СВК імя Варанецкага – адна з самых паспяховых гаспадарак у раёне. Асаблівая ўвага тут надаецца жывёлагадоўлі. Гаспадарка не стаіць на месцы, вытворчасць нарошчваецца. А па меркаванні вопытнага галоўнага заатэхніка Вікенція Канстанцінавіча Адамчука, поспех у развіцці такой важнай галіны, як жывёлагадоўля, трымаецца на “чатырох кітах” – гэта сумленныя кадры, якасныя кармы, жывёла з выдатным генетычным патэнцыялам і належныя памяшканні для яе, дзе вытворчасць вядзецца па новых тэхналогіях. Калі ўсе гэтыя чатыры складаючыя ўдала спалучаюцца, вынікі будуць добрыя.
У сельгаскааператыве адказныя спецыялісты, выдатны “чалавечы фактар”, тут у дастатку нарыхтоўваюць кармы, яны адпавядаюць патрабаванням, добра раскрываецца генетычны патэнцыял жывёлы, павышаецца яе прадуктыўнасць, укладваюцца вялікія сродкі ў новабудоўлі.
Ферма “Эйсманты” па адкорме быкоў уражвае сваім сучасным і ахайным выглядам. Аб’ект агароджаны. Тут утрымліваюцца бычкі і цялушкі ўзростам ад двух месяцаў. Быкі здаюцца на мяса. Цялят будуць яшчэ дакупляць, а ўсяго на ферме змяшчаюцца каля 900 галоў. Быкоў на дарошчванні зараз 287, самых буйных – 252.
А брыгадзір гэтай фермы Генадзь Костылеў (на здымку) – расіянін, прыехаў з Кіраўскай вобласці. Родныя яго жонкі жывуць у гэтых мясцінах, таму і выбрала сям’я Беларусь. Людзі атрымалі добрае жыллё, што з’яўляецца важкім “плюсам” у нашай краіне для вяскоўцаў. Брыгадзір можа параўнаць развіццё сельскай гаспадаркі на сваёй малой радзіме і ў нас. Нарадзіўся ён у вёсцы, умее даіць карову, змалку дапамагаў маці па гаспадарцы, а з васьмі гадоў ужо і сам спрабаваў касіць сена. Пасля школы юнак паступіў вучыцца ў мясцовы тэхнікум на агранома. У 1984 годзе пачаў працаваць па сваёй спецыяльнасці ў калгасе.
— А якая тады была ўраджайнасць збожжавых? – цікава мне.
— Ураджайнасць была каля 20 – 30 цэнтнераў з гектара, — адказаў Генадзь Сяргеевіч. – Глеба там не вельмі добрая, суглінкі. Але пры Савецкім Саюзе калгас гэты быў мільянер. Пасля таго, як вялікая саюзная дзяржава перастала існаваць, усё кардынальна змянілася.
— А зараз калектыўныя гаспадаркі на Вашай радзіме ёсць? Ці там зараз ужо фермерства? – працягваю гутарку.
— Калектыўныя гаспадаркі захаваліся, але яны неперспектыўныя, такой мадэрнізацыі, як тут, там няма, — працягвае субяседнік. – Фермерства таксама не атрымала вялікага развіцця. Многія ранейшыя працаўнікі аграрнага сектару пайшлі ў бізнес.
У СВК імя Варанецкага сям’і далі трохпакаёвую кватэру. Спачатку Генадзь працаваў аграномам. Потым вырашыў перайсці ў жывёлагадоўлю. Для вяскоўца гэтая галіна не была нечым незвычайным. Як даглядаць цялят і кароў, ён ведае з дзяцінства. Да таго ж, у СВК імя Варанецкага выдатныя спецыялісты, якія працуюць у моцнай камандзе і заўсёды дапамогуць карыснай парадай. Тэхналогіі захоўваюцца. Работа ідзе зладжаным канвеерам. Калектыў добры, людзі стараюцца. Прывагі жывёлы на гэтай ферме належныя, на бычкоў прыемна паглядзець.
Мой субяседнік шчыра выказвае сваё захапленне ад нашай краіны і клопату аб аграрным сектары і людзях.
— А на радзіме бываеце? – задаю апошняе пытанне.
— Так. Апошні раз год таму быў.
— І дзе Вам больш падабаецца?
— Тут, — коратка адказаў брыгадзір.
Ніна Наддэ, фота аўтара