Алена ІГНАТОВІЧ, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама:
— Дзень Перамогі даў магчымасць кожнаму з нас жыць, вучыцца і працаваць у свабоднай, мірнай краіне, быць гаспадарамі свайго лёсу, грамадзянамі незалежнай дзяржавы. Ён прынёс упэўненасць у заўтрашнім дні, збярог ад жахаў вайны.
І за гэта мы вельмі ўдзячны нашым ветэранам, якія неймавернай цаной прыблізілі Перамогу і вызваленне беларускага народа. Для моладзі Бераставіччыны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны ўяўляюць сабой прыклад мужнасці і самаахвярнасці ў служэнні Бацькаўшчыне. Мы жадаем ім як мага даўжэй заставацца ў страі, трывалага здароўя, доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця пад мірным небам.
Людміла Рыгосік, бібліятэкар аддзела камплектавання і апрацоўкі кніжнага фонду Бераставіцкай ЦБС:
— 9 Мая—гэта дзень, калі мы выказваем шчырую ўдзячнасць ветэранам вайны, усім людзям старэйшага пакалення за іх гераічны – ваенны і працоўны—подзвіг на карысць Радзімы. На жаль, з кожным годам удзельнікаў тых трагічных падзей ваеннага ліхалецця застаецца ўсё менш. Калі падчас урачыстага мітынгу чую песню “Дзень Перамогі”, бачу ветэранаў з сівымі галовамі, ордэнамі і медалямі на грудзях, адразу слёзы засцілаюць вочы і ўзнікае пачуццё гонару за сваю краіну і глыбокай павагі да ўсіх, хто праліваў кроў дзеля нашага сённяшняга мірнага жыцця.
Вікторыя Кісялеўская, дырэктар Малабераставіцкай СШ:
— Паўтараючы словы вядомай песні: “Дзень Перамогі—гэта свята са слязамі на вачах”, заўсёды думаю аб тым, што яно палітае крывёю нашых дзядоў і прадзедаў. Таму, лічу, успамінаць пра гэта трэба не адзін раз на год, а памятаць заўсёды. 9 Мая – гэта напамін усім нам аб цане тых ахвяр, якія былі прынесены дзеля нашай свабоды і незалежнасці.