Юныя мастакі Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў атрымалі дыпломы і падарункі

Лента новостей

02“Раёнка” паведамляла ўжо пра перамогу юных мастакоў Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў у Міжнароднай выставе-конкурсе дзіцячай творчасці “Гісторыя ў асобах” (г.Уладзімір, Расія).
Нагадаем, Марыя Кіган і Аляксей Матысік сталі ўладальнікамі Гран-пры конкурсу, Аляксандра Крэйза – дыплома ІІІ ступені, Валерый Цярэшка і Вольга Стрыга – дыпломаў за ўдзел (на здымку). На днях з Расіі ад арганізатараў конкурсу былі дасланы доўгачаканыя дыпломы. Аднак прыемнай нечаканасцю для юных мастакоў, якія занялі Гран-пры, сталі каштоўныя падарункі ад заснавальнікаў – камп’ютарныя планшэты, а таксама шкляныя статуэткі Еўфрасінні Полацкай у якасці сувеніра. Настаўнік мастацкага аддзялення Андрэй Втарушын адзначаны Падзячным лістом за таленавітую падрыхтоўку навучэнцаў да міжнароднага конкурсу.
Сталі вядомыя вынікі яшчэ аднаго міжнароднага конкурсу, у якім прымалі ўдзел навучэнцы Бераставіцкай ДШМ – у г.Бішкек (Кыргызстан). Яго назва – “Мы – нашчадкі Вялікай Перамогі”.
– У гэтым конкурсе прынялі ўдзел Ілля Матысік (3 кл.), Марыя Кіган (4 кл.), Аляксандра Крэйза (4 кл.), Кацярына Пракопік (5 кл.), Вольга Стрыга (5 кл.), – расказвае настаўнік мастацкага аддзялення Андрэй Втарушын. – Журы конкурсу разгледзела каля 1300 малюнкаў удзельнікаў 7-17 гадоў з Расіі, Беларусі, Казахстана, Узбекістана, Таджыкістана і Кыргызстана. Тэмы разнастайныя: ад партрэтаў ветэранаў да баявых дзеянняў вядомых і невядомых герояў. 47 дзяцей атрымалі прызавыя месцы. У іх ліку і Ілля Матысік, які за сваю работу на тэму “Беларусь – краіна партызанскага руху ў часы Вялікай Айчыннай вайны” адзначаны заахвочвальным месцам.
03На графічным малюнку Іллі (на здымку) адлюстраваны эпізод з баявога жыцця партызанскага атрада “Звязда”, які дзейнічаў на тэрыторыі Бераставіччыны. Абраць тэму менавіта мясцовага партызанскага руху вучню дапамог яго настаўнік. З раённай кнігі “Памяць” вядома, што за зіму 1943-1944 гадоў партызаны атрада “Звязда” на ўчастках чыгункі Гродна-Кузніца, Беласток-Ваўкавыск пусцілі пад адхон 17 нямецкіх эшэлонаў з баявой тэхнікай, знішчылі 30 кіламетраў тэлефоннай лініі сувязі праціўніка. Менавіта гэтыя факты і сталі тэмай работы юнага мастака.

Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *