Чароўнае люстэрка Ісачова

Лента новостей

 

74Да 60-годдзя з дня нараджэння беларускага мастака Аляксандра Анатольевіча Ісачова (1955 – 1987) у Віцебскім мастацкім музеі была наладжана выстава яго твораў.
10 ліпеня 2015 года адбылася прэзентацыя выставы ў рамках ХХІV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. У дзвюх залах музея было прадстаўлена 35 жывапісных і графічных твораў Аляксандра Ісачова з прыватнай ка­лек­цыі Алега Арлова, які займаецца папулярызацыяй творчасці Ісачова ў Беларусі. Напрыклад, А. Арлоў выдаў самы поўны альбом-каталог “Аляксандр Ісачоў. Жывапіс. Мініяцюра. Графіка. Іканапіс” (Мн., 2007), у якім змешчана каля 500 твораў майстра з Рэчыцы.
Аляксандр Ісачоў пакінуў яркі след у беларускім мастацтве ХХ ст. На працягу свайго кароткага жыцця Ісачоў здолеў прайсці шлях ад мастака-самавучкі да еўрапейскага майстра авангарднага мастацтва. У беларускі жывапіс А. Ісачоў увайшоў як прадвеснік сюррэалізму, але сам больш займаўся фантастычным жывапісам, даследаваў колерам і алоўкам таямніцы душы чалавека. Ад гэтага жывапіс А. Ісачова набываў ярка выражаны містычна-рэлігійны характар. Асноўнай тэмай творчасці для мастака сталі культура і міфалогія старажытных народаў 2Егіпта, Грэцыі, Пярэдняй Азіі, Індыі. З палотнаў рэчыцкага майстра пільна глядзяць у нашыя вочы богі і багіні, ажываюць статуі, кубкі, амулеты са змеямі. Напрыклад, знакавай работай на выставе А.Ісачова стаў трыпціх “Магія” (1983-1985). На левай і правай частках карціны намаляваны старажытны кубак з русалкай і чаша са змеямі. Гэтыя рытуальныя рэчы сталі для мастака пачаткам магіі, ператварэнняў. Цэнтральная частка трыпціха прысвечана люстэрку – культавай рэчы магаў і чараўніц Заходняй Еўропы. Гнуткае шкло павольна цячэ з рамы і нясе ў прастору карціны сваё адлюстраванне. Дарэчы, менавіта цякучае люстэрка стала адметнай прыкметай сюррэалістычнага накірунку ў творчасці А. Ісачова. Гэта накшталт мяккага гадзінніка Сальвадора Далі. Знаёмства Ісачова з творчасцю геніяльнага іспанца адбылося ў прыватнай бібліятэцы калекцыянера Г.Міхайлава ў Ленінградзе. Тады ў 1973 – 1975 гг. малады мастак настойліва шукаў сваю тэму, вывучаў тэхналогіі жывапісу старых майстроў. І леніградскі перыяд даў свой плён: Ісачоў удзельнічае ў выставе нефармальных мастакоў.
Але вернемся на сучасную выставу ў Віцебск. Між іншым, на ёй большая частка жывапісных твораў А. Ісачова прысвечана жанчыне, яе прыгажосці, мудрасці і каханню. Гэта карціны “Мадона з дзіцём” (1979), “Ізіда. Зіма” (1982), “Нерэіда”(1981), “Нараджэнне ночы” (1987), “Еўропа” (1984). Другую частку выставы складаюць партрэты біблейскіх герояў, прарокаў, апосталаў. Менавіта яны прынеслі мастаку папулярнасць за мяжой і раскрылі яго гладкую манеру шматслойнага пісьма, якое нагадвае полымя 6свечкі. З палотнаў і малюнкаў Ісачова глядзяць на нас пранізлівым і суровым позіркам вялікіх вачэй Ісус Хрыстос (1983), Маісей (1984), цар Саламон (1985), мініяцюрны Эскулап (1982).

"Ісус Хрыстос"

5Вядома, што асноўную частку сваёй мастацкай спадчыны А.Ісачоў стварыў у горадзе Рэчыца Гомельскай вобласці. Менавіта ў рэчыцкі перыяд (1975 – 1987) адбылося сталенне А.Ісачова як майстра і да яго прыйшло народнае прызнанне. Жонка Наталля Ісачова нарадзіла яму дзяцей Яраслава і Марыю. Сын прадоўжыў справу бацькі, і карціны Яраслава Ісачова таксама можна ўбачыць у Рэчыцкім музеі. Але ўсё ж найбольш каштоўнымі лічацца творы Аляксандра Ісачова. Яму на творчы лёс выпала адзіная персанальная выстава, якая 79была адкрыта 14 лістапада 1987 года ў Рэчыцкім палацы культуры і тэхнікі. Выстава мела велізарны поспех, за 20 дзён яе наведала 20000 чалавек! Для невялікай Рэчыцы на той час гэта была сенсацыя. А для мастака — вялікае хваляванне. Бо, як вядома, у савецкі час карціны А. Ісачова былі пад забаронай, таму што яны мелі рэлігійную тэматыку і прадстаўлялі вобразы міфічных багоў. Са сваім хваляваннем мастак не справіўся. 5 снежня 1987 года, праз тры дні пасля закрыцця персанальнай выставы, Аляксандр Ісачоў памірае ў сваёй майстэрні ад сардэчнага прыступу на 33-м годзе жыцця.
3Але яго жыццё для вечнасці працягваецца ў мастацтве, у карцінах, якія экспануюцца ў Рэчыцкім краязнаўчым музеі, у прыватных зборах Расіі, Германіі, Францыі, Ізраіля, Швецыі, ЗША. Жадаючым бліжэй пазнаёміцца з біяграфіяй і творчасцю рэчыцкага мастака такую магчымасць даюць кніга Ігара Асінскага “Узыходжанне на Галгофу”(Мн., 2015) і альбом-каталог “Аляксандр Ісачоў” (Мн., 2007), якія былі прэзентаваны на віцебскай выставе А. Ісачова.
Андрэй Втарушын, настаўнік Бераставіцкай ДШМ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *