“Эйсмантаўскі фэст” — свята сяброўства і добрасуседства

Лента новостей

Logotip1-300x288У нядзелю, 29 чэрвеня, у аграгарадку Вялікія Эйсманты прой­дзе III фестываль польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст”. Напярэдадні мерапрыемства мы пацікавіліся, што думаюць мясцовыя жыхары пра гэта свята.

Уладзімір Янкойць, старшыня Эйсмантаўскага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі”:
– Асноўная задача фэсту – захаванне і развіццё польскіх традыцый. На рашэнне гэтай задачы і накіравана дзейнасць нашай грамадскай арганізацыі. Асаблівая роля надаецца рабоце з моладдзю, з падрастаючым пакаленнем, безумоўна, сумесна з бацькамі. Менавіта ў сям’і закладваюцца асновы выхавання дзяцей. І гэта мы бачым на прыкладзе многіх сем’яў нашага рэгіёна, у якіх захоўваюцца нацыянальныя традыцыі і абрады, падтрымліваецца любоў і павага да старэйшых членаў сям’і. Сярод іх – шматдзетныя сем’і Валерыя і Клары Латош, Станіслава і Алены Талочкаў, Івана і Марыны Радзюкевічаў, Міраслава і Наталлі Крупа, Юзэфа і Галіны Гардзей. Хочацца спадзявацца, што з гэтых сем’яў выйдуць у свет сапраўдныя, глыбокаверуючыя, працавітыя і сумленныя людзі, на якіх, дарэчы, багатая эйсмантаўская зямля. Фэст даў пачатак добрай традыцыі – сустрэчы на гасціннай эйсмантаўскай зямлі людзей, аб’яднаных агульнай задачай захавання і ўмацавання традыцый і добрасуседскіх адносін прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і веравызнання.
Зоя Красоўская, старшы дыспетчар СВК імя Варанецкага, член савета Эйсмантаўскага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі”:
– Гэта цудоўна, што ў нашым мястэчку, дзе пражывае шмат этнічных палякаў, зноў загучыць на поўную моц польская мова, акорды вытанчанага паланэза і мелодыі лірычных песень, і мы зможам акунуцца ў асаблівую атмасферу польскай культуры, у атмасферу сяброўства і добрасуседства, адчуць яднанне з блізкімі па духу людзьмі. Прыемна, што на фэст у Вялікія Эйсманты прыязджаюць шматлікія госці з розных куточкаў Бераставіччыны і Гродзеншчыны, у тым ліку і прадстаўнікі польскага консульства, абласнога аддзялення ГА “Саюз палякаў на Беларусі”, Гродзенскага аблвыканкама і Бераставіцкага райвыканкама.
Ала Станеўская, юрысконсульт СВК імя Варанецкага:
– Кожны з нас з нецярпеннем чакае лета – пары адпускоў і адпачынку. Але жыхары нашага аграгарадка чакаюць лета яшчэ і таму, што напрыканцы чэрвеня ўсіх нас традыцыйна збірае разам “Эйсмантаўскі Фэст”. Гэта свята ажыўляе наша мястэчка, напаўняе музыкай і вяселлем. Сваім майстэрствам дзеляцца творчыя калектывы і самадзейныя артысты, ладзяцца шматлікія выставы, запрашае адведаць нацыянальных польскіх страў “Заможны фальварак”. І кожны раз фэст здзіўляе нас прыемнымі сюрпрызамі і дорыць незабыўныя ўражанні.
Ганна Кулікоўская, жыхарка аг. Вялікія Эйсмонты:
– Фэст збірае аднадумцаў, зацікаўленых у захаванні польскіх традыцый і перадачы іх маладому пакаленню. Свята дае магчымасць прадэманстраваць нам свае здольнасці і таленты, і, у сваю чаргу, паглядзець на творчыя дасягненні гасцей. Пацверджанне гэтаму – выстава-кірмаш вырабаў рамеснікаў і майстроў Гродзеншчыны, рознажанравая канцэртная праграма. Лічу, што нам патрэбны такія святы, і дзякуй усім людзям, хто рыхтуе фэст і прымае ў ім удзел.
Падрыхтавала
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *