У сучаснай школе ўсё большую папулярнасць набывае навукова-даследчая дзейнасць вучняў. Зацікавіць дзяцей, «заразіць» жаданнем шукаць, вывучаць, самім пазнаваць новае, прывіваць любоў да даследаванняў і навукі — такія задачы ставяць перад сабой нашы педагогі пры арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці. Школьная навукова-практычная канферэнцыя — гэта магчымасць для вучняў не толькі праявіць сябе, але і навучыцца выступаць перад аўдыторыяй, правільна фарміраваць навуковую гаворку, патрэніравацца перад раённай канферэнцыяй.
У адзін з халодных лютаўскіх дзён дружны калектыў вучняў і педагогаў Алекшыцкай СШ сабраўся на школьную канферэнцыю пад гучнай і вобразнай назвай «Дыяменты».
Было прадстаўлена 5 работ у розных секцыях: прыродазнаўчая (біялогія, геаграфія), фізіка-матэматычная (фізіка), гуманітарная (краязнаўства), секцыя пачатковых класаў. Аўтарамі даследаванняў выступілі вучні 3, 7, 8 і 10 класаў.
Вучаніцы 3 класа Карпач Маргарыта і Янюк Алеся правялі даследаванне прыроднай крыніцы, якая знаходзіцца на лузе каля аграгарадка Алекшыцы. Разам са сваёй настаўніцай Підрушняк А.Л. яны правялі апытанне бацькоў, назіранні, здалі ваду ў лабараторыю на аналіз і атрымалі нечаканы вынік: аказалася, што вада ў гэтай крыніцы зусім не чыстая, як лічылі мясцовыя жыхары, і піць яе нельга.
Вучань 10 класа Пыжыў Раман з маладым педагогам Сідарам В.П. вырашылі даследаваць спектральныя характарыстыкі светадыёдных крыніц святла. З гэтай мэтай яны адправіліся ў лабараторыю светатэхнікі і фотаметрыі кафедры лазернай фізікі і спектраскапіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, дзе стварылі эксперыментальную ўстаноўку. З дапамогай яе праводзіліся вымярэнні спектральных характарыстык светадыёдных лямпаў, а затым быў праведзены аналіз атрыманых вынікаў. У вывадах Раман зрабіў акцэнт на перавазе светадыёдных крыніц святла перад лямпамі накальвання і люмінесцэнтнымі.
Яшчэ адзін вучань гэтага класа, Гмір Серафім, разам з вопытным даследчыкам гісторыі сваёй мясцовасці Румак Г.У. расказаў пра невядомыя раней факты біяграфіі прафесара В.М.Кавалевскага, абапіраючыся на даследаванне гісторыі 3 цэркваў, з якімі быў звязаны род Кавалеўскіх. А паклала пачатак гэтай працы выпадковая сустрэча сучаснага настаяцеля царквы ў Алекшыцах Сергія Гміра з Кавалеўскім В.Г., нашчадкам настаяцеляў царквы ў Алекшыцах. Дадзенае даследаванне — пачатак карпатлівай і цікавай працы над стварэннем радаводу Кавалеўскіх.
Вучаніца 8 класа, удзельніца аб’яднання па інтарэсах «Юныя краязнаўцы», Шумель Ганна разам са сваім кіраўніком Жлабовіч І.А. правялі даследаванне геалагічнай гісторыі Бераставіцкага раёна. Яны вывучылі геалагічную будову тэрыторыі, асаблівасці рэльефу сваёй мясцовасці, сабралі калекцыю горных парод і мінералаў. У планах працягнуць даследаванні, сабраць неабходныя дадзеныя для навучальнага дапаможніка па геаграфіі Бераставіцкага раёна.
Часам бытавыя інтарэсы і захапленні дзяцей і педагогаў аказваюцца вельмі нечаканымі, але галоўнае, што яны супадаюць і сумесная праца ў выніку прыносіць карысць. Так адбылося з Савіцкай Вольгай, вучаніцай 7 класа, і настаўнікам біялогіі Шакоць А.Ю. Назіраючы за трусамі ў прысядзібнай гаспадарцы і аналізуючы атрыманыя дадзеныя, дзяўчынка даведалася, як уплывае рацыён харчавання звяркоў на іх развіццё і размнажэнне.
Хочацца адзначыць, што задачы канферэнцыі былі выкананы. Шматлікія пытанні слухачоў, настаўнікаў і вучняў, пацвердзілі тое, што навука — «заразная» рэч, якая можа выхоўваць жаданне пазнаваць новыя яе гарызонты. Напэўна, у кожным з гледачоў падчас канферэнцыі прачнулася цікавасць да даследаванняў, а гэта значыць, што нас чакаюць новыя эксперыменты, назіранні, навуковыя працы і мерапрыемствы. Таму пажадаем нашым пачынаючым даследчыкам новых адкрыццяў, перамог і поспехаў!
Пакуль рыхтавалі матэрыял для публікацыі, з’явіліся і першыя поспехі ў нашых пачынаючых навукоўцаў. 25 лютага Гмір Серафім, Пыжыў Раман і Савіцкая Вольга прымалі ўдзел у адкрытай раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Шляхі ў навуку”, якая праводзілася ў гімназіі №1 г.Ваўкавыска. Усе нашы даследчыкі выступілі вынікова: Гмір Серафім – 1 месца, Пыжыў Раман – 2 месца, Савіцкая Вольга — 3 месца. Віншуем!!!
Валянціна Паддубіцкая, дырэктар Алекшыцкай СШ