Шчаслівыя разам

Лента новостей

IMG_5246Штогод 15 мая адзначаецца Міжнародны дзень сям’і – дзень, у які мы яшчэ раз падкрэсліваем значэнне сям’і як важнейшага сацыяльнага інстытута, захавальніцы галоўных чалавечых каштоўнасцей, культуры і пераемнасці пакаленняў.
Шчаслівая сям’я – надзейная апора чалавека ў жыцці і сапраўднае багацце. Яе не заменіш ні грашыма, ні ўдалай кар’ерай, ні нават вернымі сябрамі.
У шчаслівай сям’і сем “я” аб’ядноўваюцца ў адно “мы”, усе радасці памнажаюцца ў сем разоў, а нягоды дзеляцца на сем. На жаль, у цяперашні час рэдка сустрэнеш сем’і, у якіх вытрымліваецца гэта цудоўная формула, усё часцей бацькі абмяжоўваюцца адным-двума дзеткамі. Але ёсць і прыемныя выключэнні, такія як сям’я Леанарда і Алены Барцэвічаў з Макараўцаў, у якой выхоўваецца восем дзяцей. Праўда, старэйшыя ўжо паціхеньку “вылятаюць” з бацькоўскага гнязда, пачынаюць самастойнае жыццё, таму і на фотаздымку іх няма. Старэйшая дачка Барцэвічаў, Юля, мае 23 гады, вывучае агратурызм у Польшчы. Малодшы на год Віталій нядаўна прыйшоў з арміі і афармляецца на службу ў Гродзенскі пагранічны атрад, а 19-гадовы Павел цяпер якраз праходзіць тэрміновую вайсковую службу. Яшчэ адна дачка, Аня, вучыцца ў Ваўкавыскім педагагічным каледжы. А вось чацвёра малодшых дзяцей пакуль што школьнікі Макараўскага ясляў-сада-сярэдняй школы: Валера займаецца ў дзявятым класе, двайняты Марына і Ірына — у сёмым, а малодшая Вікторыя – трэцякласніца.
Леанард Леанардавіч працуе механізатарам у СВК “Макараўцы”, а яго жонка, Алена Антонаўна, — кладаўшчык у мясцовай школе. Іх сямейны стаж ужо набліжаецца да 25-гадовага юбілею: у студзені яны будуць святкаваць срэбнае вяселле. Знаёмыя Барцэвічы амаль што з дзяцінства, самі родам з суседніх вёсак: Алена Антонаўна з Вішнеўкі, а Леанард Леанардавіч нарадзіўся і вырас у Ігнатавічах. Іх бацькі былі добра знаёмымі, сябравалі. Але, як кажа Алена Антонаўна, запрыкмеціла яна свайго мужа толькі пасля таго, як ён вярнуўся з арміі, тады і пачало нараджацца іх каханне, а затым і стварылася сям’я.
Аб тым, што яна будзе такой вялікай, Барцэвічы адразу не думалі, але з радасцю прынялі ўсіх дзетак, якіх ім паслаў Бог. Тым больш, што і самі яны са шматдзетных сем’яў (у бацькоў Алены Антонаўны было чацвёра дзяцей, а ў сям’і Леанарда Леанардавіча – дзесяцёра!), таму такая перспектыва іх не палохала, яны ведалі, што значыць расці ў вялікай і дружнай сям’і.
Вядома, стварыць сям’ю не цяжка, значна цяжэй яе захаваць на ўсё жыццё. Тут ужо трэба навучыцца дараваць, разумець, цярпець. І ўся сям’я Барцэвічаў кіруецца менавіта гэтымі прынцыпамі. У адносінах паміж сабою яны аддаюць перавагу ўзаемаразуменню, узаемапавазе, даверу, клопату адзін пра аднаго, а ў доме заўсёды пануе атмасфера гасціннасці, душэўнай цеплыні, добразычлівасці. Таму і дзеці, і дарослыя адчуваюць сябе тут па-сапраўднаму ўтульна і камфортна.
Вядома, няпроста выхаваць і падняць на ногі васьмёра дзяцей, але Барцэвічы не скардзяцца. Леанард Леанардавіч – чалавек працавіты, ніякай работы не баіцца. Ён кажа, што часта адыходзіць на работу, дзеці яшчэ спяць, а прыходзіць – ужо спяць. Дзеці таксама з маленства прывучаны да працы, дапамагаюць бацькам па гаспадарцы, ды і ў школе вучацца старанна, удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах. Алена Антонаўна – майстрыха на ўсе рукі, умее стварыць прыгажосць вакол сябе і вучыць гэтаму дзяцей. Дзяўчынкі Ірына і Марына разам з матуляй займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, стварылі ўжо шмат цікавых вырабаў.
У Барцэвічаў вялікі дом, тэрыторыя вакол яго таксама прыгожа добраўпарадкаваная.
З задавальненнем сям’я праводзіць вольны час разам. На выхадныя прыязджаюць старэйшыя дзеці, пры добрым надвор’і тады абавязкова арганізуюцца шашлыкі на прыродзе. Любяць Барцэвічы і падарожнічаць, пабывалі ў многіх цікавых вугалках Беларусі і за мяжой. Дарэчы, цяпер на Дзень Перамогі вазілі дзяцей на святочныя мерапрыемствы ў Брэст. Бацькі імкнуцца прывіць дзецям самыя лепшыя станоўчыя якасці,  навучыць таму, што самі ўмеюць рабіць. Яны ўпэўнены, што самае галоўнае ў выхаванні – прыклад бацькоў, таму і стараюцца гэты прыклад даваць штодзённа ў кожнай справе.
Алена Антонаўна жартуе, што неяк сказала старэйшай дачцэ, што ўжо можна было б і пра замуж падумаць, дык тая толькі адмахнулася: “Добра табе, мама, было замуж выходзіць, калі ў цябе быў тата, а вось дзе мне такога знайсці…”
На завяршэнне размовы я спытала ў Барцэвічаў, што значыць для іх сям’я. Леанард Леанардавіч адразу лаканічна адказаў: “Сям’я – гэта ўсё!” І ўсе астатнія члены сям’і згодна заківалі галовамі.
Гледзячы на іх адкрытыя, усмешлівыя твары, я зразумела, што гэта сапраўды так, што іх сямейны астравок у неспакойным віры жыцця моцна трымаецца на каханні, даверы і ўзаемападтрымцы, і яны шчаслівыя разам.

Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *