Яблычнае багацце СВП “АграМір”

Лента новостей

Нашым мясцовым жыхарам без яблык ніяк немагчыма, так жа, як і без бульбы. Памятаю, як у школу нам у ранцы і партфелі мамы і бабулі давалі з сабой смачныя яблыкі з уласных садоў і прысядзібных участкаў. У верасні гэта былі чырванабокія, якія доўга не захоўваліся і назву якіх я не памятаю, затым салодкія сакавітыя каштэлі, а зімой ужо і антонаўкі, якія, паляжаўшы, рабіліся вельмі смачнымі. Мы частавалі адзін аднаго, а часам і параўноўвалі, у каго яблыкі лепшыя. Гаспадыні ахвотна закатвалі з іх кампоты на зіму, пераціралі на пюрэ, сушылі. А “чарвячок” пазней ужо лічыўся своеасаблівым жывым тэстам, што яблыкі вырашчаны “без хіміі”.
Зараз у магазінах круглы год прадаецца самая разнастайная прадукцыя, шырока прадстаўлены імпарт. Іншы раз прыходзіцца здзіўляцца, як можна вырасціць такія яблыкі, вагой аж да паўкілаграма. Вядома, разнастайных апрацовак і падкормак пры гэтым бывае нямала. Каб забяспечыць насельніцтва краіны ўласнай прадукцыяй і пастаўляць яе на экспарт, тым самым умацоўваючы эканоміку рэспублікі, была прынята дзяржаўная комплексная праграма па бульбаводству, агароднінаводству і пладаводству на 2011 – 2015 гады. Не спыняюцца нашы аграрыі і далей. Бераставіччына ўносіць свой уклад у гэтую важную справу. img_7683зроблена своечасовая ўдалая стаўка на садаводства, даюць ураджай маладзенькія ўрадлівыя яблынькі. На гэтым тыдні мне чарговы раз давялося палюбавацца на прыгожыя дрэўцы культурных гатункаў, літаральна ўсыпаныя яблыкамі. Гэта сапраўднае багацце. Пад яблыні адведзена прыкладна трэцяя частка плошчаў саду.
Гатунак Беларускае салодкае прываблівае вока сваім зграбным выглядам і ёмістай трапнай назвай. Свае перавагі маюць Заслаўскае, Дарунак, Алеся, Чэмпіён і іншыя. Яблыкі ахвотна купляюць, а нашы землякі кожны год дэгустуюць іх і набываюць на традыцыйных восеньскіх кірмашах у райцэнтры.
А “апад” зараз ідзе на перапрацоўку. Мне як раз давялося пабачыць, як загружаецца машына вітамінным грузам. Вадзіцель СПП “АграМір” Сяргей Гладкі (на здымку) не толькі збіраўся выпраўляцца ў дарогу, але і ўвішна дапамагаў рабочым.
Дарэчы, вельмі цікавы лёс гэтага працаўніка. Мне не першы раз даводзіцца гутарыць з такім неардынарным чалавекам, і кожны раз здзіўляешся яго дабрыні, руплівасці, неабыякавасці. Сяргей знайшоў сябе ў мірнай працы, а быў час, калі не яблыневы сад дзівоснай прыгажосці пладаносіў вакол яго, а свісталі варожыя кулі і рваліся гранаты сярод экзатычнай прыроды ў далёкім Афганістане. Бязвусым юнаком забралі яго ў невядомую краіну выконваць інтэрнацыянальны доўг. І хаця потым гэтая чужая вайна была прызнана для Беларусі не зусім “да месца”, служыў хлопец так, каб не было сорамна. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч у адной са сваіх дакументальных кніг апісала шмат гісторый удзельнікаў той далёкай вайны. А зараз наш зямляк ад душы радуецца свайму кожнаму дню ў мірным жыцці. Вось і гэты дзень быў ва ўсіх адносінах прыемны – радавала лагоднае вераснёўскае надвор’е, лёгкі ветрык нёс белую павуцінку, а яблычнае багацце сапраўды ўражвала – і год выдаўся ўдалы, і людзі пастараліся на славу.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *