінны быць адпаведныя пасведчанні. Калі такіх дакументаў у прадаўца няма, няварта рабіць пакупку. На кожным саджанцы, напрыклад, павінна быць этыкетка з указаннем культуры, гатунку, узросту расліны. Матэрыял павінен быць адаптаваны да мясцовых кліматычных умоў.
А як жа адрозніць культурную расліну ад дзікай?
Спецыяліст раіць звярнуць увагу на тое, што ў саджанца можа быць шмат кароткіх галінак з калючкамі. Гэта дзічок, і купляць яго не трэба. Калі карані кароткія, абламаныя, сухія, а расліну не хаваюць ад сонца, лепш за ўсё таксама ўстрымацца ад пакупкі.

“Нахабны” госць
Выглянула сонейка, пайшлі лагодныя веснавыя дажджы, і зялёныя кволыя парасткі раслін цягнуцца ўвышыню, набіраюцца сіл. Але ёсць экзатычная расліна, якая вылучаецца сярод іншых сваёй адметнай прагай да жыцця. Калі на агародзе мы ўсяляк даглядаем свае “капрызлівыя” пасевы і пасадкі, а яны не вельмі і апраўдваюць нашы чаканні, дык баршчэўнік Сасноўскага ў поймах рэк, на берагах азёр і проста ў лесе і на ўскрайках дарог літаральна паражае нас сваёй жыцця­здольнасцю. Таму і аграрыям, і жыхарам раёна трэба быць пільнымі.
— Справіцца з гэтай раслінай яшчэ ніхто не змог, — адзначае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Шадрын. – Яна працягвае сваё шэсце ў самых розных напрамках. На Бераставіччыне таксама ёсць астраўкі, дзе “нахабны” госць адчувае сябе вольна і камфортна. Напрыклад, можна ўбачыць яго магутныя парасткі каля вёсак Івашкаўцы, Белы Дворак, аграгарадка Пархімаўцы і ў іншых месцах. Да ўсіх нераўнадушных людзей у нас вялікая просьба – знішчайце баршчэўнік! Лепшы спосаб барацьбы з ім – гэта выкопваць карані, каб ён не адрастаў. Пры работах абавязкова трэба засцерагацца, каб не атрымаць апёкі скуры і вачэй. І нават рэгулярнае скошванне баршчэўніка дасць хаця б той станоўчы эфект, што насенне не выспее і не разляціцца па паветры, заснаваўшы новыя папуляцыі.
Шкодную расліну можна ўбачыць у самых нечаканых месцах. Калі яна яшчэ малая, выкапаць яе значна лягчэй, чым потым, калі яна “вымахае” больш за 2 метры…
Падрыхтавала Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *