Яе карані – на Бераставіччыне

Лента новостей

IMG_0029Нялёгкі лёс сяльчанак, але і не шукаюць яны лёгкага хлеба. Пагутарыць з імі заўсёды цікава, таму што можна многаму павучыцца. Яны складаюць той моцны стрыжань, на якім трымаецца вёска. Адметная рыса іх — сіла волі. І на працы, і дома яны сапраўдныя руплівыя гаспадыні.
Брыгадзір участка №1 СВК “Цецяроўка” Ганна Гаўрылюк (на здымку) наша зямлячка, нарадзілася на Бераставіччыне ў вёсцы Яскалды. Мама дзяўчынкі была даяркай, бацька трактарыстам у калгасе, а Аня была самай малодшай з пяці дзяцей. З малых гадоў вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі, як маленькія ўчэпістыя мурашкі, дапамагалі бацькам па гаспадарцы, імкнуліся ўнесці свой, хаця і невялікі, але ўжо важны ўклад, які саграваў сэрцы бацькоў. Ды і ў калгасе прыходзілася старацца разам з дарослымі — падлеткі палолі буракі, хадзілі на іншыя работы. Таму пасля дзявятага класа школы выбар перад працавітай дзяўчынай востра не стаяў – у душы яна даўно яго зрабіла, ведала, што вёска – гэта “яе”. Да раслінаводства больш цягнула, чым да жывёлагадоўлі, таму паступіла Ганна вучыцца на агранома ў Пружанскі саўгас — тэхнікум.
Гады вучобы ўспамінаюцца жанчыне да гэтай пары як цікавыя і радасныя. Выкладчыкі ў тэхнікуме былі дасведчаныя і добрыя, умелі запаліць у сэрцах юнакоў і дзяўчат агеньчык зацікаўленасці да сваіх прадметаў. Ды і без трывалых ведаў спецыялісту не абысціся. Напрыклад, глебаводства вельмі цікавы прадмет. Нават на няўдалых глебах пасля правядзення лабараторных даследаванняў можна палепшыць ураджайнасць раслін дзякуючы правільным севазваротам, добрым папярэднікам, унясеннем арганічных і мінеральных угнаенняў. На прысядзібных участках людзі таксама дабіваюцца значных поспехаў праз сваё старанне. А сучасныя тэхналогіі апрацоўкі глебы, эфектыўная тэхніка ў калектыўных гаспадарках, умелая ахова раслін і “чалавечы фактар” – неад’емныя складаючыя здабыткаў у раслінаводстве. А як дапамагае ў гэтай важнай галіне селекцыйная работа! Цікава, што перспектыўныя гатункі “з добрымі генамі” літаральна надзелены цудадзейнай здольнасцю паляпшаць вынікі нават у не зусім спрыяльных умовах. Разнастайныя даследаванні вялі і вядуць вучоныя. А працягвае работу ў такім накірунку, займаецца палявой дыягностыкай і рэкамендацыямі спецыялістам Інстытут глебаводства і аграхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. “Разумная хімія” супраць “тупой матычкі” таксама здольная тварыць цуды. Яна замяніла сабой шмат цяжкай ручной працы. Прагрэс ідзе наперад і пастаянна ўдасканальвае вытворчасць.
Па размеркаванні пасля тэхнікума прыехала Ганна працаваць на радзіму. Як на крылах яна ляцела ў першы свой самастойны дзень на працу. Пра тое, каб паехаць з вёскі ў горад, і думкі не было. Запомніўся той дзень ёй вялікім натхненнем. Пачынала яна памочнікам брыгадзіра і трапіла якраз у гарачую пару — на ўборку бульбы. І хаця асноўным яе абавязкам было наглядаць за тым, каб усё было зроблена, як належна, каб не было прастояў і тэмп быў добры, цяжкай сялянскай работы дзяўчына не цуралася, капала другі наш хлеб разам з усімі паляводамі, радавалася, што ўраджай выдатны.
А апошнія 14 гадоў Ганна Уладзіміраўна ўжо брыгадзір. Збожжавыя, бульба, кукуруза на сілас і на зерне — пра ўсё яна клапоціцца, каб была добрая аддача. Магчыма, нехта падумае, што работа такая не для жанчыны, ды яшчэ і для шматдзетнай маці. Але ўсё працоўнае жыццё жанчыны-брыгадзіра прайшло ў такім напружаным рэчышчы, і яна з усім спраўляецца не горш, а магчыма, і лепш, чым мужчына. Асабліва радуе Ганну Уладзіміраўну, што калектыў дружны, агранамічная служба моцная, раслінаводства ў сельгаскааператыве эфектыўна развіваецца. За 20 гадоў яе работы значна палепшылася ўраджайнасць. І немалую заслугу бачыць яна ў гэтым у апошнія гады маладога агранома Віктара Белабокага.
— Вельмі добры спецыяліст, дасціпны, нераўнадушны да нашай агульнай справы, — гаворыць брыгадзір. — Ён і падкажа, і дапаможа, ды і чалавек камунікабельны, з якім працаваць прыемна.
Пашанцавала Ганне Уладзіміраўне і на дзяцей. У яе тры дачкі. Старэйшая ўрач, працуе ў Гродне. Сярэдняя вучыцца ў Брэсце ў інжынерна — будаўнічым універсітэце. Малодшая — школьніца, вучыцца добра.
— Але ж Вы ўсё жыццё былі такая занятая, літаральна выхоўваць дзяцей не было часу. Калі жніво, дык і выхадных у вяскоўцаў няма. І такія ў Вас усе дзяўчынкі малайчыны. А ці вучылі з дочкамі ўрокі, Ганна Уладзіміраўна? – цікаўлюся.
— Спачатку вучыла, а потым яны самі авалодвалі ведамі, — дзеліцца сваёй мацярынскай радасцю жанчына. — Яны стараліся вучыцца, ды і дома мне вельмі дапамагалі. Гатаваць любяць, кулінарыяй цікавяцца…
Гэта вялікае шчасце, што дзеці перанялі працавітасць ад маці. Сялянская загартоўка ёсць і ў іх, нягледзячы на тое, што прафесіі сабе яны выбралі іншыя, але таксама па душы і па прызванні.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *