Акрамя прыродазнаўчых і краязнаўчых экскурсій па пастаянна дзейнічаючай экспазіцыі музей Вавёркі прапануе аглядавую тэматычную экскурсію “З гісторыі Вялікай Бераставіцы” (гістарычныя і архітэктурныя помнікі). Яна карыстаецца попытам у турыстаў і знаёміць з адметнымі куточкамі нашага мястэчка. З якімі? Пра гэта раскажа маршрут экскурсіі.
• Прыпынак першы.
Царква Свяціцеля Мікалая Цудатворцы
Храм, які сёння ўпрыгожвае райцэнтр, пабудаваны ў 1868 годзе на месцы будынка драўлянай царквы па праекту архітэктара Якава Фардона. Фінансаванне будаўнічых работ прыняў на сябе тагачасны ўладальнік Бераставіцы граф Станіслаў Шчэнсны Касакоўскі, польскі дыпламат на расійскай службе, сенатар і тайны саветнік. У 1865 годзе, насупраць царквы Станіслаў Касакоўскі ахвяраваў вялізны дом для народнага вучылішча, у якім выкладалі мясцовыя святары.
У 1962 годзе быў закрыты, а царкоўная маёмасць была вывезена ў Масалянскую царкву. Зноў царква адкрылася 24 лютага 1990 года. 25 ліпеня 1995 года гарадскі пасёлак наведаў Патрыярх Маскоўскі і Ўсея Русі Алексій ІІ, які асвяціў зямлю Бераставіччыны. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю.
• Прыпынак другі.
Ратуша
Ратуша стаяла на цэнтральнай плошчы мястэчка (гандлёвай) з гандлёвымі радамі, крамамі, гасцінным дваром. Зараз на гэтым месцы размешчаны будынак раённай бібліятэкі і музычнай школы. У 1774 годзе першы паверх быў мураваны, другі драўляны. На другім паверсе знаходзіліся крамы і жыллёвыя памяшканні. Падвалы служылі гаспадарчымі сховішчамі. Шынок альбо карчма ратушы была вялікай, з драўлянымі лавамі і сталамі. Першымі ўладальнікамі будынка былі Хадкевічы.
У час Вялікай Айчыннай вайны жыхары ратушы, пераважна яўрэі, былі выселены ў гета. Будынак пуставаў, потым, калі адступалі немцы, згарэў. Рэшткі разабралі ў першыя пасляваенныя гады.
• Прыпынак трэці.
Заезны двор
Вуліца Чырвонаармейская, 10. Будынак пабудаваны ў 2-й палове XIX ст. з дрэва. Цяпер жылы дом. Заезны двор – помнік грамадзянскай архітэктуры з рысамі народнага драўлянага дойлідства.
• Прыпынак чацвёрты.
Касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі
Касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі пабудаваны на сродкі кашталяна Віленскага Гераніма Хадкевіча ў 1620 годзе. Пры касцёле працавала прыхадская школа. На месцы цяперашняга будынка гасцініцы стаяў прытулак для бяздомных. У касцёле Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі, па сведчанні польскіх гісторыкаў, было пахавана сэрца ўладальніка Бераставіцы, вядомага ваеначальніка Рэчы Паспалітай Яна Караля Хадкевіча, які нібыта закахаўся ў пакаёўку з мясцовага маёнтка.
У 1865 годзе будынак касцёла быў перададзены праваслаўным вернікам. У 1920 годзе касцёл зноў стаў каталіцкім. Працаваў да 1949 года. У сярэдзіне 1980-х рабілася спроба рэстаўрацыі касцёла. Але ў 1991 годзе адбыўся вялікі пажар, якія значна пашкодзіў будынак. Касцёл – помнік архітэктуры ранняга барока.
• Прыпынак пяты.
Мемарыял Славы
Ратушная плошча. Складаецца з брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, а таксама Сцяны памяці і смутку. Тут пахаваны 192 воіны і партызаны, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 1964 годзе на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна з аўтаматам, у 1986 годзе помнік быў рэканструяваны. Сцяна памяці і смутку ўзведзена ў 1986 годзе ў памяць аб загінуўшых земляках. На ёй увекавечаны адлітыя з металу прозвішчы 850 нашых землякоў, якія загінулі на франтах, а таксама прозвішчы партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў час Другой Сусветнай вайны.
• Прыпынак шосты.
Дрэва жыцця
Устаноўлена знагоды 500-годдзя першага ўпаміну мястэчка ў гістарычных дакументах Вялікай Бераставіцы ў верасні 2006 года. Аснову дэкаратыўнай скульптурнай кампазіцыя “Дрэва жыцця” складае ўмоўная крона дрэва з двух ствалоў, як сімвал велічнасці сілы прыроды і яе вечнасці. Кампазіцыя ўключае скульптурную выяву вавёрку і карону. Яны, як сімвалы мястэчка, адлюстраваны на нашым гербе. Аўтар “Дрэва жыцця” – вядомы беларускі скульптар Уладзімір Церабун.
• Прыпынак сёмы.
Чароўны камень
Камень з’явіўся падчас падрыхтоўкі да святкавання 500-годдзя Вялікай Бераставіцы. Вялізны валун даставілі з Магілянскіх гор, і з ім звязаны народныя легенды і паданні. Ён апавіты сімвалічнай вінаграднай ліствой.
• Прыпынак восьмы.
Бераставіцкі палац
Палац Касакоўскіх – страчаны гістарычны будынак, які належаў апошнім уладальнікам маёнтка Вялікая Бераставіца. Узведзены быў на сродкі Станіслава Казіміра Касакоўскага і перададзены ў валоданне сыну Юзэфу. Асноўныя будаўнічыя работы завершаны ў 1900 годзе. Аўтар праекта – архітэктар Юліўш Васюцінскі. У ваеннае ліхалецце, пры адступленні немцаў, палац згарэў і яго канчаткова разабралі ў першыя пасляваенныя гады. Сёння вялікая выява палаца ўпрыгожвае сцяну дома №1 па вул. Савецкая і служыць для турыстаў візуальным знаёмствам са страчанай адметнасцю мястэчка.
• Прыпынак дзявяты.
“Гарбаты” мост
У 20-30 гг. ХХ стагоддзя “гарбаты” адыгрываў не апошнюю ролю ў жыцці населенага пункта. Некалі па ім многія жыхары Бераставіцы напрасткі хадзілі ў маёнтак на працу, а тагачасная местачковая моладзь любіла сустракацца ў гэтым маляўнічым і рамантычным кутку. За мостам на левым беразе возера быў невялікі, але ўтульны парк. Праз яго ўздоўж мураванай агароджы старога касцёла сцежка выводзіла прама на Рынак – галоўную плошчу мястэчка.
• Прыпынак дзясяты.
Касцёл Праабражэння Гасподняга
Касцёл узведзены ў 1912 годзе з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтка графа Юзэфа Касакоўскага. Закрыты ў 1965 годзе, вернуты католікам у 1989 годзе, у 1990-м адрэстаўрыраваны. З’яўляецца помнікам архітэктуры неаготыкі.
Падрыхтавала Святлана Ганчарова,
фота аўтара