Як бавілі вольны час на вёсцы

Лента новостей

Цікавых форм культасветработы, як вядома, шмат. Але, па назіраннях работнікаў раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці, найбольш паспяховымі бываюць тыя клубныя ўстановы культуры, што прывязваюць гэтыя формы і метады да адметнасцей і асаблівасцей сваёй мясцовасці. Таму даследаваць свае мясцовыя традыцыі вельмі важна. Сённяшні матэрыял – аб даўніх народных формах баўлення вольнага часу сельскай моладзі.
Як раней адпачывалі на Бераставіччыне? Традыцыйнымі формамі баўлення вольнага часу моладзі з’яўляліся вячоркі і зборы на вуліцы людзей старэйшага ўзросту – вечары ў сямейным коле, паходы ў госці да сваякоў, вячоркі каля хат. У дарослых формы адпачынку суадносіліся з каляндарнымі і сямейнымі святамі, былі больш прывязаны да памяшкання (хаты). У сістэму маладзёжных вечароў зімовага перыяду ўваходзілі працоўныя (супрадкі, вячоркі, попрадкі) і святочныя вечары (калядныя і масленічныя вячоркі, ігрышчы). У вяснова-летні перыяд зборы моладзі на вуліцы былі абумоўлены, у асноўным, каляндарнымі святамі (Благавешчанне, Вялікдзень, Юр’я, Мікола Веснавы, Тройца і г.д.).
Працоўныя вячоркі, можна лічыць формай працы і адпачынку адначасова. Пачынаючы з восені (часцей – ад пачатку Піліпаўскага посту), дзяўчаты збіраліся разам для сумеснай работы. Але згодна з даўняй традыцыяй на такіх вячорках абавязкова прысутнічалі і хлопцы. Моладзь сярэдняга і старэйшага ўзросту мела права адасабляцца ад дарослых, збірацца разам, апранацца больш святочна ў будні. Па народных уяўленнях такія ўмовы (ізаляванасць, большая ступень свабоды) былі неабходны для выканання асноўнай сацыяльнай задачы – паспяховаму пераходу ў стан дарослых. Гэтыя формы сумеснага правядзення часу былі досыць камерныя, абмяжоўваліся вузкім колам моладзі. Хлопцы і дзяўчаты мелі шырокія магчымасці назіраць за характарам і паводзінамі прадстаўнікоў супрацьлеглага полу, прымяняць на практыцы засвоеныя правілы паводзін, абыгрывалі формы адносін паміж жанчынамі і мужчынамі. Назіраецца два тыпы арганізацыі святочных вячорак: дзяўчатамі альбо хлопцамі. Адпаведна гэтаму, рознымі былі роля і значнасць дзявочай групы. Калі вячоркі ладзілі дзяўчаты, яны клапаціліся аб пошуку хаты і аплаце за яе, аб захаванні парадку, ацяпленні, ежы для сябе і гаспадароў і г.д. У святочны перыяд дзяўчаты адчувалі сябе гаспадынямі хаты, запрашалі музыкаў і хлопцаў, рыхтавалі вячэру. У некаторых вёсках збіраліся на вячоркі ў кожнай з сябровак па чарзе. На арганізаваным жа хлопцамі свяце роля дзяўчат зводзілася да ролі гасцей.
У вясенне-летні перыяд, які пачынаўся ад Благавешчання, моладзь збіралася разам на вуліцы – спявалі, гулялі, вадзілі карагоды, танцавалі, ладзілі “маёўкі”, “фэсты”, якія праходзілі каля царквы (касцёла), вясковых крыжоў, падчас правядзення кірмашоў.
У 1950-я гады моладзь яшчэ збіралася на працоўныя вячоркі, але работа ўжо не была асноўным заняткам дзяўчат падчас такіх пасядзелак. Змяніўся і род заняткаў, якія выконвалі дзяўчаты. Прадзеннем займаліся вельмі рэдка, больш вышывалі, плялі карункі, вязалі.
Звычай ладзіць гульні і танцы падчас посту ўкараніўся ў савецкі час, калі з закрыццём цэркваў і касцёлаў менш строга выконваліся рэлігійныя патрабаванні і ўсхвалялася парушэнне даўніх традыцый. Святочныя (зімовыя і летнія) вечарыны перамясціліся ў сельскія клубы, набыўшы новыя формы. Пашырылася кола прысутных. Клубы маглі адначасова змясціць у сябе моладзь некалькіх навакольных вёсак. Змянілася роля хлопцаў і дзяўчат: арганізатарамі і гаспадарамі вечарын сталі работнікі культуры.
Амаль знік такі элемент маладзёжных вечарын, як гульні. Паралельна з клубнымі вечарамі існавала такая форма адпачынку моладзі, як “танцы ў хаце”. Яны ладзіліся досыць вузкім колам дзяўчат і хлопцаў, але ўжо пад патэфоны, пазней – ­ пад прайгравальнікі і магнітафоны.
У той час, калі ў клубах яшчэ гучала “жывая” музыка, моладзь выконвала традыцыйныя народныя танцы. З шырокім пранікненнем у побыт вяскоўцаў прайгравальнікаў, магнітафонаў сельскія музыканты, заўсёды паважаныя і жаданыя, страцілі сваю значнасць і “работу”. Так паступова згубілася традыцыя перадачы музычнага майстэрства і вырабаў музычных інструментаў.
Марыя Юшкевіч, метадыст РМЦ НТ па этнаграфіі і фальклору



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *