Нядаўна ў нумары 9 нашай газеты за 4 лютага быў змешчаны водгук чытача на артыкул Мікалая Пацэнкі “Ці быў храм у Старым Дворцы?” пад назвай “А царква стаяла прыблізна ў гэтым месцы…”. І вось адгукнуўся яшчэ адзін чытач, які ведае не прыблізнае, а дакладнае месцазнаходжанне былога храма. Гэта жыхар Старога Дворца Сяргей Дзярнейка. Ён патэлефанаваў мне і ахвотна згадзіўся паказаць тое месца, дзе засталіся рэшткі ад той царквы. Сяргей Аляксандравіч добра памятае, як некалі на полі за вёскай, непадалёку ад гасцінца ў бок Рэплі, знаходіліся рэшткі каменнай пабудовы. Дарэчы, поле тое ў народзе называлі Папоўшчынай. А ў тую канструкцыю, памятае ён, была ўмуравана невялікая ікона. Дзеці часам гулялі там. Аднак дзесьці ў канцы 60-х – пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя на тым месцы пабудавалі дом. Туды пераехалі людзі з хутара каля Трумпаў. Такім чынам, рэшткі ад старой царквы аказаліся за агароджай пасярод двара. І цяпер яны знаходзяцца там. Мабыць, не хацелі людзі разбураць тое, што засталося ад святога месца.
Сяргей Аляксандравіч таксама чуў ад свайго бацькі, што сюды прыязджаў у свой час кузьміцкі бацюшка і праводзіў богаслужэнне. А яшчэ ён чуў легенду ад людзей з Трумпаў, што, нібыта праходзячы недалёка ад таго месца, дзе стаяла царква, чуваць часам дзіцячы плач. Паводле легенды там загінулі дзеці. Адныя казалі, што ў паўразбураны храм, у якім яны схаваліся ад навальніцы, ударыла маланка. Была і такая версія, нібыта царква абвалілася, і дзеці апынуліся пад заваламі.
Так выглядае сёння фрагмент пабудовы старадварэцкай царквы.
Сяргей Хілюта
хутор принадлежит пчеловоду Товкачу. Я когда был у его на пасеке то удивлялся этим камням. Оказывается это была церковь.