Як камплектаваўся кніжны фонд Бераставіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы?

Лента новостей

Бібліятэкі пачынаюцца з кнігі. Чым лепш укамплектаваны фонд бібліятэкі, тым яна больш запатрабаваная. Фарміраваннем фонду Бераставіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы з улікам інфармацыйных патрэб карыстальнікаў бібліятэк, якія, дарэчы, пастаянна змяняюцца, займаецца аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага кніжнага фонду. Сярод шматлікіх задач аддзела галоўная заключаецца ў тым, каб набытая кніга заняла сваё месца на паліцы і каб карыстальнік змог гэтую кнігу лёгка і хутка знайсці. Для гэтага работнікі аддзела павінны кожную кнігу правільна закласіфікаваць, унесці дадзеныя ў электронны каталог, выпусціць каталожныя картачкі. Аддзел камплектавання кніжнага фонду па сутнасці з’яўляецца базізным для бібліятэк сістэмы, бо праз яго праходзіць уся літаратура, якая складае аснову работы бібліятэк.
Як вялося камплектаванне кніжнага фонду Бераставіцкай РЦБС у мінулым годзе? Колькі новых кніг трапіла на бібліятэчныя паліцы? Пра гэта наша сённяшняя размова з бібліятэкарам аддзела Наталляй АРЛОЎСКАЙ:

— Наталля Арсеньеўна, патлумачце, калі ласка, чым кіруюцца бібліятэкары пры адборы новых кніг?
— Безумоўна, пажаданнямі чытачоў. У кожнай бібліятэцы сістэмы аналізуецца попыт карыстальнікаў і вядзецца так званая картатэка адмоў чытачам. Згодна з ёй і адбываецца адбор неабходнай літаратуры, якую сёння нам прапануюць кніжныя крамы , установа “Гроднакніга”—наш даўні партнёр, а таксама рэалізуюць непасрэдна выдавецтвы, напрыклад, такія, як “Вышэйшая школа”, “Мастацкая літаратура”, “Літаратура і мастацтва”, “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”, “Беларусь”, “Беларуская навука”, “Народная асвета” і шэраг іншых.
— Што сёння найбольш запатрабавана чытачамі?
— Канешне ж, гэта мастацкая літаратура. Чытачы з нецярпеннем чакаюць навінкі сучасных беларускіх, расійскіх і замежных пісьменнікаў. Па-ранейшаму запатрабаванай школьнікамі, студэнтамі, настаўнікамі застаецца вучэбная і метадычная літаратура, разнастайныя даведнікі, энцыклапедыі, дапаможнікі. Карыстаецца папулярнасцю і навукова-пазнавальная літаратура.
— Колькі новых кніг атрымала Бераставіцкая РЦБС у мінулым годзе?
— У сістэму паступіла 6072 экзэмпляры кніг, што на 186 больш, чым у 2010 годзе. У свой час Міністэрства культуры рэкамендавала мясцовым выканаўчым камітэтам нарматыў на камплектаванне фондаў—не менш 15 % ад агульнага фінансавання на ўтрыманне бібліятэк сістэмы. У мінулым годзе нам было выдаткавана з раённага бюджэту 70,0 млн.рублёў на кнігі і 68,6 млн. рублёў на перыёдыку. Калі ж казаць увогуле пра кніжны фонд РЦБС, то на сённяшні дзень ён складае 215 275 экзэмпляраў.
— Цікава, з якіх яшчэ крыніц папаўняецца кніжны фонд бібліятэк?
— Гэта кнігаабмен з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і абласной бібліятэкі імя Карскага. У мінулым годзе такім чынам паступіла 149 экзэмпляраў кніг. Амаль штогод мы атрымліваем кнігі ў дар ад нашых чытачоў. Летась, напрыклад, перададзена ў дар 605 кніг, большасць якіх – з хатняй бібліятэкі жыхара райцэнтра Мікалая Якаўлевіча Мешчані. Вялікі дзякуй яму за гэта.
— Якія сярод атрыманых кніг выклікаюць найбольшую цікавасць?
— Неабходна адзначыць сацыяльна значную літаратуру ў рамках дзяржзаказу. Гэта 885 кніг самых розных па тэматыцы, якія былі выпушчаны беларускімі выдавецтвамі.
Фарміруецца кніжны фонд па такой набываючай развіццё галіне, як “турызм”, а таксама фонд праваслаўнай, духоўнай літаратуры. Дарэчы, на працягу апошніх трох гадоў мы цесна супрацоўнічаем з выдавецтвам Беларускага Экзархата. Толькі ў мінулым годзе атрымалі 222 экзэмпляры дакументаў—194 кнігі і 28 кампакт-дыскаў. І, трэба сказаць, гэтая літаратура і аўдыякнігі таксама запатрабаваныя.
Яшчэ хацелася б адзначыць, што мы працуем з інвалідамі па зроку і заказваем для іх кампакт-дыскі з аўдыякнігамі. Карыстацца электроннымі кнігамі людзям з абмежаванымі магчымасцямі вельмі зручна. Тэматыка аўдыякніг разнастайная. Дыскаў такіх атрымана ў мінулым годзе 111 экзэмпляраў.
— Мы з вамі загаварылі пра дыскі. Наколькі актыўна папаўняецца медыятэка сістэмы?
— Медыятэка пачала стварацца нядаўна. Яна налічвае сёння 508 электронных дакументаў, 189 атрымана за мінулы год. Прычым у выніку камп’ютарызацыі бібліятэк аграгарадкоў і там сёння існуюць і папаўняюцца медыятэкі. Попыт на дыскі існуе, асабліва сярод школьнікаў і студэнтаў, адным словам, сярод моладзі, якая прызвычаілася да работы з камп’ютарам.
— Якія перыядычныя выданні прапануе сёння Бераставіцкая РЦБС чытачам?
— На першае паўгоддзе гэтага года выпісана ў цэлым па сістэме 61 назва часопісаў і 29 назваў газет. Улічваючы, што сёлета аб’яўлены Год кнігі і акцэнт зроблены на прапаганду беларускіх выданняў, перавага пры афармленні падпіскі надавалася беларускім часопісам і газетам.
— Дзякуй за гутарку, Наталля Арсеньеўна.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *