Бераставіччына славіцца сваімі працавітымі жыхарамі, трыдыцыямі і звычаямі. Асаблівае месца ў гісторыі нашага краю займаюць разнастайныя рамёствы і промыслы. У даўнія часы шматлікія прадметы паўсядзённага хатняга ўжытку, прылады працы і вопратку нашы продкі выраблялі ўручную. Сёння гэтыя рэчы сялянскага побыту ўяўляюць сабой пэўную каштоўнасць. Гэта наша гісторыя, нашы культурныя традыцыі.
У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці назапашана цэлая калекцыя рамесных вырабаў, перададзеных у свой час мясцовымі майстрыхамі і жыхарамі раёна. Этнаграфічны збор прадметаў працягваецца і сёння, паколькі адна з місій супрацоўнікаў аддзела рамёстваў – гэта пошук і захаванне даўніх узораў традыцыйных беларускіх рамёстваў.
Найбольш запатрабаваным і распаўсюджаным відам рамяства на Бераставіччыне было, вядома ж, ткацтва. Аднак мясцовыя народныя ўмеліцы выдатна вышывалі, вязалі кручком і пруткамі, шылі. І кожны свой выраб аздаблялі не толькі прыгожымі ўзорамі і малюнкамі, але і любоўю да сваёй сям’і, да роднай прыроды і малой радзімы.
– У розныя гады ў калекцыю Дома рамёстваў трапілі вырабы майстрых з в. Плябанаўцы Марыі Кажанеўскай, Гэлены Барцэвіч, Валянціны Мікуцкай, – расказвае загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Тамара Касьян. – Гэтыя жанчыны актыўна супрацоўнічалі з мясцовымі ўстановамі культуры, удзельнічалі ў шматлікіх выставах і культурна-масавых мерапрыемствах. Іх каларытныя дываны, посцілкі, абрусы, ходнікі складаюць большасць калекцыі аддзела рамёстваў. І сёння яны актыўна выкарыстоўваюцца на экспазіцыях у якасці самастойных экспанатаў, а таксама служаць прыгожым аздабленнем выстаў сучаснай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гэтак можна сказаць і пра вышываныя ручнікі, вытанчаныя сурвэткі Антаніны Руселік з в. Куркежы, і пра вязаныя кручком сурвэткі Наталлі Шукевіч з Ашмян, якая сама родам з Бераставіцкага раёна. Надзея Тоўкач з аг. Ст. Дворац перадала нам вышытую яшчэ яе матуляй сарочку. У асноўным, гліняныя збаны, палавікі і дыванкі, ручнікі, абрусы і посцілкі, сурвэткі, адзенне і паясы, якія ёсць у нашай калекцыі, зробленыя рукамі мясцовых жыхароў і перададзены нам майстрамі для захавання ў якасці прыкладаў тых рамёстваў, якія былі распаўсюджаны на Бераставіччыне.
Жыхары Вялікай Бераставіцы, разумеючы ўнікальнасць і каштоўнасць для нашчадкаў старадаўніх узораў ручной работы, сёння таксама перадаюць у дар Дому рамёстваў рэчы, сатканыя і вышытыя іх матулямі і бабулямі. Так, вязаныя сурвэткі і фіранкі ў тэхніцы “рышылье”, вышытыя матуляй, перадала Ларыса Еўдакімава. Антаніна Шангіна прынесла для выкарыстання ў экспазіцыях абрус і дыван, створаныя матуляй і свякрухай. Валянціна Данілевіч – ручнік на іконы, посцілкі, падзоры на ложак (на здымку), якія вырабляла яе матуля Сцепаніда Фёдараўна Меляшчэня з Гомельскай вобласці, а таксама ўпрыгожанне на покуць, якое некалі вышыла сама.
Натуральны матэрыял, самабытнасць, унікальны арнамент і душа майстра – менавіта таму ручныя вырабы сёння так цэняцца і выклікаюць цікавасць у вялікага кола людзей.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара