Часам толькі месцамі прыцярушаная снегам зямля нагадвае нам, што за вокнамі зіма. Здаецца, што часы, калі ўсю ноч і ўвесь дзень бушавала завіруха, а яе лютую сілу і злоснае завыванне падмацоўвалі моцныя маразы, засталіся ў патаемных кутках нашай памяці ў выглядзе дзіцячых успамінаў. Сапраўды, у апошнія гады ртутны слупок тэрмометра за акном, нібы ліфт шматпавярхоўкі, то імкліва ўзнімаецца ўверх, то заміраючы, рэзка зрываецца ўніз. Падобная нестабільнасць, асабліва калі на парозе прадвеснавая пара, — дадатковы галаўны боль не толькі для аграномаў сельгаспрадпрыемстваў, але і спецыялістаў інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін.
Даведаемся, чым выклікана гэтая занепакоенасць, і, увогуле, ці ёсць для яе якія-небудзь падставы?
— Азімымі збожжавымі культурамі пад ураджай наступнага года сельгаспрадпрыемствамі Бераставіччыны засеяна 10840 гектараў зямель, — зазначае галоўны аграном па ахове раслін Бераставіцкай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін Алена Лапавухава, — і для таго, каб у будучым атрымаць шчодры ўраджай, неабходна абавязкова сачыць за “самаадчуваннем” раслін. Трэба сказаць, што ў зімоўку азімыя збожжавыя ўвайшлі ў добрым стане. І гэта, безумоўна, цешыць. Аднак моцныя маразы на голую зямлю ці, наадварот, наяўнасць снежнага покрыва з плюсавой тэмпературай – акалічнасці, здатныя ўнесці свае карэктывы, напрыклад, поўнасцю знішчыўшы ўсе пасевы. Таму штогод, звычайна ў студзені і лютым, з мэтай выяўлення жыццядзейнасці раслін мы праводзім маніторынг стану азімых культур і рапсу метадам маналітаў.
Па словах Алены Леанідаўны, адабраныя ў пасевах маналіты глебы з усходамі высякаюцца і дастаўляюцца ў інспекцыю для адрошчвання і кантролю. У памяшканні з тэмпературай паветра не большай за +10 градусаў іх размяшчаюць для паступовага адтайвання прыкладна дні на два, а на трэці пераносяць у больш цёплы і светлы пакой, дзе праводзяць улік пашкоджанасці раслін рознымі хваробамі. Пасля старое і мёртвае лісце абразаецца і пры рэгулярным увільгатненні глебы ажыццяўляецца далейшы нагляд за развіццём збожжавых. Прыкладна на сёмы дзень пасля адбору маналітаў праводзіцца папярэдні, а на 14-15 дзень – канчатковы ўлік раслін, што выжылі. Жывымі ж лічацца тыя, у якіх адрасло новае лісце.
— Вызначэнне жыццядзейнасці азімага рапсу адбываецца крыху інакш, — удакладняе Алена Леанідаўна. — Тут адным з найбольш хуткіх і менш працаёмкіх метадаў ацэнкі стану раслін у час перазімоўкі з’яўляецца метад “торсаў” або прарошчванне скарочаных раслін. Для гэтага расліны рапсу падкопваюцца на глыбіні 5 сантыметраў ніжэй каранёвай шыйкі і падрэзваюць. У памяшканні пры адпаведным тэмпературным рэжыме іх трымаюць да поўнага адтавання глебы, а пасля фармуюць “торсы”, дзе галоўны корань адрэзваецца на 3-4 сантыметры ніжэй каранёвай шыйкі, а лісце – на ўзроўні месца росту або вышэй яго прыкладна на сантыметр. Пасля карані “торсаў” заліваюцца вадою і прарошчваюцца ў пэўных кліматычных умовах. Праз некаторы час у непашкоджаных маразамі раслін з’яўляецца лісце, а ў пашкоджаных іх рост не назіраецца. Акрамя гэтага, варта звяртаць увагу і на карэнне, бо калі бакавыя карані пашкоджаныя, а галоўны і месца росту не, то расліны лічацца жывымі.
Дарэчы, захворванне раслін снежнай цвіллю ці мучністай расой спецыялісты аховы раслін таксама адсочваюць у маналітах.
Такім чынам, паўторнае адрошчванне азімых культур будзе праведзена ў першай дэкадзе сакавіка. А цяпер у выніку даследавання маналітаў глебы з усходамі трыцікале, пшаніцы і рапсу, узятых на палетках КСУП “Макараўцы” напрыканцы студзеня, спецыялістамі інспекцыі былі зроблены адпаведныя высновы. На дадзены момант усе культуры развіваюцца нармальна: зрэджанасць не назіраецца, снежная цвіль не выяўлена, а пашкоджанасць мучністай расою нязначная.
Зараз жа перазімоўка пасеваў азімых поўнасцю залежыць ад надвор’я, а яе канчатковы вынік – ад развіцця вясенніх працэсаў, калі ў раслін узнавіцца вегетацыйны перыяд і пройдзе прыкладна 1,5-2 тыдні ад яго пачатку. Менавіта тады і будзе праведзены поўны аналіз жыццяздольнасці азімых пасеваў ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ