На Дзень Рэспублікі асабліва пачэсна ўшаноўваюцца людзі, якія адваёўвалі незалежнасць нашай Радзімы на франтах Вялікай Айчыннай. Менавіта ім – і самая вялікая даніна павагі нашай, і самая шчырая ўдзячнасць. Удзельнікаў баёў, на жаль, з кожным годам усё менш, таму хочацца з кожным з іх пагутарыць яшчэ і яшчэ раз – пакуль ёсць такая магчымасць, пакуль можна пачуць расказ пра вайну ад непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Ды і не толькі пра вайну, бо і пасляваеннае мірнае іх жыццё – таксама прыклад мужнасці і адданасці Радзіме.
Адзін з такіх ветэранаў – жыхар вёскі Ярмолічы Міхаіл Міхайлавіч Якімовіч. Цяпер яму ідзе ўжо 92-і год. Але не паддаецца старасці былы радавы 32-й дывізіі 80-га гвардзейскага стралковага палка ІІІ Беларускага фронту, удзельнік Усходне-Прускай аперацыі.
– Паранены вярнуўся мой чалавек з вайны, – кажа жонка Міхаіла Міхайлавіча. – Куля трапіла ў шыю і лячылі яго ў ваенным шпіталі. Надта цяжкія, расказваў, баі ішлі пад тым Кёнігсбергам. А быў жа на фронце не апошнім салдатам, і дахаты прыйшоў з медалём “За адвагу” на грудзях. Праўда, тады мы яшчэ не жанатыя былі, вяселле згулялі ў 49-м. І жывём у згодзе ды ў ладзе ўжо шэсцьдзесят чацвёрты год. І як муж, і як гаспадар мой Міхаіл Міхайлавіч гэткі харошы, што такога яшчэ пашукаць трэба. А які юбілей вяселля дзеці і ўнукі нам зладзілі! Прыехалі ўсе да аднаго, вельмі хораша віншавалі, стол адмысловы прыгатавалі.
– А і праўду кажаш, ёсць каму і зладзіць, і павіншаваць, – падтрымлівае Таісію Пятроўну муж. – У сына з дачкой чацвёра дзяцей, трое ўнукаў, падрастае нават праўнучак.
– Два гадкі пакуль маленькаму Назару, і для ўсіх нас ён такая ўжо радасць, такая пацеха, – тлумачыць Таісія Пятроўна.– Гэта ж шчасце якое: мы з Міхаілам Міхайлавічам ужо прапрабабуля і прапрадзядуля. Дзякаваць Богу, што з яго ласкі жывём доўга і бачым нашых дзетачак. Я маладзей за гаспадара, але таксама ўжо восемдзесят чацвёрты гадок ідзе, і гэта вам не жартачкі.
А Міхаіл Міхайлавіч кажа пра сваё – пра тое, чаго не можа выкінуць з памяці ніколі: “На фронце і падумаць, і ўявіць нават не мог, што такі доўгі век пражыву, на дзетак любавацца буду. Такое пекла было – не дай Бог. І пад Кёнігсбергам, і пад другім досыць вялікім горадам, Цынтэнам, баі ішлі надта ж жорсткія, многа нашых байцоў загінула. Я быў, як казала ўжо вам мая Пятроўна, паранены ў шыю. Дастала нямецкая куля пры чарговым наступленні. Мая франтавая прафесія – кулямётчык, а гэта значыць, заўсёды на перадавой. Абучалі нас там жа, у Прусах, і, вядома, на “хуткую руку”, таму вопыту набіраліся ўжо ў баях. Разлік пры кулямёце – чатыры салдаты, я быў першым нумарам. Перамяшчаліся мы звычайна ноччу, пад прыкрыццём цемры, і адразу ж на новым месцы акопваліся. А з шасці раніцы – артпадрыхтоўка: страляюць па ворагу з гармат і танкаў, бамбяць з самалётаў, затым пачынаецца наступленне. І тут ужо ніколі не ведаеш, ці застанешся ў жывых. Разам са мной, толькі ў суседняй роце, ваяваў наш ярмоліцкі мужчына Серафім Лукіч Кулісевіч. Ледзь не загінуў ён у час аднаго з наступленняў, але ўсё ж абыйшлося: ўрачы выратавалі, хоць і застаўся чалавек на ўсё жыццё інвалідам.
Ніколі не забуду, як кантузіла мяне. Было гэта пад Цынтэнам. Бралі адну з высотак з умацаваным дотам, адкуль фашысты стралялі бесперапынна. Паставілі задачу знішчыць гэтую агнявую кропку. На бронетранспарцёры нас ехала васьмёра, і мы ўжо стралялі з кулямёта па ўмацаванні ворага, як побач разарваўся артылерыйскі снарад. Бачыў: падаюць на зямлю байцы, якія сядзелі перада мною, а потым увогуле перастаў і чуць, і бачыць. Кантузіла не толькі мяне, некаторыя ж хлопцы загінулі, былі і параненыя.
– Ты раскажы, як дыверсантаў затрымаў, – падказвае мужу Таісія Пятроўна. – Ці не за гэта табе і медаль “За адвагу” далі?
– Чаму гэта я затрымаў? – пярэчыць жонцы Міхаіл Міхайлавіч.– Не адзін жа я там быў, з іншымі байцамі. А затрымаць то затрымалі, вядома. Самі сабе потым не верылі, як змікіцілі, што гэта фашысцкія дыверсанты. На Балтыйскім узбярэжжы тое было. Немец хацеў свой дэсант тут высадзіць. Бачым, трое чырвонаармейцаў ідуць: старшы лейтэнант, старшы сержант і сержант. Але нешта ў іх паводзінах нам здалося падазроным, не маглі нават растлумачыць сабе, што ж іменна. Можа, празмерная насцярожанасць іх, напружанне ў рухах, поглядах. Хто такія, пацікавіліся. Тыя адрэагавалі імгненна, і не паздаровілася б нам, калі б замарудзілі хоць хвіліну… А медалём сваім ганаруся.
Міхаіл Міхайлавіч з горыччу кажа, што на вайну з іх Ярмолічаў пайшло ці не паўсотні хлопцаў і мужчын, і амаль палова іх не вярнулася, загінулі на прускай зямлі.
– Пра мяне ж, як пра ветэрана, не забываюць ні ў гаспадарцы нашым, ні ў сельсавеце, ні ў раёне, – падагульняе нашу з ім гутарку. – Пазалетась прыязджалі павіншаваць з 90-годдзем з Бераставіцы, з ветэранскай арганізацыі. На Дзень Перамогі і другія дзяржаўныя святы я таксама ў пашане. Старшыня сельсавета Людміла Фядотава на 9 Мая абавязкова спытае: “Можа Вам, Міхаіл Міхайлавіч, ужо цяжкавата дайсці да помніка? Дык сядайце ў машыну, падвязу.”
– І ці ж не сядаў? – ўсміхаецца Таісія Пятроўна. – Сядаў. Хаця мог яшчэ і сам датэпаць. Касу вунь паклеплеш і так траву на падворку выкасіш, што і сынава электракаса не дакажа.
– А чаму ж не выкашу? Магу яшчэ трохі памагчы дзецям, то і памагаю, – парыруе Міхаіл Міхайлавіч.– Бо як жа рукам без работы, калі яны ўсё жыццё рупіліся? Ты на ферме колькі гадоў кароў даіла? Можа з дваццаць. А я іх пасвіў, кармы падвозіў, не адказваўся ні ад якой другой работы. Дзяцей вунь удваіх паднялі. Цяпер бы жыць ды жыць: пенсію прывязуць ды ў рукі пададуць, і купіць за яе можна ўсё, што толькі душа пажадае. Шкада, што старыя мы ўжо з табою, Пятроўна. Але на сваіх нагах яшчэ, то і добра. Няхай дзеці, унукі-праўнукі і прапраўнукі нашы цешацца з жыцця. Галоўнае, каб яны ніколі не зведалі, што такое вайна.
Марыя Драпеза