Старэйшае пакаленне часта наракае: ах, гэтая моладзь! Вопыту і навыкаў не мае, а гатова рызыкаваць, імкнецца да нязведанага…
Але без сумнення можна сказаць, што бадай кожны сталы і вопытны чалавек ахвотна абмяняў бы ўсе свае здабыткі на гады бесклапотнай, як цяпер ужо здаецца, маладосці, якую, на жаль, назад не вярнуць.
А як адчуваюць сябе ў сучасным свеце самі маладыя людзі? Ці лёгка ім быць маладымі? – з гэтым пытаннем я звярнулася да юнакоў і дзяўчат райцэнтра.
Дар’я Галавач, выпускніца Вялікабераставіцкай СШ, 17 гадоў:
— Вядома, маладосць – цудоўная пара. Але б я не назвала яе лёгкай. Для мяне гэта вельмі адказны час. Трэба вызначыцца з будучай прафесіяй, выбраць сваю жыццёвую дарогу. І вельмі важна не памыліцца ў сваім выбары. Пакуль мы былі дома, усе праблемы дапамагалі вырашаць бацькі, а пачаўшы самастойнае жыццё, прыйдзецца больш разлічваць на свае ўласныя сілы. Складаным выпрабаваннем сталі выпускныя экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне, наперадзе яшчэ паступленне ў вуз. Добра, што ўсе гэтыя выпрабаванні дапамагаюць пераадолець юнацкі запал, энергія і вера ў лепшае будучае.
Дзмітрый Кунец, навучэнец Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, 18 гадоў:
— Я лічу, што маладым быць лёгка. Арганізм яшчэ здаровы і моцны, поўны сіл і энергіі, праблем асаблівых няма, жывеш і радуешся жыццю. Аптымізму і пазітыву ў маладых людзей хапае, дастаткова і магчымасцей рэалізаваць сябе ў розных сферах дзейнасці. Галоўнае – глядзець у будучыню з аптымізмам і не баяцца перашкод, пры жаданні яны ўсе пераадольваюцца.
Юлія Касяк, старшы дзяржаўны падатковы інспектар, 21 год:
— Маладым быць здорава! Здаецца, што ўсё можаш, усё рэалізуеш, усяго даб’-ешся. Калі ты малады, не баішся чагосьці не паспець, бо ўсё яшчэ наперадзе.
У той жа час ты ўжо сам нясеш адказнасць за свае дзеянні, і з кожным годам слоў “павінен” становіцца больш, чым “можаш”. Трэба імкнуцца заняць сваё месца ў жыцці, стварыць сям’ю, наладзіць быт. І тады пачынаеш разумець, што і ў маладых таксама абмежаваны магчымасці і рэсурсы, і не ўсё, што хацелася б, ты можаш сабе дазволіць.
Дзмітрый Канецкі, майстар вытворчага навучання Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, 20 гадоў:
— Быць маладым і лёгка, і цяжка адначасова. З аднаго боку, маладосць – самы галоўны плюс. Пакуль ты не жанаты, пакуль ні за каго не нясеш адказнасць, а толькі за сябе – то быць маладым, у прынцыпе, лёгка. Але калі пачынаеш думаць аб тым, каб пабудаваць свой дом, стварыць сям’ю, забяспечыць ёй нармальнае матэрыяльнае становішча, то разумееш, што маладому чалавеку без падтрымкі гэта вельмі цяжка зрабіць.
Ірына МІКЛАШ