Конкурс «Юныя таленты» штогод праводзіцца сярод навучэнцаў Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў і яе філіялаў у аграгарадках Пагранічны і Вялікія Эйсманты з мэтай падтрымкі здольных вучняў, іх прафесійнай арыентацыі ў галіне музычна-выканальніцкай і мастацкай творчасці, павышэння творчага патэнцыялу настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў. Вось і ў аўторак, 2 лютага, у канцэртнай зале школы мастацтваў у чарговы раз сабраліся перспектыўныя юныя музыканты і мастакі, каб прадэманстраваць членам журы і гледачам свае творчыя ўменні і навыкі.
У гэтым годзе ў конкурсе прынялі ўдзел 59 вучняў музычнага і мастацкага аддзяленняў школы. Канкурсанты ў намінацыі «інструментальнае выканальніцтва» традыцыйна выконвалі па два рознахарактарныя творы. Навучэнцы мастацкага аддзялення загадзя рыхтавалі работы па зададзенай тэме – плакаты антытэрарыстычнага зместу.
Ацэньвала конкурсныя выступленні і мастацкія кампазіцыі камісія ў складзе дырэктара Бераставіцкай ДШМ Ірыны Баер, намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяны Алексяюк, настаўнікаў школы Аксаны Сілічэнка, Вольгі Друмя, Галіны Антоненка і Андрэя Втарушына.
Выканальніцкі ўзровень канкурсантаў быў розным. Камусьці з іх было цяжка справіцца з хваляваннем, што, канешне ж, адмоўна сказалася на выступленні. Некаторыя, наадварот, выглядалі на сцэне ўпэўнена і артыстычна.
У выніку прызавыя месцы ў намінацыі «інструментальнае выканальніцтва» сярод канкурсантаў малодшай групы занялі: навучэнец 3-га класа трамбона Ілля Казлоўскі (I месца), навучэнцы 4-га класа трубы Віктар Сідаркевіч (II месца) і класа баяна Максім Будніцкі (II месца), а таксама вучаніца 2-га класа фартэпіяна Ульяна Сулаўка (III месца).
Першае месца ў старшай групе камісія вырашыла не прысуджаць. Другое месца – у навучэнкі 7-га класа баяна Караліны Ігнатовіч, трэцяе – у навучэнкі 5-га класа домры Алёны Праведнік.
З творчасцю мастакоў можна было пазнаёміцца на выставе, арганізаванай у фае школы мастацтваў. Яна называлася «Крывое люстэрка тэрору» і складалася з 30-ці сацыяльна значных плакатаў антытэрарыстычнага зместу – тэмы надзённай і актуальнай ва ўсім свеце.
Сярод мастакоў-канкурсантаў малодшай групы лепш за ўсіх атрымалася прыдумаць і ўвасобіць на паперы вобразы, зададзеныя тэмай, першакласніку Даніле Таўстых (I месца), навучэнцы 2-га класа Алесі Рыжко (II месца), навучэнцы 3-га класа Рэнаце Чучва (II месца), а таксама першакласніцам Алісе Кандрацюк (III месца) і Лізавеце Крупа (III месца). У старшакласнікаў найбольш удалымі прызнаны плакаты пяцікласнікаў Аляксандры Крэйзы (I месца), Адама Латоша (II месца), Анастасіі Жытко (III месца), Валерыя Цярэшкі (III месца) і чацвёртакласніка Мікіты Чыкоўскага (ІІ месца).
Заахвочвальным прызам за арыгінальнасць увасаблення задумы быў адзначаны твор Аляксея Матысіка.
Усе пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.
Святлана Ганчарова, фота з архіва
Бераставіцкай ДШМ