Яніна Антушэвіч і яе захапленні

Лента новостей

Вёскі Эйсмантаўскага сельсавета вызначаюцца асаблівай прыгажосцю, чысцінёй, утульнасцю і добраўпарадкаванасцю. Што ні сядзіба, то абавязкова нешта адметнае на падворку можна ўбачыць. Вяскоўцы “спаборнічаюць” паміж сабой у азеляненні і аздабленні сваіх падворкаў. Працавітыя і руплівыя гаспадары – усё больш пажылыя людзі – прывыкшыя да працы на зямлі, даглядаюць свае сядзібы, умела вядуць хатнюю гаспадарку і, разам з тым, дбаюць пра прыгажосць родных куточкаў.

Вялікія Ёдкавічы. Едзем у госці да Яніны Казіміраўны Антушэвіч. Яе сядзібу, якую нам рэкамендавалі як узорную, адшукаць няцяжка. Ужо здалёк відаць буслоў, якія прымасціліся на дрэвах, ды і дарога, што вядзе да Антушэвічаў, паабапал усыпана кветкамі.
Нас ветліва сустракае гаспадыня – жвавая, невялічкага росту жанчына з маладым запалам у вачах. І не скажаш адразу, колькі ёй гадоў. Пытаюся і … дзіўлюся: Яніне Казіміраўне – 82!
На падворку – што і казаць, сапраўдная казка! Не верыцца, што гэткая прыгажосць створана рукамі чалавека. Усюды мноства кветак. А вось невялічкая таямнічая сажалка з лебядзямі, а рыбкі ў ёй… жывыя! Напэўна ж, гэта самае любімае месца яе праўнукаў, якіх у жанчыны ўжо двое. Прыгожая альтанка. Сям’я Антушэвічаў тут вельмі любіць адпачываць цёплымі летнімі вечарамі. Часта ў выхадныя наведаць бацькоў і дапамагчы ім па гаспадарцы прыязджаюць двое сыноў Яніны Казіміраўны з сем’ямі, чацвёра ўнукаў. Тут, на родным падворку, яны адпачываюць душой і атрымліваюць асалоду ад створанай рукамі матулі прыгажосці.
Яніна Казіміраўна расказвае пра кветкі, пра тое, як рэалізоўвала свае задумкі. І ва ўсім адчуваецца яе любоў да справы, якой жанчына займаецца доўгія гады. Кветкі – яе аддушына ў паўсядзённых клопатах. І яна – сапраўдны дызайнер!
Вельмі ўражвае і прыгожы дом Антушэвічаў. Неверагодна, але ўбачыўшы неяк у часопісе здымак дома, упрыгожанага цудоўнай драўлянай кафляй, жанчына загарэлася ідэяй аздобіць гэтак жа і сваю хату. І знайшла-такі яго гаспадара – майстра па дрэве – ажно ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. У выніку – цяпер і яе дом з прыгожымі драўлянымі ўзорамі і адметны на ўсю акругу.
Простая вясковая жанчына, у мінулым жывёлавод, а потым – паштальён, Яніна Казіміраўна яшчэ і адмысловая майстрыха. Яна ў свой час цудоўна вышывала, вязала кручком, пруткамі, ткала. Створаныя ёю рэчы – сурвэткі, ручнікі, дарожкі, абрусы, фіранкі, навалачкі і многае іншае – сапраўдныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яны, дарэчы, неаднаразова дэманстраваліся на выставах народных умельцаў, і Яніна Казіміраўна атрымлівала ўзнагароды за іх адметнасць і прыгажосць. Такімі вось самабытнымі, унікальнымі людзьмі і слаўная мясцовая зямля!
Святлана ГАНЧАРОВА,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *