Юныя даследчыкі з Масалян сталі лаўрэатамі рэспубліканскай акцыі

Лента новостей

Прыемныя навіны да нас прыйшлі з НДЦ “Зубраня”. Вучні Масалянскага ясляў-сада-базавай школы, што адпачывалі і вучыліся там у снежні разам з іншымі актыўнымі ўдзельнікамі рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, сталі лаўрэатамі ІV этапу.
Арганізатарам змены выступіла Міністэрства адукацыі, а каардынатарамі — Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства і НДЦ «Зубраня».
Як і кожная змена ў нацыянальным дзіцячым цэнтры, змена “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” — гэта рэалізацыя асобнай праграмы выхавання. Усе майстар-класы, сустрэчы, што ладзіліся падчас трох зімовых тыдняў, былі накіраваны на фарміраванне ў падрастаючага пакалення адказнасці за захаванне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны краіны. Рэалізоўвалася гэта праграма органамі дзіцячага самакіравання, дзей­насць якіх ажыццяўлялася на ўзроўнях атрада, лагера, цэнтра.
На ўзроўні атрадаў самакіраванне было прадстаўлена ў выглядзе турыстычнай фірмы са сваім дырэктарам, інфармменеджарам, спартменеджарам, артменеджарам, крэатыў-менеджарам, дзяжурным менеджарам. Самакіраванне на ўзроўні лагера ажыццяўлялася “Турыстычным холдынгам”, а на ўзроўні цэнтра — “Асацыяцыяй дзіцячых ініцыятыў”.
Падчас змены рэалізоўвалася адукацыйная праграма “Юны краязнаўца”, праводзіліся факультатыўныя заняткі на тэму “Светапогляд беларусаў у беларусазнаўстве”, што дазволіла навучэнцам азнаёміцца з паняццямі краязнаўства, музейнай справы, агратурыстычнай дзейнасці ў краіне. Праходзілі прэзентацыі творчых конкурсных работ, разнастайныя сустрэчы і майстар-класы з прадстаўнікамі Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства, Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці, Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, рэдакцыі газеты “Пераходны ўзрост”.
Адпачынак адпачынкам, вучоба вучобай, аднак самае галоўнае, дзеля чаго ўдзель­нікі акцыі сабраліся ў “Зубраняці”, — гэта канчатковае падвядзенне вынікаў конкурсаў “Бабулін куфэрак”, “Таямніцы малой радзімы”, “Родная зямля — Беларусь”, “Праз творчасць у прафесію жыцця”, “Зямля пад белымі крыламі”. Папярэднія вынікі фінальнага этапу названых конкурсаў ужо падводзіліся ў сценах вядучых устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Напрыклад, для ацэнкі творчых работ конкурсу “Таямніцы малой радзімы” ў Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаў­ства былі запрошаны вядомыя навукоўцы, педагогі дадатковай адукацыі. Яны вызначалі культурныя вартасці сабранага матэрыялу (легенды і паданні малой радзімы), даследчыя навыкі навучэнцаў, узровень і якасць работы з крыніцамі, уменне знайсці, зафіксаваць матэрыял, навукова і аналітычна прадставіць у рабоце, а таксама прапагандаваць і папулярызаваць сваю дзейнасць і якасць афармлення конкурснага матэрыялу.
Конкурс “Праз творчасць у прафесію жыцця” праводзіўся па двюх наміна­цыях: “Прызванне. Творчасць. Майстэрства” (калектыўная) і “Мой шлях да прафесіі жыцця” (індывідуальная). На яго прадстаўляліся справаздачы з матэрыялам аб жыццёвым і творчым шляху славутых людзей краю — прадстаўнікоў творчых прафесій.
Вучні Масалянскага ясляў-сада-базавай школы ў гэтай намінацыі прадстаўлялі дзве работы: “Найпрыгажэйшая жанчына ў Літве і Кароне”, прысвечаная Н.Кіцкай (аўтар Кацярына Буча, кіраўнік Г.У.Румак) і “Упарты нашчадак Багрыма і Багдановіча”, прысвечаная земляку, паэту, члену Саюза пісьменнікаў СССР І.Летку (аўтар Аляксей Масько, кіраўнік Г.У.Румак). Абедзве работы былі адзначаны высокай узнагародай: Дыпломамі І ступені.
Аляксей Масько і Анастасія Данільчык пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Галіны Уладзіміраўны Румак у суаўтарстве з былой вучаніцай Масалянскай школы Надзеяй Козел з’яўляюцца і аўтарамі работы “У пошуках зніклых Панікліц”. Праца над ёю ішла два гады. Прадстаўлялася работа ў намінацыі “Таямніцы малой радзімы”. На раённай канферэнцыі навукова-даследчых работ у г.Масты яна была адзначана дыпломам І ступені. У абласным туры работа заняла ІІ месца, у рэспубліканскім – ІV, адзначана дыпломам лаўрэата.
Вельмі прыемна, што сярод 460 таленавітых юных краязнаўцаў, эколагаў, тэхнікаў рэспублікі нашы вучні змаглі праявіць сябе і дастойна прадставіць Бераставіцкі раён. Віншуем з перамогай!

Людміла Рамашкевіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры Масалянскага ясляў-сада-базавай школы



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *