Яніна Іванаўна з вёскі Жукевічы Эйсмантаўскага сельсавета любіць працаваць на зямлі

Лента новостей

155…Ехалі ў Бераставіцу рэйсавым аўтобусам, і я звярнула ўвагу на вялікі жоўты перац, што ляжаў каля вадзіцеля.
– Гэта мяне пачаставала бабуля з Жукевічаў, – гучна патлумачыў той. – Вунь яна, на пярэднім крэсле сядзіць.
Я азірнулася. І ўбачыла, што мне прыязна ўсміхаецца мілавідная жанчына гадоў пад семдзясят пяць.
І вось ужо мы размаўляем. Яніна Іванаўна Іядкоўская – з вёскі Жукевічы Эйсмантаўскага сельскага Савета. На маю зацікаўленасць, як ёй удалося вырасціць такога перца-велікана, жанчына ахвотна адказала:
– А нічога асаблівага не рабіла. Усё догляд любіць: як будзеш клапаціцца, так будзеш і мець. Мае дзеці неяк надта ж удалы гатунак перцаў купілі. Падумала, што трэба ў сябе яго завесці. І во ўжо каторы год такія перцы на агародзе растуць. Выспеюць – то я насенне з самых лепшых перчын збяру, каб потым, у лютым, пасеяць ў гаршчочкі. А з прыходам вясны высаджваю расаду.
Выказваю меркаванне, што Яніне Іванаўне ўжо няпроста ўпраўляцца з агародам.
– Даглядаць яго памагаюць дзеці і ўнукі, – удакладняе яна. – Стараемся, бо ўсё клопат любіць. Ну а перцы расліна асабліва капрызная. Накрываем плёнкай, каб ім было цяпло. Бачым, што пладоў завязваецца многа – абавязкова падвязваем кусцікі..
– Думаю, і ўсе так робяць, – працягвае мая новая знаёмая. – А паколькі гэты год для перцаў спрыяльны, то яны і ўрадзілі. Унучка некаторыя для інтарэсу ўзважвала: больш як па 400 грамаў!
… Мы працягваем гутарку і прыехаўшы ў Бераставіцу. Тэма зацікавіла Яніну Іванаўну, і яна ахвотна расказвае пра свой агарод, у якім так любіць корпацца.
– У мяне не болей сямі сотак, – дзеліцца. – Але месца на ўсё хапае. Зямля добрая, ні каменьчыка, ні грудачкі – кожная за гэтулькі гадоў у пальцах старанна перацёртая. Угноіш, падрыхліш як след – і ўсё расце як на дражджах. Мне зяць вельмі падсабляе: ёсць невялічкі трактар, так што бяды з ворывам няма.
– Хіба, скажыце, можна жыць у вёсцы і не мець агароду? – па-філасофску разважае далей. – Яно то і без яго пражыў бы – сёння ў магазіне ўсё купіш. Аднак у нашых Жукевічах і зусім старыя людзі ў агародах корпаюцца. Хіба ж улежаць спакойна рукі, якія ўсё жыццё на зямельцы працавалі?
Я разумею, пра што яна кажа. Бо не раз і не два слухала аповеды вясковых бабуль пра сваё жыццё, пад старасць часцей за ўсё адзінокае. На мае довады, што ўжо пара і адпачываць, тэлевізар глядзець, а не рупіцца ў агародзе, усе яны даводзілі: вельмі крыўдна было б бачыць замест агуркоў ды цыбулі толькі траву ці крапіву.
– А чаму, вы думаеце, на падворку адзінокай бабулі, якая без кіёчка ўжо і кроку не ступіць, па-ранейшаму ходзяць куры? – працягвае свае разважанні Яніна Іванаўна. І тлумачыць: – Бо без жыўнасці падворак пусты і сумны. І не столькі тыя яйкі патрэбны, як карціць чалавека адвечная звычка клапаціцца пра нешта. Калі б у мяне не было курэй, то не было б і патрэбы выйсці з хаты. А так можаш не можаш, а прой­дзешся – і, глядзіш, кроў пачынае бегчы шпарчэй. Ды і час хутчэй праходзіць.
І гэтыя яе разважанні падкупляюць сапраўднай сялянскай мудрасцю.
…Яніне Іванаўне яшчэ далёка да таго ўзросту, калі даводзіцца браць у рукі кіёчак. Але здароўем яна пахваліцца не можа: дактары даўно прызначылі інваліднасць. А апошнім часам жанчыне давялося перанесці аперацыю на воку. Ды і ўвогуле жыццё яе не песціла. З мужам, Здзіславам Станіслававічам, траіх дзяцей выгадавалі – дачку і двух сыноў. Муж у гаспадарцы зваршчыкам працаваў. Аднак сёння Яніна Іванаўна ў іх прасторнай цаглянай хаце жыве адна: ідзе чацвёрты год, як мужа не стала.
Гэтая страта, на вялікі жаль, у жанчыны не першая. Шэсць год назад на іх сям’ю абрынулася страшэннае гора: у аўтамабільнай аварыі загінуў 39-гадовы сын Іядкоўскіх… Здавалася, перажыць такое проста немагчыма. Але ж куды, скажыце, падзецца?…
Бацькоў выратоўвалі дзеці, унукі-праўнукі, атулілі іх бясконцымі ўвагай і клопатам.
– Не хачу хваліцца, але, дзякаваць Богу, дзеці нашы выраслі харошыя, – кажа Яніна Іванаўна. – Душэўныя, спагадлівыя. Усё разумеюць, умеюць падтрымаць у цяжкую хвіліну. Калі б не гэта, то й не ведаю, як бы я вытрымала такое выпрабаванне лёсу.
А яшчэ яе моцна падтрымлівае вера ў Бога.
– Дзякуй за клопат кіраўніцтву нашага кааператыва: і на святы, і ў выхадныя дні мы ездзім у касцёл на аўтобусе, – кажа.
Цікаўлюся ў Яніны Іванаўны, колькі ў яе ўнукаў і праўнукаў. І, падобна, гэтым канчаткова падкупляю сваю субяседніцу. Вочы яе ўвачавідкі цяплеюць і выпраменьваюць шчасце. Хваліцца:
– А я, ведаеце, багатая: маю шасцёра дарослых унукаў і трое малых праўнукаў. Дзеля іх і жыву на гэтай зямлі.
Ахвотна і з радасцю расказвае пра кожнага свайго ўнука: пра тое, хто чым займаецца, захапляецца. Ганарыцца, што ўсе яны знайшлі сябе ў жыцці, што іх цэняць у калектывах, дзе працуюць.
Да прыкладу, прозвішча аднаго з унукаў, Аляксандра Іядкоўскага, ужо добра ведаюць чытачы нашай газеты. Малады чалавек – адзін з лепшых барцоў вобласці. Ён, выпускнік Бераставіцкай ДЮСШ, скончыў вучылішча алімпійскага рэзерву і цяпер працуе трэнерам у раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе прафсаюзаў.
Мне прыемна слухаць маці і бабулю. Разумею: Яніна Іванаўна ў сваёй сям’і той душэўны магніт, да якога цягнуцца ўсе. І неаспрэчны аўтарытэт, незаменная дарадчыца. А гэта і ёсць сапраўднае мацярынскае шчасце.
– Ведаеце, у жыцці нішто так не важна, як здароўе і ўменне у любым выпадку заставацца чалавекам, – зноў па-філасофску разважае Яніна Іванаўна. – Здаўна ж людзі кажуць: той багаты, хто здаровы, і той шчаслівы, хто ўмее берагчы і шанаваць сваё шчасце. Сваім дзецям я не раз казала пра гэта.
… Такая вось жанчына жыве ў Жукевічах. Звычайная сяльчанка, знаёмства з якою пакінула светлы след у маёй душы.

Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *