Якасць кармоў — пад пільным кантролем лабараторыі райветстанцыі

Лента новостей

Прадукты харчавання павінны быць якаснымі, забяспечваць патрэбу чалавека ў энергіі і быць бяспечнымі для яго здароўя. Жывёлагадоўля ў нашай рэспубліцы паспяхова развіваецца, а каб “ланцужок” кантролю якасці быў адпаведным, за гэтым сочаць многія органы. Напрыклад, Беларускі навукова-даследчы інстытут жывёлагадоўлі, Галоўнае ўпраўленне ветэрынарыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканская ветэрынарная лабараторыя і іншыя. Кантроль ажыццяўляецца і на месцах.
Бадай, адна з самых важных задач сёння ў аграрыяў – нарыхтоўка кармоў. Як і кожны год, асаблівая ўвага надаецца іх якасці. Толькі якасныя кармы здольныя падтрымліваць у належным стане здароўе жывёлы. Гэта неабходна і для павышэння прадуктыўнасці. Улічваецца многае, напрыклад, утрыманне каратыну. А асноўны паказчык, які характарызуе паўнавартаснасць кармоў,– гэта ўтрыманне ў іх сухога рэчыва. А яно ў сваю чаргу залежыць ад таго, якую ўдзельную вагу у ім займаюць пратэін, вугляводы, вітаміны, мінеральныя солі і іншыя складаючыя. Гэта вельмі важна для збалансаванага харчавання як жывёлы, так і чалавека.
Кантроль за якасцю кармоў вядзецца лабараторыяй райветстанцыі на працягу ўсёй нарыхтоўкі, да позняй восені, пакуль не будзе ўбрана каралева палёў – кукуруза. Пасля заканчэння сезона праводзіцца канчатковая праверка. А потым вядзецца перыядычны кантроль у гаспадарках. У адпаведнасці з вынікамі ўносяцца змены ў рацыёны жывёлы. Аналіз дапамагае разлічваць патрэбныя прапорцыі.
Якасць кармоў вызначаецца і па знешнім выглядзе, паху. Напрыклад, сена можа мець зялёны, зялёна-жоўты або зялёна –буры колер, неўласцівы або гнілы пах. Але інфармацыя можа быць недастатковай. Лабараторныя даследаванні паказваюць тое, што можа не заўважыць чалавечае вока.
Па словах ветурача-біяхіміка-таксіколага лабараторыі райветстанцыі Наталлі Дзешка, на 4 ліпеня ў гаспадарках раёна было нарыхтавана 34665 тон сянажнай масы, з іх з кансервантам– 29333 тоны. Даследавана 31575 тон.
Напрыклад, па ўтрыманні каратыну першым класам нарыхтавана 11086 тон сенажу або 54%, другім—13138 тон або 42%, трэцім—1351 тона або 4%.
Па ўтрыманні сухога рэчыва першым – трэцім класам нарыхтавалі амаль усю сянажную масу. Без трэцяга класа праведзена нарыхтоўка ў СВК імя Варанецкага і “Малабераставіцкі элітгас”– людзі пастараліся.
Траншэі паўсюдна закрываюцца плёнкай, каб туды не трапіла дажджавая вада.
А сена ў раёне нарыхтавалі 4024 тоны, на ўтрыманне каратыну праверана 3646 тон. Першым класам нарыхтавана 2811 тон або 77%, другім–735 тон (20%), трэцім–100 тон (3%). Правітамін А вельмі важны для правільнага абмену рэчываў у арганізме жывёлы і чалавека. Без яго немагчыма нармальная жыццядзейнасць.
Па ўтрыманні сухога рэчыва першым класам у раёне сена назапашана 3381 тона–93%, другім – 265 тон (7%).
Яшчэ адна важная праверка– на нітраты. Калі карова атрымлівае кармы, дзе норма іх перавышана, будуць яны і ў малацэ. А ў арганізме чалавека яны ператвараюцца яшчэ ў больш шкодныя нітрыты, якія маюць уласцівасць назапашвацца і атручваць. Праверкі паказалі – у нашым раёне перавышэння нормы нітратаў ў кармах няма, малочныя прадукты можна есці спакойна.

Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *