Гэты шчодры год радуе нас сапраўднымі россыпамі вішні, парэчкі, лясных ягад. Галіны яблынь гнуцца ад багатага ўраджаю яблык самых розных гатункаў.
Тое, што ў СВП «АграМір» ёсць сад, які займае каля двухсот гектараў, гэта вялікая ўдача для гаспадаркі. Пладаводства – перспектыўная галіна ў аграрнай вытворчасці. У краіне дзейнічала дзяржаўная комплексная праграма развіцця бульбаводства, агароднінаводства і пладаводства на 2011 – 2015 гады, у рамках якой было шмат зроблена. Калі яе распрацоўвалі, трымалі ў полі зроку шмат праблем, якія неабходна вырашыць. Напрыклад, актуальнае пытанне для беларусаў – гэта тое, што сваё насельніцтва не забяспечваецца поўнасцю айчыннымі яблыкамі, іх увозяць за валюту. Пры гаспадарчым падыходзе да справы ў нашым спрыяльным клімаце можна столькі вырошчваць такой смачнай запатрабаванай вітаміннай прадукцыі, што нават самім экспартаваць.
Каб сад добра пладаносіў, трэба займацца ім з клопатам і любоўю. Садаводам з СВП «АграМір» уласцівы гэтыя добрыя якасці. Кожны год можна палюбавацца на прыгожыя плантацыі чорнай парэчкі, ароніі. Чорная парэчка Купалінка, Чараўніца, Клусонаўская і іншых гатункаў займае восемдзесят гектараў. Яны такія буйныя, што нават нагадваюць па памеры вішні. Таму і збіраць іх няцяжка, не так, як на прысядзібных участках, дзе ягады значна меншыя, а расліны не такія ўрадлівыя і прыгожыя. Выкарыстоўваюцца для механізаванага збору парэчкі і спецыяльныя невялікія камбайны. Збіраецца ў дзень каля пяці тон. Чорная парэчка ідзе і на экспарт, яе ахвотна купляюць прыезджыя з Расійскай Федэрацыі. Мне на гэтым тыдні як раз давялося пагутарыць з камерсантамі з Масквы, якія займаліся загрузкай каштоўнага грузу. Яны вельмі задаволены якасцю нашай вітаміннай прадукцыі. У іх засталіся самыя добрыя ўражанні і ад Бераставіччыны, і ад наладжанай вытворчасці на участку «АграСад» СВП «АграМір».
Аронія таксама каштоўная культура, нават лекавая. Яна вельмі карысная для здароўя пры многіх захворваннях. Сакавітую смачную ягаду ахвотна прымаюць і на вінаробчыя заводы. Яна дае адметны натуральны колер і добры смак. Збор ароніі ў садзе пачнецца пасля збору чорнай парэчкі.
Ёсць у садзе і сапраўды далікатная ягада – рэмантантная маліна. Яна размяшчаецца на адным гектары. Гэта скарбонка вітамінаў і мінералаў. Маліна сапраўды растае ў роце, а збіраюць яе толькі ўручную. Калі параўнаць яе па памеры з лясной, дык сакавітыя ягады большыя разы ў два, а то і тры.
А ўрадлівыя яблынькі размешчаны ў садзе на сямідзесяці пяці гектарах. Догляд праводзіцца па сучасных тэхналогіях, з мінімумам апрацовак. Таму наша прадукцыя больш экалагічная.
Працуюць у садзе сапраўдныя энтузіясты. Напрыклад, садавод Галіна Більдзюк закончыла каледж у Мінскай вобласці, прыехала на Бераставіччыну па размеркаванні ў мінулым годзе. Дзяўчына гаворыць, што ёй сапраўды пашанцавала. Кожны дзень можна радавацца на такую прыгажосць, бачыць плён руплівых рук працаўнікоў, уносіць свой уклад у важную справу.
Ніна Наддэ,
фота аўтара