Ча­сла­ў Сайко любіць сваю справу

Лента новостей

Максім Касьян, Часлаў Іванавіч Сайко і Кірыл Люцік
Максім Касьян, Часлаў Іванавіч Сайко і Кірыл Люцік

У працоўнай кніжцы выкладчыка спецдысцыплін Бераставіцкага дзяржаўнага сельскага­спадарчага пра­фесія­нальнага ліцэя Ча­сла­ва Сайко адзін запіс. Ро­дам ён з Ваўкавыскага раёна, закончыў Беларускі інсты­тут механізацыі сельскай гаспадаркі. У 1981 годзе пачаў працаваць у тагачасным Бераставіцкім СПТВ-37. У яго была магчымасць застацца ў Мінску, уладкавацца на завод, але малады спецыяліст пажадаў быць бліжэй да маці.

На першым курсе ў той год, успамінае Часлаў Іванавіч, было аж 7 груп. А першы свой працоўны дзень малады спецыяліст пачаў з цікавай гутаркі са старэйшымі вопытнымі калегамі і наведвання ўрока. А затым і сам правёў свой першы ўрок у вучылішчы па прадмету “Трактары. Аўтамабілі”. Спадабалася яму, што многія вучні вельмі сур’ёзна ставіліся да спецыяльных прадметаў, жадалі зрабіць упэўненыя першыя крокі ў прафесію.
З той пары, як кажуць, шмат вады ўцякло. Многія навучэнцы гэтага выкладчыка працуюць у вёсках і гарадах рэспублікі, таму што прафесія электрагазазваршчыка ўніверсальная і запатрабаваная ў розных галінах народнай гаспадаркі. Калі вучань паспяхова здае экзамен, і кваліфікацыйная камісія ўпэўніцца, што ён авалодаў прафесіяй, яму прысвойваецца трэці або чацвёрты разрад. З такой кваліфікацыяй можна ўладкавацца на прэстыжнае прадпрыемства, дзе высокія зарплаты. Вядома, што нашых выпускнікоў у такія месцы бралі з іспытным тэрмінам, яны добра спраўляліся і заставаліся там працаваць. Зараз яны выдатна забяспечваюць свае сем’і, умацоўваюць прэстыж прафесіі.
Але вядома, што не ўсім хапае цярпення, каб авалодаць сакрэтамі і навыкамі такой няпростай работы. Часлаў Іванавіч стараецца зацікавіць хлопцаў. Нядаўна ў ліцэі для навучэнцаў другога курса прайшло адметнае мерапрыемства — тыдзень “Тэхналогія зварачных работ”. З таго часу, калі выкладчык упершыню пераступіў парог СПТВ – 37, прагрэс у абсталяванні і тэхналогіях значна пайшоў наперад. Усё гэта, новае і перадавое, педагог імкнецца данесці да навучэнцаў.
У першы дзень прадметнага тыдня юнакам была прадстаўлена цікавая інфармацыя па зварачным абсталяванні. Можна было даведацца пра яго тэхнічныя характарыстыкі, задаць пытанні. Потым праводзіўся конкурс па тэарэтычных ведах. Юнакам было прапанавана рашыць цікавыя красворды па гэтай тэме, якія склаў сам выкладчык, дэманстраваліся відэафільмы. Многія ўпершыню даведаліся, што бывае нават падводная зварка, і выконваюць яе “сапраўдныя асы”.
У чацвер тэорыя змянілася практыкай. Практычны конкурс праводзіўся разам з майстрам вытворчага навучання Яўгенам Масюком. У яго багаты вопыт работы, многім вучням ён перадаў сваю зацікаўленасць. А ў пятніцу адбылося падвядзенне вынікаў, прайшла выстаўка зварачных работ навучэнцаў. Гэта была сапраўдная падзея. Дэманстравалася зварка стальных пласцін. А навучэнец-другакурснік Кірыл Люцік дадаткова і якасна зварыў яшчэ і трубу. Ён і перамог у конкурсе разам з аднагрупнікам Максімам Касьянам. Ім былі ўручаны прызы.
Мне было цікава сустрэцца з пераможцамі. Адразу адчуваецца, што нягледзячы на юны ўзрост, хлопцы яны сур’ёзныя. У іх добрая перспектыва, таму што ўмельцы і энтузіясты без працы і выдатнага заробку не застануцца. А выкладчык дапаможа раскрыць ім патэнцыял.
— А бываюць “прыроджаныя зваршчыкі”? — пацікавілася.
— Бываюць, — адказаў вопытны педагог. – Так, як і ў іншых прафесіях, напрыклад, прыро­джаныя музыканты. У каго ёсць здольнасці і жаданне вучыцца, той не прападзе.
— А самі не шкадуеце, Часлаў Іванавіч, што не ўладкаваліся тады ў Мінску, былі б зараз сталічным жыхаром? – запыталася на заканчэнне гутаркі.
— Шчыра кажучы, некаторае шкадаванне трошкі і ёсць. На прэстыжным заводзе было б нядрэнна, заробкі там у разы вышэйшыя, чым у педагогаў.
— Але калі Вы бачыце плён рук старанных вучняў і Вашай адмысловай навукі, маральнае задавальненне ёсць?
— Гэта ёсць, — усміхаецца субяседнік.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *