“Эйсмантаўскі фэст” збірае сяброў

Лента новостей

Адкрыты фестываль поль­скай культуры і побыту “Эй­смантаўскі фэст” у суботу 29 чэрвеня ў другі раз сабраў сяброў – усіх тых, каму цікава акунуцца ў прыгожае аўтэнтычнае мастацтва і багатую нацыянальную спадчыну па­лякаў, што пражываюць у Вялікіх Эйсмантах, “дакрануцца” да мясцовага каларыту і пабываць у атмасферы сяброўства і шчырасці, на якія багатыя тутэйшыя людзі.
Па традыцыі свята распачалося са службы ў касцёле імя Марыі і св. Яна Непамука. Яе сімвалічная назва “За яднанне народаў” і пранікнёная пропаведзь айца Мікалая задалі мерапрыемству радасны сардэчны настрой. А прысутнасць на імшы паважаных гасцей толькі падкрэсліла значнасць і важнасць фэсту ў справе захавання і ўмацавання трывалых міжнацыянальных адносінаў на Бераставіччыне і Гродзеншчыне. На свята завіталі Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў г.Гродна Анджэй Хадкевіч і супрацоўнік консульства Збігнеў Прухняк, старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Мечыслаў Лысы, начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Гро­дзенскага аблвыканкама Ігар Па­поў, старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч і яго намеснікі Сяргей Чыкун, Дзмітрый Кадрагулаў і Аляксандр Рахуба.
Цэнтр Вялікіх Эйсмантаў, які ў гэты дзень ператварыўся ў Горад майстроў, быў мнагалюдным. Народныя ўмельцы з Бераставіцкага, Мастоўскага і Зэльвенскага Дамоў рамёстваў, “Таварыства рамеснікаў” г.Баб­руйск, народнага аматарскага аб’яднання майстроў і мастакоў “Гарадзенскі каларыт” Цэнтра культуры г.Гродна прапаноўвалі свае вырабы, якія, трэба адзначыць, карысталіся попытам у мясцовых жыхароў і гасцей свята.
У фае Эйсмантаўскага Дома культуры была прадстаўлена выстава вышываных карцін Веры Лукашэвіч “Душы чароўныя ніці”, якая выклікала ў гасцей непад­робную цікавасць. Тут жа ў фае супрацоўнікамі Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы была наладжана выстава прадметаў этнаграфіі і побыту 19-20 стст. пад назвай “Спадчына без межаў”. Найбольш прыцягальным экспанатам выставы аказаўся патэфон, на якім гучалі мелодыі яшчэ з даваенных пласцінак. Шмат пазнавальнай інфармацыі можна было атрымаць на кніжна-ілюстрацыйнай экспазіцыі “Польская літаратура і мастацтва ў люстэрку сучаснасці”, падрыхтаванай супрацоўнікамі рай­бібліятэкі.
Урачыстае адкрыццё “Эйсман­таўскага фэсту” адбылося ў канцэртнай зале мясцовага До­ма культуры. Са словамі па­жа­­дання паспяховага вы­сту­п­­лення да ўдзельнікаў фесты­валю звяр­нуўся старшыня Бе­ра­ставіцкага райвыканкама Ан­­­тон Кулісевіч. З прывітальнымі сло­вамі ў адрас усіх прысутных звярнуліся таксама запрошаныя на свята ганаровыя госці.
Канцэртная праграма пра­ходзіла ў форме “шляхецкага балю”. Дарэчы, прыгожыя, багата вышытыя нацыянальныя касцюмы вядучых канцэрта Паўла Каржанеўскага і Ангеліны Гулінай былі набыты спецыяльна да гэтага мерапрыемства.
Сярод удзельнікаў фэсту – юныя наведвальнікі гуртка польскай паэзіі Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы, ансамбль Старадварэцкага сельскага Дома культуры і народнай творчасці “Верацейцы”, народны ансамбль польскай песні Макараўскага Дома нацыянальных культур “Стокроткі”, дуэт народнага ансамбля польскай песні “Красовяцы” Лідскага раённага Палаца культуры, асобныя выканаўцы Ганна і Юлія Кулікоўскія з Вялікіх Эйсмантаў, Антон Бажко з Макараўцаў, Анатолій Парманчук з Алекшыц, Алена Пастушок, Таццяна Панасюк, Алена Варонік, Андрэй Аруткін і Вераніка Хлістоўская з Вялікай Бераставіцы, Алег Залескі з Гродна. Сапраўдным упрыгожваннем фэсту стаў танцавальны ансамбль “Крэсовэ забавы” польскага Дома Лідскага раённага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”. Артысты прадэманстравалі гледачам розныя жанры польскага народнага танцавальнага мастацтва.
Праграма фэсту прадугледжвала і шэраг іншых мерапрыемстваў. Гасцінна запрашаў гасцей “Заможны фальварак”, наладжаны галоўным спонсарам фэсту – СВК імя Варанецкага, дзе пад самаробную “весялуху” можна было пачаставацца польскай нацыянальнай стравай – бігасам. Тут жа, на імправізаванай сцэне, праходзіў кан­цэрт на­вучэнцаў Эй­сман­­таўскага фі­лія­ла Бера­ста­віцкай дзі­­ця­чай школы мас­тацтваў. А самыя юныя жы­ха­ры аграгарадка ме­лі магчымасць па­­ўдзельнічаць у конкурсе дзіцячага малюнка на асфальце. Для іх, дарэчы, працавалі за­баў­ляльныя атракцыёны.
Гавораць удзельнікі свята:

Ігар Папоў, на­чаль­нік аддзела па справах рэлігій і на­цыянальнасцей Гро­дзенскага аблвыканкама:
– Сёння па праву можна сказаць, што палітра нацыянальных культурных мера­прыемстваў Гродзен­шчыны папоўнілася яш­­чэ адным прыгожым святам. У нашай воб­ласці пражывае 94 нацыянальнасці, та­му культура Гро­­дзен­шчы­ны, безумоўна, шмат­­нацыянальная. Асаб­лівае мес­ца зай­­маюць свя­ты поль­скай культуры. Іні­цыя­та­рамі і аргані­за­та­ра­мі іх з’яў­ляюцца як органы ўлады, так і ад­дзелы грамадскага аб’яднання “Саюз па­лякаў на Беларусі” на месцах. Не выключэнне і гэты фэст, падрыхтаваны суме­с­на Бе­раставіцкім райвыканкамам і Эйсман­таўскім ад­дзе­­лам грамадска­га аб’яднання “Са­юз палякаў на Беларусі”. Цудоўныя выступ­ленні ўдзельнікаў фе­с­ты­валю і ўдалая прэзентацыя розных сфер мясцовага грамадскага жыцця – лепшае сведчанне таго, што ў “Эсмантаўскага фэсту” ёсць будучыня.

Анджэй Хадкевіч, Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў г.Гродна:
– Адметны той факт, што свята польскай культуры і побыту ладзіцца пры падтрымцы органаў дзяржаўнай улады. Мне вельмі прыемна, што на Бераставіччыне не забываюць пра тое, што тут жывуць палякі і падтрымліваюць польскую меншасць рознымі сродкамі, у тым ліку і праз падобныя імпрэзы. Жадаю ўсяго добрага гэтаму мерапрыемству.

Мечыслаў Лысы, старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”:
– На фэсце я ўпершыню. Вельмі прыемна быць тут госцем. Я атрымаў шмат прыемных уражанняў, убачыў шмат выдатных выступленняў. Няхай свята жыве і развіваецца!

Антон Кулісевіч, старшыня Бераставіцкага райвыканкама:
– Хочацца спадявацца, што “Эйсмантаўскі фэст”, які праводзіцца ў сапраўднай “жамчужыне” Бераставіччыны, стаў традыцыяй і яшчэ доўгія гады будзе радаваць нас сваімі ўдзельнікамі і новымі творчымі задумкамі.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *